Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Учора ў Бэльгіі памёр Янка Жучка, відны прадстаўнік пасьляваеннай хвалі беларускай эміграцыі на Захадзе, вялікі патрыёт Беларусі і цудоўны чалавек.

Мне пашчасьціла быць асабіста знаёмым са спадаром Жучкам. Спачатку мы пазнаёміліся завочна, лістуючыся адзін з адным у справе кніжкі пра Беларускую гімназію імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне, якую я пачаў пісаць у Нью-Ёрку і скончыў дапісваць у Беластоку ў першай палове 1990-х. Янка Жучка быў выпускніком гэтай гімназіі, а значыць, адным з герояў маёй кніжкі.

Потым мы зь ім сустрэліся асабіста, летам 1997 году, калі мы з жонкай выбраліся ў першую нашую паездку па Эўропе. Мы плянавалі, што наведаем Люксэмбург і Бэльгію, пераправімся нейкім паромам у Англію, а потым, як Бог дасьць, можа і ў Дублін, каб папіць ірляндзкага піва ў адным пабе, у якім бываў і Джэймс Джойс, і Леапольд Блюм. Грошай нам хапіла толькі на Люксэмбург і Бэльгію.

Спадар Жучка сустрэў нас на вакзале ў Брусэлі і дапамог уладкавацца ў невялікім гатэлі. Ад яго мы дазналіся, што ў Брусэлі чужаземцу лепш адзывацца па-француску, чым па-нідэрляндзку, таму што францускамоўныя валёнцы зь нідэрляндзкамоўнымі флямандцамі ня вельмі ладзяць. Калі нарвацца зь нідэрляндзкай мовай на нейкага зацятага францускамоўнага, можна і не дагаварыцца. Гэта мяне крыху засмуціла, бо мая француская мова была вельмі кульгавенькая, а па-нідэрляндзку, прынамсі ў той час і ў элемэнтарным абсягу турыстычных тэмаў, я гаварыў больш-менш разборліва. Наш гатэль належаў францускамоўным бэльгійцам.

Сам Янка Жучка быў паліглётам. Ягонае паліглёцтва было прадыктаванае ягоным жыцьцёвым лёсам.

Янка Жучка нарадзіўся ў вёсцы Лучыны Нясьвіскага павету Наваградзкага ваяводзтва даваеннай Польшчы (цяпер Клецкі раён Менскай вобласьці). Як шмат каму зь ягонага пакаленьня, яму часта даводзілася мяняць школы. Ён скончыў 6 клясаў пад Польшчай, потым яго прынялі ў пятую клясу савецкай школы, пад нямецкай акупацыяй ён вучыўся ў сярэдняй тэхнічнай школе ў Клецку, дзе дзейнічаў у Саюзе беларускай моладзі. У 1944 ён выехаў у Нямеччыну.

Пасьля заканчэньня вайны Янка Жучка зарэгістраваўся ў лягеры перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу і паступіў у тамтэйшую Беларускую гімназію, якой кіраваў доктар Аляксандар Орса. Атэстат сталасьці Янка Жучка атрымаў у 1947 годзе, разам з выпускам, у якім былі Янка Запруднік, Кастусь Вайцяхоўскі, Юзэфа Брэчка, Натальля Куліковіч, Уладзімер Цьвірка, Васіль Шчэцька. Пасьля гімназіі Жучка здаў экзамэн у нямецкую вышэйшую тэхнічную вучэльню ў Карлсруэ, але з прычыны вычарпанай квоты для перамешчаных асобаў вучыцца там ня стаў. У 1948 годзе, разам зь сябрамі з Гімназіі, ён выехаў падзарабіць крыху граша ў вугальных шахтах у Англіі (гэты эпізод беларускага эмігранцкага жыцьця вычарпальна апісаў доктар Янка Запруднік у сваёй кніжцы пра гісторыю гэтак званай "Дванаццаткі").

У 1950 Янка Жучка атрымаў стыпэндыю на вучобу ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі (у гарадку Лювэн побач з Брусэлем), дзе паступіў на палітэхнічны факультэт і закончыў яго з дыплёмам інжынэра-будаўніка. А потым Янка Жучка стаў спэцыялістам у галіне сталёвых канструкцый эўрапейскага маштабу. У 1968-85 гг. ён працаваў у рэдакцыі міжнароднага спэцыялізаванага часопісу "Acier-Stahl-Steel", прысьвечанага выкарыстаньню сталі ў будаўніцве – спачатку як тэхнічны, а потым як галоўны рэдактар.

І ўвесь час ён быў актыўны ў жыцьці беларускай дыяспары на Захадзе – як радны БНР, як сябра Саюзу беларусаў у Бэльгіі, як супрацоўнік газэты "Беларус".

Калі мы зь ім сустрэліся ў Брусэлі ў 1997 годзе, ён ужо быў на пэнсіі. Але, як мне неаднаразова даводзілася канстатаваць у адносінах да эмігрантаў-беларусаў зь ягонага пакаленьня, ён быў чалавекам надзвычай жыцьцярадасным ды фізычна і інтэлектуальна актыўным. Ён ахвяраваўся звазіць нас з жонкай з Брусэлю ў Бруге, і па дарозе, калі мы завязьлі ў нейкім гіганцкім заторы на аўтастрадзе, ён дакладна нам распавёў, як будуецца аўтастрада і як ён прабіваў у Эўропе ідэю, каб ставіць ветраадводы ўздоўж аўтастрадаў якраз са сталі, а ня зь нейкага іншага матэрыялу.

А потым, пахадзіўшы па вузкіх вулачках Бруге і ўздоўж шматлікіх каналаў "Вэнэцыі Поўначы", як некаторыя яшчэ называюць гэты горад, мы пасядзелі са спадаром Жучкам і ягоным сябруком Аляксеем Арэшкам, таксама эмігрантам, над знакамітым бэльгійскім півам, узгадваючы таго ці іншага знаёмца зь іхнай маладосьці, які патрапіў у маю кніжку пра Беларускую гімназію імя Янкі Купалы.

У мяне тады былі яшчэ пляны працягваць свой досьлед беларускай эміграцыі, і я дамаўляўся са спадаром Жучкам, што праз паўгода ці год я стану пісаць яму і пытацца пра розныя аспэкты жыцьця беларускай дыяспары ў Бэльгіі. "Пішыце, не адкладвайце, пакуль я яшчэ жывы", – казаў тады спадар Жучка. Але лёс распарадзіўся такім чынам, што я яму так і не напісаў, ні праз год, ні праз 10.

Янка Жучка, Галіна Максімюк і Аляксей Арэшка, 1997

Ян Максімюк і Янка Жучка. 1997

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG