Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Чырвоным касьцёле — экумэнічная малітва да 100-гадовага юбілею


Сёньня ў менскім касьцёле Сьвятых Сымона і Алены адбудзецца экумэнічная літургія з удзелам прадстаўнікоў розных рэлігійных канфэсій Беларусі. Духоўная малітва распачне трохдзённы трыдуум, прысьвечаны 100-гадоваму юбілею касьцёла, урачыстае сьвяткаваньне якога адбудзецца ў нядзелю, 21 лістапада.

Міжканфэсійная літургія распачнецца ўрачыстай працэсіяй вакол Чырвонага касьцёла а 12-й гадзіне дня. Затым у храме адбудзецца супольная малітва, паведаміла супрацоўніца Часлава Млечка:

"На гэтую малітву запрошаныя прадстаўнікі розных канфэсій: праваслаўнай царквы (Аляксандар Шымбалёў), прадстаўнік лютэранскай царквы, грэка-каталіцкай, прадстаўнік сынагогі зь Ізраілю. Наш арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе казаць уступнае слова, а ўсіх удзельнікаў будзе вітаць пробашч Уладзіслаў Завальнюк. Усё гэта будзе ўрачыста, з працэсіяй будуць заходзіць у касьцёл".

За сваю 100-гадовую гісторыю Чырвоны касьцёл зьведаў часы росквіту і заняпаду. У савецкія часу быў ператвораны ў сьвецкую ўстанову – Дом Кіно. Набажэнствы аднавіліся ў 1990 годзе.

Асаблівая пашана ў гэтыя дні і падчас экумэнічнай малітвы будзе нададзеная заснавальніку і фундарату касьцёла Эдварду Вайніловічу, кажа спадарыня Часлава:

"Такі дзеяч, як Эдвард Вайніловіч, — гэта вялікай душы чалавек, бо ён паклапаціўся, каб у цэнтры Менску стаяў касьцёл, адкрыты для людзей, для прадстаўнікоў розных канфэсій, каб паміж людзьмі не было падзелу, які ёсьць зараз. Мы будзем ушаноўваць памяць гэтага чалавека і таму рыхтуемся даўно, вядома".

Галоўнай урачыстасьці ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены папярэднічала таксама 9-дзённая малітва, якую распачалі каля 200 сьвятароў і сясьцёр законных. Шэраг публікацыяў, прысьвечаных Чырвонаму касьцёлу, надрукаваны ў розных рэлігійных выданьнях: "Дыялог", "Авэ Марыя", "Голас Душы". Гаворыць рэдактарка Натальля Сундукова:

"На сход сьвятароў і сёстраў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк падрыхтаваў некалькі паведамленьняў, і адзін з гэтых артыкулаў мы публікуем у апошнім нумары "Голасу Душы", які выйдзе ў суботу. Таксама мы друкуем некалькі артыкулаў храналягічнага характару, дзе паведамляецца, што і калі адбывалася ў касьцёле цягам мінулых ста гадоў".

Галоўная ўрачыстасьць з нагоды 100-годзьдзя касьцёла Сьвятых Сымона і Алены адбудзецца 21 лістапада. З гэтай нагоды ў сьвятыні адбудзецца ўрачыстая літургія, якую ўзначаліць Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Марцін Відавіч. Гамілію прамовіць мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. На літургію запрошаны вышэйшыя герархі зь Беларусі і замежжа, мітрапаліт Філярэт, прадстаўнікі дыпляматычных місій хрысьціянскіх краін у Беларусі, а таксама дзяржаўныя ўлады Беларусі.
XS
SM
MD
LG