Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў “Адэса—Броды” запампоўваюць расейскую нафту?


Нафтаправод «Адэса—Броды»

Нафтаправод «Адэса—Броды»

На 17 лістапада заплянаваная першая пастаўка нафты ў Беларусь па трубаправодзе «Адэса-Броды», падключаным ў авэрсным (прамым) рэжыме. Аднак танкер з нафтай пакуль ня прыбыў ва Ўкраіну, таму спроба перапампоўваньня затрымліваецца. Тым часам экспэрты, аднак, працягваюць абмяркоўваюць, наколькі эканамічна абгрунтаваны гэты праект.

Як казаў віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімер Сямашка, першыя 80 тысяч тон нафты павінны паступіць па трубаправодзе «Адэса-Броды» 17 лістапада на ўмовах «своп», гэта значыць замяшчэньня. Начальнік управы замежнаэканамічнай дзейнасьці кампаніі «Укртранснафта» Міхаіл Краўчанка паведаміў, што ў авэрсным рэжыме будзе пастаўлена партыя расейскай нафты Urals. Краўчанка таксама адзначыў, што пастаўка нафты ў Беларусь па нафтаправодзе «Дружба» не патрабуе ўзгадненьня з расейскай кампаніяй «Транснефть», якая выкарыстоўвае гэты нафтаправод для пастаўкі энэрганосьбітаў у Эўропу.

Чаму Расея пагадзілася даць сваю нафту для прагонкі ў трубаправодзе «Адэса-Броды», і як увогуле Масква ставіцца да гэтага праекту? Дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш лічыць, што Расея ня бачыць пагрозы для сябе ў гэтым праекце.

Кірыл Коктыш
«Мне здаецца, што Расея з задавальненьнем назірае за тым, як Беларусь перасаджваецца на даволі дарагую вэнэсуэльскую нафту, пры гэтым вызваляючы для Расеі аб’ёмы таннай расейскай нафты, якія Масква цяпер можа разьмеркаваць зусім па-іншаму. Пакуль у гэтай гульні ўсе яе ўдзельнікі больш-менш задаволеныя».

Карэспандэнт: «Расея можа быць задаволеная тактычна, але ці не прайграе яна стратэгічна?»

Коктыш: «Не, бо тыя аб’ёмы нафты, якія ідуць у Эўропу зь іншых рэгіёнаў, у прынцыпе ня могуць канкураваць з расейскай нафтай. Расеі няма пра што хвалявацца. І калі пакупнік перасаджваецца з больш таннай нафты на больш дарагую вэнэсуэльскую, то гэта выбар пакупніка».

Тым часам аналітыкі разглядаюць магчымасьць таго, што па нафтаправодзе Адэса-Броды вэнэсуэльская нафта ў Беларусь увогуле паступаць ня будзе. Адбудзецца гэтак званая апэрацыя «свопу», замяшчэньня. Вэнэсуэла паставіць 4 мільёны тонаў нафты «Санта Барбара» ў ЗША, якія закупляюць нафту ў Азэрбайджану. А Азэрбайджан перагоніць гэтыя 4 мільёны тонаў у Беларусь. Ці становіцца ў такім варыянце вэнэсуэльская нафта эканамічна абгрунтаванай для Беларусі? Фінансавы аналітык Сяргей Чалы лічыць, што вэнэсуэльскі праект будзе безумоўна выгадным для Беларусі.

Сяргей Чалы
«Трэба разьдзяляць гэтую пробную прапампоўку і ўвесь праект. Чаму тут расейская нафта? Бо гэтая ж труба не пустая, яна запоўненая тэхнічнай расейскай нафтай. Таму ніхто добрую вэнэсуэльскую нафту з расейскай сярністай мяшаць у здаровым розуме ня будзе. Таму гэта проста прапампоўка аднаго танкеру, каб паглядзець лягістыку і эканоміку працэсу. Што тычыцца ўсяго праекту, то ён безумоўна выгадны і цікавы, і якраз уключэньне трубы „Адэса-Броды“ ў авэрсны рэжым і выкарыстаньне адной з галінак „Дружбы“ да Мазыра — гэта вялікая перамога Беларусі, бо моцна, даляраў на 30, памяншае выдаткі на транзыт».

Што да стаўленьня Расеі да гэтага праекту, то на думку Чалага, Масква фактычна нічога не магла зрабіць, каб перашкодзіць ягонай рэалізацыі. Надта шмат дзяржаваў рэгіёну, ад Ірану і Азэрбайджану да краінаў Балтыі і Польшчы, уцягнутыя ў гэты праект, мяркуе спадар Чалы:

«Пасьля пабудовы БТС-2 стала зразумела, што мець некалькі трубаў слаба запоўненых замест адной запоўненай — гэта надта дорага для Расеі. Яны думалі, што караюць транзытныя краіны, але атрымалі тут канкурыруючы праект, зь якім калісьці доўга змагаліся. І ў канечным выніку тут выбудоўваецца аснова для вельмі сур’ёзнага рэгіянальнага супрацоўніцтва».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG