Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Трэба выбраць любога, каб толькі ня стала Лукашэнкі, а далей пабачым…”


Хто на вашую думку, мог бы замяніць Аляксандра Лукашэнку на пасадзе прэзыдэнта? З такім пытаньнем наш карэспандэнт зьвяртаўся да гарадзенцаў.



Спадарыня: «Усе маглі б яго замяніць. Таму што для мяне лепш любы іншы чалавек, чым ён. Ён трымаецца за ўладу і ані з кім ня хоча ёю дзяліцца. Гэта нешта нездаровае, калі так чалавек трымаецца за ўладу».

Спадар: «Мая думка, што Лукашэнка сваё адпрацаваў, і гэтаму дыктатару, які да добрага не прывядзе, пара ісьці ў адстаўку. Яго мог бы замяніць той самы Андрэй Саньнікаў, які цяпер балятуецца ў прэзыдэнты. Трэба выбраць любога, толькі каб ня стала Лукашэнкі, а далей пабачым. Я працую на вытворчасьці, і тая сыстэма працоўных дамоваў, якую ён зрабіў, гэта сапраўднае прыгоннае права».

Спадар: «Я, да прыкладу, такіх ня чуў і ня бачыў. Па-мойму, яшчэ рана яго мяняць, пакуль яшчэ ў нас няма ніякіх праблемаў».

Хлопец: «Я лічу, што нармальна і так. Я цяпер вучуся ў двух вышэйшых навучальных установах, маю стыпэндыю, мае бацькі маюць працу, і мне гэтага дастаткова. Хачу спакойнага жыцьця, каб не было вайны».

Спадар: «Ды любы яго можа замяніць! Хопіць, ён ужо сябе паказаў як прэзыдэнт: з чым прыйшоў, з тым і адышоў. Думаю, пара Някляеў-Саньнікаў магла б яго замяніць, ёсьць да іх давер».

Спадарыня: «Ягоны прэм’ер-міністар Сідорскі мог бы яго замяніць, ён выклікае давер».

Спадарыня: «Крыўдна тое, што я нікога ня ведаю, хто мог бы замяніць, няма нават СМІ, каб недзе хоць нешта пра каго пачытаць. А вельмі б хацелася гэтага, хаця б для параўнаньня, каб проста паглядзець. Мы прызвычаіліся, што ў нас адно і тое ж, ведаем, што ёсьць так, а на наступны год будзе інакш».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG