Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Санкт-Пецярбурзе адбудзецца пасяджэньне савету кіраўнікоў урадаў краін Садружнасьці Незалежных Дзяржаў. У ім возьме ўдзел прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі. Удзельнікі саміту абмяркуюць падрыхтоўку дамовы аб зоне свабоднага гандлю. Яе новы варыянт можа быць падпісаны 15 красавіка ў Ялце.Таксама плянуецца пасяджэньне кіраўнікоў урадаў Мытнага саюзу — Беларусі, Казахстану і Расеі.

Напярэдадні саміту Сяргей Сідорскі заявіў, што ў Пецярбурзе прэм'еры трох краін прымуць канчатковае рашэньне адносна адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстану і Расеі. Са свайго боку расейскі прэм'ер Уладзімер Пуцін заклікаў свой урад паскорыць падрыхтоўку да ратыфікацыі дакумэнтаў, якія тычацца стварэньня адзінай эканамічнай прасторы, каб даць Беларусі магчымасьць падысьці да пытаньня аб адмове ад спагнаньня экспартнага мыта на энэрганосьбіты. І калі ратыфікацыя ўсяго пакету пагадненьняў аб стварэньні адзінай эканамічнай прасторы адбудзецца раней, то расейскі бок на гэта "адпаведным чынам адрэагуе". Уладзімер Пуцін заклікаў перамоўную каманду "даць магчымасьць беларускім партнэрам ратыфікаваць дакумэнты як мага хутчэй". Першая частка гэтых дакумэнтаў павінна запрацаваць з 1 ліпеня 2011 году, а другая з 1 студзеня 2012 году.

Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што адзіная эканамічная прастора — гэта хутчэй палітычны праект, і больш выгадны для Расеі.

"У Расеі свае мэты, і Расеі патрэбна гэтая адзіная прастора для дасягненьня сваіх мэтаў. Але эканамічнае разьвіцьцё Беларусі залежыць ад новых тэхналёгій і інвэстыцый, якія могуць прыйсьці пераважна з Захаду, а не ад Расеі. Расея зараз сама ўсё больш адстае ад разьвітых краін у тэхналягічным пляне. Калі глядзець на мэты разьвіцьця нашай эканомікі, то нам не зусім падыходзіць гэта АЭП. Нам больш падыходзіць зона свабоднага гандлю. Перад Беларусьсю падвесілі моркву. Калі Беларусь падпіша ўсе гэтыя дакумэнты і ўступіць у АЭП, то тады вы, маўляў, атрымаеце па ўнутраных цэнах Расеі нафту і газ. Расея будзе штурхаць Беларусь у гэтым напрамку. І зараз яна не адмовіцца ад такога сілавога ўзьдзеяньня на Беларусь".

Напярэдадні намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў, што кіраўнікі ўрадаў трох краін у Пецярбурзе таксама абмяркуюць тэму падвышэньня экспартнага мыта на нафтапрадукты. Паводле Шаталава, расейскі бок ужо ў сьнежні можа прыняць рашэньне падвысіць гэтае мыта. У выніку Расея перастане датаваць Беларусь на 2 мільярды даляраў у год. Адпаведнае пагадненьне аб разьмеркаваньні экспартнага мыта і аб парадку яго спагнаньня рыхтуецца пры няпростых перамовах зь Беларусьсю.

Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш мяркуе, што гэтыя саміты — ня той узровень, дзе могуць быць дасягнутыя нейкія прынцыповыя дамоўленасьці. Аднак ён не выключае, што расейскі бок можа скараціць альбо цалкам зьліквідаваць пастаўкі бязмытнай нафты для Беларусі.

"Тая льготная нафта, якую Расея пастаўляе, гэта так ці інакш у сёньняшніх юрыдычных умовах, добрая воля Расеі, але ня больш за тое. Я думаю, што ўсялякія кантракты павінны быць удасканалены напрыканцы гэтага - на пачатку наступнага году. Пакуль Расея проста ня будзе сьпяшацца цалкам вызначацца і будзе выкарыстоўваць той запас часу, які мае".
XS
SM
MD
LG