Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзэнтуецца вершаваная гісторыя Беларусі


«Шлях. Твары, думкі, галасы. Рыфмаваная гісторыя ў адценьнях беларускага духу». Так называецца кніга гісторыка Сяргея Кавалёва, якая 18 лістапада будзе прэзэнтавацца ў Менску ў сядзібе Таварыства беларускай мовы.

Кандыдат гістарычных навук Сяргей Кавалёў — ураджэнец Віцебску. Ён працаваў выкладчыкам у Тэхналягічным унівэрсытэце, але за свае дэмакратычныя погляды быў звольнены. Цяжка хворы, ён усе свае сілы скіраваў на стварэньне рыфмаванай гісторыі Радзімы. Пабачыць свой твор яму ня лёсіла — сем гадоў таму аўтар памёр у дзень свайго пяцідзесяцігодзьдзя.

Ягоная кніга пад назовам «Шлях. Твары, думкі, галасы. Рыфмаваная гісторыя ў адценьнях беларускага духу» выйшла сёлета ў выдавецтве «Кнігазбор» накладам 100 асобнікаў на сродкі сваякоў аўтара. Прадмову да яе напісаў Уладзімір Арлоў, які быў аднакурсьнікам Кавалёва на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Ён згадвае.

“Напэўна, сэнс чалавечага жыцьця ў тым, каб як мага хутчэй зразумець сваю ролю на гэтым сьвеце, зьліцца з ёю, выканаць яе. У Сяргея шлях да гэтага разуменьня быў дастаткова пакручасты. Калі мы ўжо гаварылі па-беларуску, калі мы ўжо мелі Радзіму, ён глядзеў на нас крыху іранічна. Але потым ён непазьбежна, я кажу непазьбежна, таму што ён быў гісторык па адукацыі, таксама прыйшоў да ўсьведамленьня сябе беларусам, ён знайшоў сваю Радзіму, і ён пасьпеў прысьвяціць сваёй Радзіме, яе гісторыі кнігу свайго жыцьця”.

У прэзэнтацыі бяруць удзел сябры і аднакурсьнікі аўтара, ягоная ўдава Ніна Кавалёва, а таксама саліст гурту «Стары Ольса» майстар і музыка Алесь Чумакоў. Пачатак а 17 гадзіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG