Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Адной з таямніцаў нашай гісторыі зьяўляецца месца пахаваньня князя Ўсяслава Чарадзея. Што Вы ведаеце пра пошукі ягонай магілы? Ці магчыма яе знайсьці?

Браты Груманьдзі

Калісьці нас імкнуліся пераканаць, што ў гісторыі ўсё вырашаюць народныя масы. Пры вялікай павазе й любові да іх трэба прызнаць, што гісторыю робяць усё ж ня гэтыя масы, але асобы, якіх масы — на шчасьце альбо на гора сабе — нараджаюць у сваіх нетрах. Вазьміце ў рукі тэлепульт, і перад вамі паўстануць жывыя прыклады.

Найзнакаміцейшага ў дынастыі Рагвалодавічаў, вялікага князя полацкага Ўсяслава Брачыславіча, ня менш вядомага як Чарадзей, у тэлевізары не паказвалі, але ён, бясспрэчна, належыць да творцаў гісторыі. Тысячу гадоў таму ягоная дзейнасьць была скіраваная не на варагаваньне з Кіевам і Ноўгарадам, як камусьці, магчыма, здаецца, а на кансалідацыю нашых старажытных земляў.

У 1097 годзе ўсходнеславянскія князі сабраліся ў Любечы, каб дзяліць "Рускую зямлю". На зьезьдзе не было ні Ўсяслава, ні ягоных шасьцярых сыноў. Рагвалодавічы свае абшары да той зямлі не прылічалі.

Калі верыць "Слову пра паход Ігараў", славуты Баян склаў Усяславу такую прыказку:

Ні хітраму,
ні спрытнаму,
ні чарадзею дасьціпнаму
суду Божага не мінуць.

Час суду надышоў у 1101 годзе. Значнасьць асобы "падсуднага" ў славянскім сьвеце падкрэсьліваюць неверагодна дакладныя запісы ў летапісах: "Спачыў навекі Ўсяслаў, князь полацкі, месяца красавіка, на чатырнаццаты дзень, а дзявятай гадзіне дня, у сераду".

Чарадзея, безумоўна, хавалі ў Полацку. Але дзе? Пакуль што адказу няма.

Лёгіка падказвае, што месцам апошняга прыстанку ўладара мог стаць збудаваны на яго загад Сафійскі сабор, што быў сэрцам Полацкай дзяржавы. Аднак храм шмат перажыў: цярпеў ад войнаў, гарэў, перабудоваўся, узрываўся салдатамі Пятра І, аднаўляўся ўжо ў знаёмым нам сёньня абліччы помніка віленскага барока. Ні ў мурах Сафійкі, ні каля іх Чарадзеевага пахаваньня археолягі не знайшлі.

Сучасны гісторык, аўтар толькі што выдадзенай кнігі "Полацак і палачане (IX—XVIII стст.)" Дзяніс Дук мяркуе, што парэшткі Ўсяслава Брачыславіча маглі спачываць і ў царкве-пахавальні ХІІ стагодзьдзя на стрэлцы Ніжняга замку. Сёньня на месцы храма — прыватная сядзіба. Праводзячы там у 1970-я гады раскопкі, расейскі навуковец Павел Рапапорт знайшоў фрагмэнты каменнага саркафагу (цяпер у фондах Полацкага гістарычна-культурнага запаведніка), у якім Чарадзей мог сапраўды адплысьці ў Вечнасьць.

Мае поўнае права на існаваньне й іншая вэрсія — пахаваньне ў адным з храмаў Бельчыцкага манастыра на левабярэжжы Дзьвіны, каля сутоку зь ёю рэчкі Бяльчанкі.

Пры самым канцы ХІ стагодзьдзя ніякім аўтарытарызмам у Полацку і ня тхнула. Веча набрала такую сілу, што ёсьць падставы казаць пра своеасаблівую баярска-вечавую рэспубліку, дзе ўлада належала вядомым зь летапісаў трыццаці "мужам" — своеасабліваму, перапрашаю за мадэрнізацыю, савету рэспублікі, але з рэальнай уладай. Князі жылі ня ў хораме каля сафійскіх муроў, як раней, а менавіта ў Бельчыцкай загараднай рэзыдэнцыі, адкуль іх зручней было выпраўляць прочкі, пазбаўляючы ўлады. Пераплывае дэлегацыя "парламэнтарыяў" Дзьвіну і абвяшчае князю: скончылася твая легітымнасьць, на выхад! (Усебеларускаму народнаму сходу такія паўнамоцтвы і ня сьніліся.)

Старэйшы Чарадзееў сын Барыс, як і іншыя Ўсяславічы, быў пахаваны, відаць, акурат у Бельчыцах, а дакладней — у Пятніцкай царкве, дзе існавала крыпта. У 1920-я гады вучоныя яшчэ захапляліся цудоўнымі фрэскамі Барысаглебаўскага храму. Аднак уладам не хапала матэрыялаў на пабудову "новой счастливой жизни"... Месца, дзе некалі спачывалі Рагвалодавічы, у нашыя дні вам не заўсёды здолее паказаць і адмысловец. Падмуркі аднаго з старажытных храмаў наагул закатаныя пад асфальт.

Магчыма, калі-небудзь дарасьцем да нацыянальнага пантэону і будзем мець, прынамсі, сымбалічную магілу Чарадзея. А пакуль суцяшаемся тым, што князь вярнуўся ў сваю сталіцу ў бронзе. Праўда, каня ягонага спынілі насупроць піўбару, які, у адрозьненьне ад Сафіі, Усяслаў Брачыславіч не будаваў. Ды яшчэ мясцовыя праваслаўныя ідэолягі ў рызах забаранілі называць яго Чарадзеем (маўляў, "всякие чудеса от лукавого"), у выніку чаго дылетанцкі надпіс на помніку зрабіўся яшчэ больш, далікатна кажучы, недасканалым.

Цікава, а ці памаліліся б гэтыя сьвятыя айцы на магіле Ўсяслава, калі б яна знайшлася? Ці мо занатурыліся б: занадта сумнеўная асоба? Да прыкладу, ня мог ён званы полацкай Сафіі ў Кіеве чуць. Увогуле, найперш маскоўскія званы трэба слухаць. Ды толькі тады яшчэ Масквы на сьвеце не было...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG