Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў на прэзыдэнта, якая прызначаная на 12 гадзін дня, афіцыйна пачнецца агітацыйная кампанія. Але як высьветлілі нашыя карэспандэнты, у штабах апазыцыйных кандыдатаў яшчэ ня маюць дакладных плянаў агітацыйнай працы ў рэгіёнах.


ВІЦЕБШЧЫНА


Плянаваная першая сустрэча — 24 лістапада зь Мікалаем Статкевічам


На поўначы Беларусі Віцебск, Полацак, Наваполацак, Ворша і Глыбокае чакаюць сустрэчаў з кандыдатамі на прэзыдэнта.


Аляксей Гаўруцікаў, кіраўнік абласнога штабу Мікалая Статкевіча, лічыць, што яго варта чакаць пасьля 24-га лістапада — пасьля акцыі да ўгодкаў рэфэрэндуму ў Менску:


«Улічваючы, што Віцебшчына зрабіла вялікі ўнёсак у колькасьць сабраных подпісаў, Мікалай Статкевіч прыедзе сюды абавязкова — і на Аршаншчыну, і на Віцебшчыну. У плянах гэта ёсьць, але канкрэтнай даты няма. Пакуль што мы аналізуем вызначаныя для сустрэч месцы — а яны ня дужа зручныя — і вызначаем фармат сустрэчаў. А потым ужо будуць паездкі.


Паводле спадара Гаўруцікава, найбольш мэтазгодна было б спачатку надрукаваць улёткі пра кандыдата, каб людзі пра яго больш даведаліся ды падрыхтавалі нейкія пытаньні. Але замовіць друкаваныя матэрыялы можна будзе толькі пасьля рэгістрацыі.


Сустрэчы Рыгора Кастусёва плянуюцца ў Віцебску, Полацку, Наваполацку, Воршы і Глыбокім


Дакладную дату магчымай сустрэчы пакуль ня змог назваць і Аляксандар Кузьняцоў, кіраўнік гарадзкога штабу Рыгора Кастусёва. Але сказаў, што сустрэчы, верагодна, пройдуць у Віцебску, Полацку, Наваполацку, Воршы і Глыбокім:


«Спадар Кастусёў да нас прыедзе, і, я мяркую, мы будзем праводзіць сустрэчы на вуліцы — дзе будзе больш людзей. І будзем ладзіць сустрэчы таксама ў школах і мясцовых палацах культуры. Але цяпер чакаем, каб зарэгістравалі. А калі зарэгіструюць — то абавязкова!»


«Уладзімер Някляеў плянуе прыехаць да нас да канца лістапада»


Лідзія Сагідуліна, кіраўніца абласнога штабу Ўладзімера Някляева, не выключае, што на Віцебшчыну ён наведаецца яшчэ да канца лістапада:


«Уладзімер Някляеў плянуе да нас прыехаць, дакладная дата будзе агучана пасьля рэгістрацыі. Думаю, што яшчэ да канца лістапада, але дакладны графік паездак пазьней будзе разьмешчаны на нашым сайце. Апрача Віцебску, ён наведае адзін з буйных гарадоў — думаю, гэта будзе Ворша ці Наваполацак».


«Мы прапануем кандыдатам супольныя паездкі»


На думку Лідзіі Сагідулінай, сустрэчу з кандыдатам лепей ладзіць у памяшканьні — такім, каб там маглі зьмясьціцца каля 600 чалавек. Але ў памяшканьнях, якія на сёньняшні дзень вызначаныя віцебскімі ўладамі, можна сабраць толькі з паўсотні выбарцаў. Таму сябры ініцыятыўнай групы рыхтуюць заяву, каб дазволілі праводзіць сходы ў кінатэатры «Брыгантына». Тым больш што паездкі па рэгіёнах могуць атрымацца супольныя — прынамсі, такая прапанова абмяркоўвалася, кажа Лідзія Сагідуліна:


«Гэта мы ўчора прапанавалі на нарадзе ў Менску іншым кандыдатам супольныя паездкі. У прыватнасьці, разам з Саньнікавым, і да Раманчука будзе такая прапанова. Так што трэба іх паездкі разам узгадняць. Ну, але — цяпер усе чакаюць рэгістрацыі».


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Першыя сустрэчы плянуюцца ў Горадні, Лідзе і Слоніме


Кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Сяргей Мальчык змог пакуль даць наступныя зьвесткі:


«Мы ўчора абмяркоўвалі на сваёй Радзе. Плянуецца сустрэча, адна ці дзьве, у Горадні. Хутчэй за ўсё, будуць таксама сустрэчы ў Лідзе і Слоніме».


На самыя вялікія гарады вобласьці прадстаўнікі партыі БНФ арыентуюцца таму, што на сустрэчу там можна сабраць ня дваццаць чалавек, а значна болей, зазначыў Сяргей Мальчык. Гэта павінна зрабіць сустрэчы больш эфэктыўнымі.


Яраслава Раманчука чакаюць у Горадні на наступным тыдні


Юры Істомін, які кіруе абласной арганізацыяй Аб’яднанай дэмакратычнай партыі, паведаміў, што прыезд Яраслава Раманчука ў Горадню яны плянуюць на наступным тыдні:


«Трэба шырокае кола сустрэчаў наладзіць. Думаю, ён будзе сустракацца з рабочымі, з прадпрымальнікамі, са студэнтамі. Думаю, што 19-га будзе шквал заявак ад кандыдатаў на арганізацыю сустрэчаў. Мяркую, што мы павінны быць першымі».


Андрэю Саньнікаву прапануюць сустрэчы ў Горадні, Ваўкавыску і Лідзе


Уладзімір Чырвоненка падаў дакумэнты, каб стаць даверанай асобай Андрэя Саньнікава. У якіх гарадах ініцыятыўная група Андрэя Саньнікава мяркуе зрабіць сустрэчы са сваім кандыдатам?


Чырвоненка: «Што датычыць Гарадзеншчыны, то з 23 тысячаў подпісаў амаль 16 тысяч былі сабраныя ў Горадні. Гэта азначае, што вэктар актыўнасьці трэба скарыстаць, не распыляючыся на невялікія гарады. Асноўнае — Горадня, Ваўкавыск, Ліда. Дакладнага пляну ў нас пакуль няма».


Віталь Рымашэўскі наведае Масты, Слонім, Наваградак


Крыху інакш разьмяркоўваюць сустрэчы на Гарадзеншчыне прыхільнікі Віталя Рымашэўскага, кажа Мікола Баўсюк, які займаўся зборам подпісаў за кандыдата на прэзыдэнта:


«Будзе ў Мастах, у Слоніме, у Наваградку, у Лідзе».


Мікола Баўсюк зазначае, што сустракацца зь людзьмі яны плянуюць каля цэркваў і касьцёлаў, ня супраць таксама ладзіць сустрэчы супольна зь іншымі кандыдатамі.


Уладзімер Някляеў прыедзе ў Горадню, а таксама ў Ліду і Слонім


Зьміцер Бандарчук зазначыў, што прыезд кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева ў Горадню пакуль плянуецца на пазьнейшы час. Спадар Някляеў наведае таксама Ліду і Слонім, кажа Зьміцер Бандарчук.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Дэмакраты абяцаюць «вялікі крэатыў»


На Магілёўшчыне кандыдаты на пасаду прэзыдэнта будуць шукаць прыхільнасьці выбарцаў, непасрэдна сустракаючыся зь імі, ладзячы канцэрты, пікеты ды распаўсюджваючы друкаваную прадукцыю.


Уладзімер Някляеў пойдзе ад двара да двара


Насычаную агітацыйную праграму абяцае жыхарам вобласьці ініцыятыўная група Ўладзімера Някляева. У рэгіёне ён лідэр па сабраных подпісах сярод альтэрнатыўных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцтва. Анансуе акцыі сябра ініцыятыўнай групы Ігар Каваленка:


«Будзе новая фішка — „Ад двара да двара“. Будуць тэматычныя пікеты, перасоўныя, эксклюзіўныя. Плянуем пару канцэртаў. Нават у тых месцах, дзе дазволеныя пікеты, мы будзем рабіць вялікі крэатыў».


Алесь Міхалевіч будзе ўдзельнічаць у пікетах і наведае кватэры


Як і ініцыятыўная група Ўладзімера Някляева, каманда Алеся Міхалевіча свае мерапрыемствы будзе праводзіць у буйных гарадах вобласьці. Акцыі анансуе Юры Стукалаў:

Мы паспрабуем зрабіць максымум — крэатыўна, прыгожа, каб запомніцца людзям.

«Пікеты, абыход кватэраў. Паспрабуем арганізаваць пару канцэртаў. У нас будуць тэматычныя лістоўкі з акцэнтам у асноўным на мэнэджэраў сярэдняга зьвяна, на чыноўнікаў і інтэлігенцыю. Мы паспрабуем зрабіць максымум — крэатыўна, прыгожа, каб запомніцца людзям».


Яраслаў Раманчук прапануе сваю агітацыйную праграму


У Яраслава Раманчука — трэцяе месца паводле колькасьці подпісаў. Кіраўнік абласнога штабу прэтэндэнта Ўладзімер Шанцаў ягоную агітацыйную праграму называе стандартнай:


«Гэта пікеты, абыход ад дзьвярэй да дзьвярэй, сустрэчы з выбарцамі — на жаль, у вызначаных месцах, якіх няшмат. Канцэрты, пэрформансы».


У абласных штабах Кастусёва і Рымашэўскага пакуль называюць толькі традыцыйны набор агітацыйных акцыяў: пікеты, сустрэчы давераных асобаў і саміх кандыдатаў з выбарцамі, а таксама пакватэрны абыход ды распаўсюд друкаванай прадукцыі. Пра магчымасьць канцэртаў кажуць у ініцыятыўнай групе Андрэя Саньнікава. У штабе Статкевіча чакаюць рэгістрацыі прэтэндэнта кандыдатам і пакуль не гавораць пра агітацыйныя мерапрыемствы.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Візытаў у рэгіён будзе няшмат


Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука цяпер дамаўляюцца наконт памяшканьняў у Доме культуры прафсаюзаў. Сустрэча з выбарцамі адбудзецца неўзабаве, — кажа каардынатар ініцыятыўнай групы Яраслава Раманчука па Берасьці Марат Несьцярэнка:


«Плянуем правесьці сустрэчу з выбарцамі ўжо ў бліжэйшыя выходныя. Пакуль вызначаемся дакладна зь месцам сустрэчы. Але мяркуем, што сустрэча пройдзе ў ДК прафсаюзаў. Адбудзецца яна ў гэтую нядзелю — 21 лістапада. Але пакуль ёсьць некаторыя нюансы».


Андрэй Саньнікаў і Мікола Статкевіч гэтымі днямі вызначылі сваіх давераных асобаў па Берасьцейшчыне. Андрэй Саньнікаў прапанаваў прадстаўніцы РЭП Зінаідзе Міхнюк стаць даверанай асобай. У Мікалая Статкевіча даверанай асобай стаў прадпрымальнік Віктар Чайкоўскі:


«Паколькі зараз канчаткова завяршылася фармаваньне ініцыятыўнай групы, то і пачнем працу па распрацоўцы графікаў сустрэчаў. Прапануем сустрэчы і з ініцыятыўнай групай, і з выбарцамі. Працы шмат, але дакладны графік будзе вядомы пасьля атрыманьня кандыдатам пасьведчаньня ад ЦВК».


Патэнцыйныя кандыдаты чакаюць афіцыйнай рэгістрацыі. Толькі пасьля гэтага будуць расплянаваныя візыты па рэгіёнах. Тое ж тычыцца і Ўладзімера Някляева, кажа кіраўнік берасьцейскай ініцыятыўнай групы патэнцыйнага кандыдата Мікалай Коўш:


«Пакуль зь візытамі ніякай яснасьці ў нас няма. Невядома, як будзе з раскладам выступаў на тэлебачаньні і радыё. Невядома пакуль і што рабіць зь візытамі».


Каманда патэнцыйнага кандыдата ад БХД Віталя Рымашэўскага ўжо распрацавала дакладны плян візытаў і мерапрыемстваў на агітацыйную кампанію, кажа сустаршыня партыі Павал Севярынец:


«На дадзены момант вядомыя дзьве даты: гэта 13 і 14 сьнежня. За гэтыя дні мы наведаем Баранавічы, Пінск і Берасьце. Наконт месцаў пакуль невядома. Але мінімум — правядзем пікеты на кірмашы і раздачу матэрыялаў. Будуць сустрэчы ў цэрквах. І агульная вялікая сустрэча ў буйным палацы культуры».


ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Агітацыйная кампанія будзе праходзіць на аснове прапановаў зь Менску»


На Гомельшчыне пачатак агітацыйнай кампаніі засьпеў каманды апазыцыйных прэтэндэнтаў, што называецца, зьнянацку. Бальшыня іх ня толькі ня вызначыліся, што будуць рабіць ужо заўтра ці пасьлязаўтра, але й наагул ставяць пад пытаньне свой асабісты ўдзел.


У прыватнасьці, актывісты руху «За свабоду», якія зьбіралі подпісы за Алеся Міхалевіча, пакуль занятыя перамовамі з цэнтрам. Апавядае рэгіянальны кіраўнік руху Пятро Кузьняцоў:


«Можам багата чаго прапанаваць. Але на сёньняшні дзень стаіць пытаньне, ці будзем мы гэта прапаноўваць Міхалевічу ці хаця б каму іншаму. Розныя падыходы ёсьць да гэтай кампаніі, і ў нас таксама ёсьць шмат пытаньняў да яе й фактараў, якія ўплываюць на ступень нашага ўдзелу. Адзін зь іх — у пэўных палітычных дзеяньнях мы ўдзельнічаем тады, калі падзяляем іхнія мэты. У агітацыйнай кампаніі — цалкам магчыма, што можам і ня ўдзельнічаць».


Пакуль няма пэўнасьці і ў рэгіянальнай арганізацыі Партыі БНФ, якая дапамагала зьбіраць подпісы Рыгору Кастусёву. Каардынавалі збор менскія валянтэры, а чальцы партыі ў рэгіёне выконвалі толькі тэхнічныя функцыі. Гэтаксама й з агітацыяй. На гэтым тыдні мясцовым актывістам ня будзе з чым ісьці да выбарцаў.


«Нічога пакуль рабіць ня будзем, няма агітацыйных матэрыялаў»


Гаворыць старшыня рэгіянальнай арганізацыі БНФ Валер Пуціцкі з Рэчыцы:

Ня будзеш жа хадзіць па вуліцы й казаць: „Кастусёў, Кастусёў, галасуйце за Кастусёва“.

«Што нам рабіць? У нас жа няма прадукцыі, анічога няма. Нічога пакуль рабіць ня будзем. Каб весьці агітацыю, трэба мець нешта ў руках. Ня будзеш жа хадзіць па вуліцы й казаць: „Кастусёў, Кастусёў, галасуйце за Кастусёва“. Будзе сойм — можа, выдадуць нейкую друкаваную прадукцыю».


Спадар Пуціцкі лічыць, што апазыцыйныя кандыдаты трапляюць у «заканадаўчую пастку» . Пакуль яны незарэгістраваныя, нельга выдаць нейкія агітацыйныя матэрыялы. Тэрмін агітацыі і без таго толькі 30 дзён, а пакуль нешта надрукуюць, ён зьменшыцца яшчэ:


«Гэта за Лукашэнку можна ўжо расьцяжкі вешаць — „За сильную и процветающую власть“. У нас, у Рэчыцы, 19 лістапада ўжо будзе канцэрт на цэнтральнай плошчы „За сильную и процветающую Беларусь“ з удзелам беларускіх эстрадных выканаўцаў, нейкае супэр-шоў. А мы ж Кастусёва шоў не арганізуем».


Уладзімеру Някляеву прапануюць сустрэчу ў бібліятэцы


Гомельская каманда Ўладзімера Някляева мае толькі прыкідкі, дзе й як будзе сустракацца з выбарцамі. Меркаваньне каардынатара Валера Сьляпухіна:


«Плянуем, што будзе сустрэча з прадпрымальнікамі на Цэнтральным рынку. Абавязковая масавая сустрэча з выбарцамі будзе альбо на адкрытай пляцоўцы, альбо ў Доме культуры „Гомсельмашу“. Патрапіць на прадпрыемства будзе складана. Калі не атрымаецца, то будзем сустракацца з рабочымі непасрэдна ля прахадной. Я яшчэ хачу прапанаваць Някляеву сустрэцца зь людзьмі, якія ведаюць ягоную паэзію не праз чуткі — гэта непасрэдна ў цэнтральнай бібліятэцы».


Яраславу Раманчуку — у Жлобіне, на БМЗ


Дакладнага пляну дзеяньняў у рэгіёне ў першыя дні агітацыі ня мае й каманда Яраслава Раманчука. Арганізатар кампаніі, сябра АГП Марат Афанасьеў вызначыў толькі канцэптуальна прынцып арганізацыі сустрэч:


«У канкрэтным горадзе — канкрэтная тэматыка. І такім чынам будзем рыхтаваць сустрэчы Яраслава. Дапусьцім, Жлобін. Тут БМЗ зь ягонымі асноўнымі праблемамі — і горад. Яны сёньня надзвычай адрозьніваюцца сваімі заробкамі. Як гэтае адрозьненьне зьняць? У іншых гарадах — там свае тэмы».


Паводле Афанасьева, агітацыйная кампанія будзе будавацца ў рэгіёне на падставе прапановаў Раманчука аб тым, як стварыць у Беларусі дадаткова 1 мільён працоўных месцаў, уключаць у гэты працэс саміх людзей, каб яны маглі зарабляць і самарэалізавацца ў жыцьці.

XS
SM
MD
LG