Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнім часам заходнія навукоўцы-псыхолягі ўсё часьцей зьвяртаюцца да гэтай тэмы. Францускія адмыслоўцы штуршком для сваіх дасьледаваньняў называюць вядомыя словы колішняга ізраільскага прэм’ера Голды Мэір. Заступаючы на пасаду, тая сказала: "Прага ўлады можа заглушыць любое іншае пачуцьцё".

Ці сапраўды патрэба ва ўладзе можа быць настолькі моцнай? Каб адказаць на гэтае пытаньне, псыхолягі зьвярнулі сваю ўвагу на тое, як праходзіла дзяцінства вядомых палітычных правадыроў.

"Лідэры з сындромам гіпэртрафаванага самалюбства"


Пад увагай дасьледчыкаў з унівэрсытэту Тулузы апынуліся гістарычныя асобы, якія жылі ў розныя эпохі: Нэрон, Тамерлан, Жанна д'Арк, Іван IV, Пётар I, Ленін, Гітлер, Мусаліні, Сталін, Мао, а таксама шмат хто з сучасных дзяржаўных лідэраў. З гледзішча псыхааналітыкаў, усе гэтыя асобы псыхапатычныя. Для іх характэрная фанатычнасьць, апантанасьць і адданасьць пэўнай ідэі. Роля, якую такія асобы адыгрываюць у грамадзкім жыцьці, вельмі значная. Адмыслоўцы адзначаюць: той факт, што псыхапаты настолькі запатрабаваныя грамадзтвам, сьведчыць найперш пра псыхічны стан самога грамадзтва.

Колішні міністар замежных спраў Вялікабрытаніі, лекар паводле адукацыі, лорд Дэйвід Оўэн напісаў кнігу "Ў хваробе і ва ўладзе: хваробы кіраўнікоў урадаў за апошнія 100 гадоў". У гэтай працы аналізуюцца мэдычныя праблемы дзяржаўных кіраўнікоў найноўшага часу. Аўтар адзначае, што ўсім ягоным героям уласьцівы такі псыхапатычны стан, як сындром гіпэртрафаванага самалюбства. Ён даволі распаўсюджаны ў цяперашнім соцыюме, а выклікаюць яго неадэкватнае разьвіцьцё эмацыйна-валявых рысаў характару чалавека ў дзяцінстве і раньнім юнацтве. Людзі з такім сындромам няздольныя рэагаваць на аб’ектыўную крытыку, нясхільныя раіцца зь іншымі, бо маюць вельмі высокую і нерэалістычную самаацэнку. Дапаўшы да ўлады, яны пачынаюць глядзець на сьвет амаль па-мэсіянску і перакананыя, што ведаюць правільныя адказы на ўсе пытаньні.

Менавіта таму, адзначае лорд Оўэн, любая ўлада павінна быць пад кантролем. Адзін з інструмэнтаў для гэтага — прэса. Журналісты задаюць палітыкам і дзяржаўным дзеячам пытаньні, на якія грамадзтва хоча атрымаць адказы.

"Любое патрабаваньне аб адстаўцы гэтыя лідэры трактуюць як патрабаваньне "забіць бацьку"


Тым часам калектыў францускіх псыхолягаў аўтараў кнігі "Сьветам кіруюць сіроты?" пацікавіўся, як праходзіла дзяцінства
Людзі, якія дасягнулі ўлады, апісвалі гэты стан як свайго роду росквіт, як сапраўднае шчасьце.
шэрагу палітычных правадыроў. Вучоныя прыйшлі да высновы, што ў маленстве будучыя палітычныя лідэры былі шмат чаго пазбаўленыя і адчувалі сябе неабароненымі. Прычынай магла быць страта кагосьці з бацькоў — сьмерць або сыход у іншую сям’ю. Часам у сям’і проста не было душэўнай блізкасьці. Такая сытуацыя ў далейшым фармуе жаданьне адыграцца на "несправядлівым грамадзтве". Чалавек, як правіла, мужчына, ставіць перад сабой мэту грунтоўна зьмяніць штосьці ў соцыюме і самому стаць як бы ўсіхным бацькам.

Апынуўшыся на вышэйшых прыступках улады, такія людзі проста не разумеюць, як гэта — сысьці ў адстаўку. У іхнай сьвядомасьці гэта ўсё адно, што пакінуць дзяцей бяз бацькі. Любыя размовы наконт адстаўкі яны разумеюць як патрабаваньне "забіць бацьку". Як сьведчаць навукоўцы, акурат гэтым тлумачыцца схільнасьць асобных лідэраў да паранойі.

"Улада — эўфарыя, якую немагчыма спыніць з уласнай волі"


Парыскі прафэсар-онкагематоляг, першы прэзыдэнт Францускай нацыянальнай кансультатыўна-этычнай камісіі, экспэрт у галіне хваробаў людзей улады Жан Бэрнар апісваў у сваіх кнігах эмацыйныя ўражаньні людзей, якія выйгравалі прэзыдэнцкія выбары.

"Я асабіста ведаў шмат каго з кіраўнікоў дзяржаў. Сярод іх ёсьць мае сябры. Я быў вельмі зьдзіўлены, убачыўшы, наколькі некаторыя з маіх сяброў былі шчасьлівыя, дапаўшы да ўлады. Яны апісвалі гэты стан як свайго роду росквіт, як сапраўднае шчасьце. Зразумела, шмат што залежыць ад умоў прыходу да ўлады, ад таго, якім чынам кіраўнік яе выкарыстоўвае. Аднак у тым, каб мець уладу, напэўна, ёсьць нейкая магія. Гэта як ап'яняльны наркотык, эўфарыя, якую немагчыма спыніць з уласнай волі".

Паводле прафэсара, гэтая зьява патрабуе ад лекараў больш пільнага дасьледаваньня. Варта зьвярнуць увагу на дзейнасьць гіпофізу, зьмены фізіялягічнага стану, працу органаў унутранай сэкрэцыі і г.д. Такія дасьледаваньні могуць даць свайго роду мэдычны прагноз таго, што можа здарыцца з гэтымі людзьмі, калі яны сыдуць у адстаўку, — апрача, натуральна, дэпрэсіі.
XS
SM
MD
LG