Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дзёньніка Штэфана Мюлера, доўгатэрміновага назіральніка за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Рэспубліцы Беларусь

10 лістапада

Мясцовыя жыхары падзяляюцца на дзьве часткі: адныя любяць саманазву “бульбаш” і з задавальненьнем п’юць гарэлку з такім надпісам, іншых яна глыбока абурае і душэўна раніць. Яны пратэстуюць, што гэта каляніяльная назва, што падкрэсьліваецца старарэжымным, царскім яшчэ знакам “Ъ” у канцы слова на этыкетцы, яны пішуць заявы ў суд, але ў іх нічога не атрымліваецца. Напэўна судзьдзі ня маюць нічога супраць “Бульбаша”, на асабістым досьведзе я пераканаўся, што гарэлка смакуе, хоць шнапс мне даспадобы больш, я-я.

Тое самае можна сказаць пра стаўленьне мясцовых жыхароў да выбараў, да падліку галасоў, да скрынак зь бюлетэнямі. І тут, як мне здаецца, заўважаецца падзел, які існаваў калісьці, на заходнюю частку краіны і на ўсходнюю, як да нядаўняга часу была разрэзана і наша дарагая Нямеччына. Але параўнаньне недакладнае. Патлумачу: калі ўсходнія беларусы звычайна абыякавыя да выбарчых скрынак, то заходнія часам бурчаць, хочуць празрыстых — каб было бачна — што ўнутры і як ляжыць, тлумачаць яны. У нас наадварот — заходнікі не надаюць ніякай увагі скрынкам, яны прызвычаеныя, што мухляваць зь бюлетэнямі ніхто ня будзе, можна ў турму трапіць, былыя ж гэдээраўцы гатовыя расцалаваць плястыкавыя, калі прыходзяць галасаваць, яны ніяк не нацешацца дэмакратычным выбарам. Як кажуць, лепей умее радавацца свабодзе той, хто яе ня меў раней.

14 лістапада


Жалезабэтонная сьцяна мясцовага рэжыму, як некаторым пачало здавацца, дала трэшчынку, у ёй нават вырасла цявінка — зялёная кволая рыска на грубым шэрым фоне. Да слова: такім змрочна-аднастайным выглядаў заўжды Усходні Бэрлін, забудаваны камуністамі — абы хутчэй і таньней. Мае міжнародныя калегі спрачаюцца: улады дапусьцілі магчымасьць існаваньня празрыстых скрынак, толькі тэарэтычна, ясна, але сам факт некаторыя ацанілі як прыкмету адлігі, зьмены клімату ўнутры рэжыму, які ўпарта практыкуе парадкі часоў халоднай вайны. Аптымісты даказваюць, што гэта несумненны прагрэс, што вада камень точыць і што калі і надалей гэтак пойдзе, то гадоў праз пяцьдзесят выбарчы працэс у Рэспубліцы Беларусь нарэшце наблізіцца да агульнаэўрапейскіх стандартаў.

Самому мне нешта муляе, засмучае, як цьвік у чаравіку. Так, рэжым даў дазвол некаторым выбарчым камісіям сказаць газэтам, што зьнята табу з тэмы плястыкавых скрынак на прэзыдэнцкіх выбарах. “Нёманская праўда”, напрыклад, нават зьмясьціла словы старшыні камісіі, які сказаў, што “вітае выкарыстаньне плястыкавых скрынак, але іх няма ў наяўнасьці”, таму бяз сэнсу “махаць рукамі”, пажартаваў ён. Газэта таксама пажартавала, зрабіўшы загаловак “Празрыстыя скрынкі прымуць у падарунак”. Нават ня ведаю — што думаць, якую даць ацэнку? З аднаго боку, старшыню камісіі за такія слова раней бы конча арыштавалі. Значыцца — прагрэс у наяўнасьці. З другога, сёньня без дазволу зьверху ён бы таксама сядзеў як з вадой у роце, маўчаў “як юнак на дапросе” ў гестапа, пра якога калісьці напісаў іхні беларускі клясык.

15 лістапада

Журналісты “Нёманскай праўды” высьветлілі на мясцовым заводзе плястыкавых вырабаў, што рабочыя хочуць працы і гатовыя нарабіць плястыкавых скрынак для галасаваньня — усяго па дзесяць эўра за штуку. Газэта таксама выцягнула з уладаў, што выбарчыя камісіі маюць для сваіх патрэбаў па тысячы сто даляраў. Але словаў “плястыкавая скрынка” няма ў выбарчым заканадаўстве, таму ўсе размовы пра іх — проста самадзейнасьць. Калі падсумаваць: увесь поступ толькі ў тым, што дазволілі ўспомніць бяз лаянкі “капіталістычныя” скрынкі для бюлетэняў, не арыштавалі пасьля гэтага кіраўніка выбарчай камісіі і не закрылі газэту. Свабода аднаго чалавека, нават калі ён чыноўнік, таксама важыць нямала, але ці зьяўляецца гэта сьведчаньнем дэмакратызацыі прэзыдэнцкіх выбараў? Можа ўлады і чакаюць ад мяне слова “я”, але адкажу ўсё ж — “найн!”

16 лістапада

Сярод мясцовых апазыцыянэраў размова пра плястыкавыя скрынкі выклікала кволую надзею. Яны пачалі прыкідваць, што можна сабраць грошы і купіць такія сучасныя скрынкі, што гэта зусім нядорага. Я згодны, што грошы невялікія: тры бутэлькі “Бульбаша” — вось і скрынка, з-за якіх тут наламана столькі дроваў. А колькі дзідаў сапсавана паміж Эўропай і рэжымам, які цьвердзіў: толькі цераз яго труп! Аднак здаўся нарэшце. Але ці сапраўды здаўся? Па-мойму, ён хутчэй ламае камэдыю, дурыць галовы ўражлівым эўракамісарам, такім немцам як я, напрыклад. Дарма, малпіны высілкі, мы на рэжымах сабаку зьелі, каб яны ведалі.

Вельмі засмучае цынізм. Мы, немцы, таксама цынікамі былі найпершымі, але нам вядома, што такое раскаяньне. А беларусы раскаяньня ня знаюць, ва ўсякім разе чыноўнікі, асабліва тыя, хто арганізуе ўвесь гэты балаган з імітацыяй выбараў. Апазыцыянэры гатовыя скінуцца на скрынкі плястыкавыя, толькі дазволу няма, баяцца, каб не пасадзілі. Чыноўнікі, тыя толькі пасьміхаюцца, яны кажуць нам: а вы нам прышліце вагон вашых эўраскрынак, а мы падумаем, зробім экспэртызу, бо гэта ж будзе лічыцца гуманітарнай дапамогай, а з ёю ў нас строга, каб ніякай дывэрсыі…

Некаторыя сьмяюцца проста ў вочы: калі для вас там у вашых брусэлях гэтак важна, каб мы замянілі свае надзейныя на іншыя, то давайце транш і мы ў вас іх купім, нам падачак ня трэба. Гэта адно. Другое: у нас строга з хімічнымі вырабамі, каб ніякай шкоды для здароўя выбаршчыкаў, вы цяпер усё рукамі азіятаў робіце, нам патрэбны сэртыфікат якасьці наперад! Трэцяе: паводле закону, скрынка павінна быць з натуральнага матэрыялу, мы яшчэ на шкляныя можам пагадзіцца, але ж хто гарантуе, што яна не разаб’ецца, што не парушыцца таямніца галасаваньня?!
  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG