Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зоркі рэгістрацыі: адсутнасьць Лукашэнкі і кніжка Раманчука


Чаму Аляксандар Лукашэнка вырашыў ня ўдзельнічаць у цырымоніі рэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты? Хто з апазыцыйных кандыдатаў здолеў найбольш ярка і ўдала выкарыстаць гэты момант для свайго піяру, выказваньня сваёй пазыцыі? Хто хто-небудзь выступіў адметна? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і кіраўнік інтэрнэт-праекту «Мы» Кірыл Пазьняк.

Аляксандар Класкоўскі
Кірыла Пазьняк
Віталь Цыганкоў

«Рэжысэр, як вядома, на сцэну не выходзіць, яму там няма чаго рабіць»


Цыганкоў: Чаму Аляксандар Лукашэнка вырашыў ігнараваць гэтую цырымонію? Як ужо выказваюцца некаторыя, пабаяўся сустрэцца з канкурэнтамі, ці, наадварот, вырашыў, што яму ня варта ўдзельнічаць у гэтай «масоўцы»? Паказаў, што ён стаіць па-над усімі астатнімі…

Класкоўскі: Я паглядзеў, што ў інтэрнэце ўжо гуляе мэтафара, што падчас рэгістрацыі былі 9 актораў і адзін рэжысэр. Дык вось, рэжысэр, як вядома, на сцэну не выходзіць, яму там няма чаго рабіць.

Калі казаць болей сур’ёзна, то сапраўды, у Лукашэнкі засталіся ня вельмі прыемныя ўражаньні ад рэгістрацыі ў 2006 годзе. У прыватнасьці, ён твар у твар сутыкнуўся з Аляксандрам Казуліным, які тады праводзіў кампанію вельмі рэзка і радыкальна. Тады кіраўнік Беларусі пачуў на свой адрас шмат непрыемных словаў, пры гэтым цырымонія вымагала ад яго моўчкі ўсё гэта слухаць. Натуральна, што паўтарэньня такіх інцыдэнтаў Лукашэнка не хацеў.

Другі момант — гэта традыцыйны піяр-прыём, калі робіцца зьніжэньне статусу канкурэнтаў. Сваёй адсутнасьцю, тым, што ён «вядзе плянавую працу», як сказаў Радзькоў, афіцыйны кіраўнік падкрэсьлівае, што гэтая мітусьлівая абойма канкурэнтаў яму ня роўня. Маўляў, яны толькі балбочуць, а я працую. І такім чынам улада хоча падкрэсьліць, што сур’ёзных праціўнікаў дзейнаму лідэру няма.

Пазьняк: З пазыцыі сілы, з пазыцыі рэйтынгу палітык можа сябе так паводзіць. Мы бачым, як Саньнікаў зь Някляевым самавылучаюцца на тле астатніх кандыдатаў.

Гэта сапраўды было інтрыгай гэтай цырымоніі: ці прыйдзе Лукашэнка? Мне падаецца, што ягоныя канкурэнты плянавалі сцэнары сваіх выступаў у залежнасьці ад таго, ці прыйдзе кіраўнік дзяржавы. І паколькі ён не прыйшоў, то іхнія прамовы былі досыць нецікавымі.

Адсутнасьць Лукашэнкі на цырымоніі — гэта лягічны працяг таго, як ён выбудоўвае сваю гэтую кампанію, як ён трымаецца адасоблена ад іншых кандыдатаў. Маўляў, ёсьць стракатая масоўка, а ёсьць калі не рэжысэр, дык галоўны актор, прыма. Да электарату такім чынам спускаюцца дзьве ўстаноўкі: што Лукашэнка працаголік, і ў яго няма часу на выбары, і што вынікі выбараў перадвызначаныя, таму асаблівы ўдзел Лукашэнкі ў кампаніі і не патрэбны.
Адсутнасьць на цырымоніі Някляева і Рымашэўскага якраз выглядае як мінус.

На гэтым фоне адсутнасьць на цырымоніі Някляева і Рымашэўскага якраз выглядае як мінус. Бо калі прычына адсутнасьці Лукашэнкі — гэта праца, то іхняя прычына — замежныя паездкі. А як мы ведаем, «сноўданьне па замежжы» якраз адзін з закідаў апазыцыянэрам з боку іхняга ж электарату.

«„Другога Казуліна“ падчас гэтай выбарчай кампаніі, найхутчэй, ня будзе»


Цыганкоў: Як выглядалі апазыцыйныя кандыдаты на гэтай цырымоніі? Хто зь іх здолеў найбольш ярка і ўдала выкарыстаць гэты момант для свайго піяру, выказваньня сваёй пазыцыі? Ці запомніўся выступ каго-небудзь зь іх?

Класкоўскі: Мяркую, што ньюсмэйкерам нумар адзін стаў Яраслаў Раманчук, бо ён свой выступ пабудаваў крэатыўна. Ён ня стаў паўтараць нейкія лёзунгі з улётак, а падарыў спадарыні Ярмошынай альбом пра Парыж. Бо вядома яе выказваньне, што яна хацела б пасядзець у парыскім кафэ з томікам Хэмінгуэя. А тут намёк быў такі: паколькі Ярмошына невыяздная, то няхай правядзе дэмакратычна выбары, тады і трапіць у свой Парыж.

Плюс Раманчук паставіў і даволі практычнае пытаньне: ён зьвярнуў увагу, што трэба пусьціць усіх кандыдатаў у прэзыдэнты на Ўсебеларускі Сход.

Цыганкоў: А выступ Андрэя Саньнікава, які нагадаў пра зьніклых палітыкаў і прапанаваў ушанаваць іхнюю памяць хвілінай маўчаньня?

Класкоўскі: Трэба адзначыць грамадзянскую сьмеласьць спадара Саньнікава. Але тут паўстае пытаньне пра тое, што можа зачапіць абываталя —праклямаваньне нейкіх палымяных тэзісаў альбо больш крэатыўны падыход.

Цыганкоў: Кірыл, хто з апазыцыйных кандыдатаў можа запісаць у актыў цырымонію рэгістрацыю?

Пазьняк: Я б адзначыў, што ўсе кандыдаты выявілі пэўную ветлівасьць — і гэта азначае, што «другога Казуліна» падчас гэтай выбарчай кампаніі, найхутчэй, ня будзе.

Што тычыцца заяваў Саньнікава, то ён і астатнія кандыдаты, проста яшчэ раз акцэнтавалі свае пазыцыі. У прыватнасьці, прадстаўнік Някляева Лявонаў казаў пра тое, што ў Новым годзе будзе новы прэзыдэнт, прадстаўнік Рымашэўскага Севярынец казаў пра хрысьціянскія каштоўнасьці, Міхалевіч адзначыў пэўную дэмакратызацыю, працягваючы ствараць сябе імідж памяркоўнага апазыцыянэра.

Але, пагаджуся са спадаром Класкоўскім, самым кідкім піяр-ходам быў падарунак Раманчука Ярмошынай альбому пра Парыж.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG