Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкасьць стварыла ініцыятыву “Духоўнае сэрца Менску”


Касьцёл Сьвятога Язэпа

Касьцёл Сьвятога Язэпа

У Менску створаны грамадзкі камітэт «Духоўнае сэрца Менску», які мае на мэце абарону архітэктурнай духоўнай спадчыны сталіцы. У адмысловым звароце да грамадзян, які падпісалі шэраг вядомых людзей краіны, стваральнікі камітэту заклікаюць далучацца да абароны нацыянальных каштоўнасьцяў Беларусі.

Пра ўтварэньне камітэту «Духоўнае сэрца Менску» яго заснавальнікі паведамілі падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую правялі на прыступках касьцёла Сьвятога Язэпа. Адна зь іх, Ганна Шапуцька, гэтак патлумачыла мэту стварэньня:

«Быццам бы мэты пляну, у адпаведнасьці зь якім Менскі гарвыканкам перабудоўвае гістарычны цэнтар Менску, яны добрыя. Але насамрэч мы бачым, што наш гістарычны цэнтар, дзе цягам стагоддзяў былі каталіцкія, праваслаўныя, уніяцкія храмы, зараз ператвараецца ў забаўляльную пляцоўку. Цяпер на пляцы Волі адбываецца сапраўдны гвалт і зьдзек з нашай гістарычнай і культурнай спадчыны. Акрамя таго, разбураецца духоўнае сэрца Менску і духоўны стан грамадзтва. І вось мы вырашылі пазмагацца за тое, каб вярнуць гэтую спадчыну жыхарам Менску».

Стваральнікі камітэту намерваюцца правесьці шэраг грамадзкіх акцыяў у абарону беларускіх духоўных сьвятыняў. Сярод іншага — зьвярнуцца ў суд з пазовам да «Менскай спадчыны», а таксама арганізаваць менскі гарадзкі рэфэрэндум аб перадачы касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштарнага комплексу вернікам.
Калі мы будзем неабыякавыя, то ўсё гэта можна будзе спыніць, і рэлігійныя каштоўнасьці вернуцца вернікам і народу.


Актывіст ініцыятывы «Беларуская нацыянальная памяць» Анатоль Міхнавец:

«Толькі нашая неабыякавасьць можа нешта зьмяніць: ужо тут некалькі разоў зьмяняўся праект, і ў выніку ўжо няма тут басэйну і падземнай стаянкі. Калі мы будзем неабыякавыя, то ўсё гэта можна будзе спыніць, і рэлігійныя каштоўнасьці вернуцца вернікам і народу. У Менску зьнішчаецца шмат гістарычнай спадчыны і ў іншых месцах таксама. Таму мы плянуем падрыхтаваць прапановы і на той жа рэфэрэндум, і на інфармаваньне грамадзтва, што насамрэч адбываецца. Бо зьнішчаюцца падмуркі горада, дзяржаўнасьці і будуюцца гаражы, стаянкі, гатэлі і рэстарацыі. Так не павінна быць».

Стваральнікі камітэту выступілі з заявай, заклікаючы грамадзкасьць далучыцца да абароны духоўных сьвятыняў. Яе падпісалі такія вядомыя асобы, як Аляксей Марачкін, Уладзімер Арлоў, Алег Трусаў, Іван Нікітчанка ды іншыя. Адна з падпісантаў Тацьцяна Кім свой удзел у кампаніі пракамэнтавала гэтак:

«Я прыехала ў Беларусь напачатку 80-х гадоў. Вучылася ў Санкт-Пецярбурзе, аб’езьдзіла ўвесь Савецкі Саюз і раптам зразумела, што Беларусь гэта такая каштоўнасьць! Незвычайная. Не падобная ні на піцерскую, ні на маскоўскую архітэктуру, ні на якую! Яна асобная — самабытная і ўнікальная. І раптам тут, у самым яе сэрцы, распачынаюцца нейкія д’ябальскія працы. Мы павінны аб’яднацца ўсім нашым грамадзтвам і захаваць гэтую спадчыну для наступных пакаленьняў, якія, я думаю, будуць нам удзячныя».

Аб грамадзкіх акцыях у абарону беларускай духоўнай спадчыны стваральнікі грамадзкага камітэту «Духоўнае сэрца Менску» намерваюцца паведамляць праз адмысловы інтэрнэт-сайт, які яны зараз ствараюць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG