Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі мастацкі дэсант у Вільні


Ігар Саўчанка,зь нізкі пазытыўных фотаадбіткаў "Зіма 2008-2009", 2009

Ігар Саўчанка,зь нізкі пазытыўных фотаадбіткаў "Зіма 2008-2009", 2009

Сёньня ў Вільні, у галоўнай выставачнай залі, у Цэнтры сучаснага мастацтва, што пры вуліцы Нямецкай (Vokiečiu, 2) адкрылася выстава "Дзьверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёньня". Пра выставу расказвае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Насамрэч, культурны абмен паміж Літвой і Беларусьсю ў апошнія гады стаў вельмі інтэнсіўным, але са сваёй тутэйшай спэцыфікай, з-за сёньняшняй палітычнай сытуацыі ў Беларусі. З аднаго боку – у Вільні і ў Менску праводзіліся і праводзяцца ладныя афіцыйныя выставы на міждзяржаўным узроўні, а зь іншага – навязалася безьліч прыватных сяброўскіх і творчых кантактаў па-за афіцыёзам, незалежныя мастакі зь беларускага андэрграўнду – частыя госьці ў Літве. Паўсядзённая рэальнасьць Беларусі накладае істотныя абмежаваньні, як палітычныя, так і фінансавыя, на нашых мастакоў. Літоўскім і беларускім творцам цікава сустракацца. А таму ў Беларусі мастацтва застаецца надзвычай актуальным, свабодным, змушаючы мастакоў пашыраць свае далягляды, вынаходзіць найноўшыя формы, прыдумляць уласную мастакоўскую мову, багатую на мэтафары ды іншасказы.

Выстава "Дзьверы адчыняюцца? Беларускае мастацтва сёньня" – самая маштабная прэзэнтацыя беларускіх сучасных мастакоў у Літве. На ёй дэманструюцца працы мастакоў, якія жывуць і працуюць у Беларусі, а таксама беларусаў, што жывуць за мяжой.

У экспазыцыі прадстаўленыя творы Артура Клінава, Аляксандр Камарова, Аляксандра Караблёва, Аляксея Лунёва, Ігара Саўчанкі, Максіма Тымінько, Руслана Вашкевіча, Алега Юшка, Уладзімера Цэсьлера і Сяргея Войчанкі, дзьвюх арт-групаў "Пазытыўныя дзеяньні і "Беларускі клімат" ды тузіну іншых аўтараў, як вельмі вядомых у сьвеце, гэтак і зусім маладых...

Тут разнастайна прадстаўленыя самыя розныя тэхнікі, віды і жанры найноўшага мастацтва ад фатаграфіяў да інсталяцыяў. Гэта своеасаблівы адказ незалежных творцаў на афіцыёзную выставу "Зямля пад белымі крыламі", што яшчэ праходзіць у Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі. А праект беларускіх мастакоў у Вільні дае магчымасьць беларусам зірнуць на сваё мастацтва збоку, па-за рамкамі звычайных абмежаваньняў.

Большасьць прадстаўленых у праекце працаў так ці інакш закранаюць праблемы беларускага грамадзтва і яго цяперашнія клопаты, аднак толькі некаторыя мастакі вырашаюцца адкрыта згадваць рэчы, якія звычайна замоўчваюцца, то бок, неяк прыадчыніць дзьверы. Гэта насамрэч, унікальная магчымасьць паглядзець, як выглядае насамрэч сучаснае, жывое беларускае мастацтва нашых дзён.

Абедзьве паловы беларускай мастацкай супольнасьці, што йснуе па розныя бакі Буга, прэзэнтуюцца ў рамках аднаго праекту не ўпершыню, але важным момантам ёсьць тое, што гэтым разам гэта адбываецца максымальна блізка да Менску, у любай Вільні. Нашыя мастакі, якія жывуць на Захадзе, рэгулярна наведваюць Беларусь, але ім рэдка выпадае прадставіць свае творы належным чынам на Бацькаўшчыне. У гэтым кантэксьце віленскі праект, што ажыцьцяўляецца ў краіне Эўразьвязу, за колькі кілямэтраў ад мяжы Беларусі, становіцца месцам унікальных сустрэчаў. Віленскіх сустрэчаў. Тутсама пройдзе канфэрэнцыя, круглы стол і прэзэнтацыя паасобных праектаў.

Гэты вялікі фэст мастацтва Беларусі ў Вільні быў зладжаны віленскім Цэнтрам сучаснага мастацтва супольна з Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэтам, пры падтрымцы ўраду Літвы і Швэдзкага агенцтва міжнароднага разьвіцьця.

Ігар Пашахонаў, "Жалезабэтон: матэрыя памяці", фатаграфічны адбітак, 2009

Аляксей Шынкарэнка, паляроід зь нізкі "Беларуская фактаграфія", 2007-2010

Артур Клінаў, фота зь нізкі "Горад СОНца", 2002-2007
XS
SM
MD
LG