Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сапраўдным вінаватым у нядаўнім раскрыцьці групы расейскіх разьведчыкаў-нелегалаў, якія знаходзіліся ў ЗША, у мэдыях называюць менчука, былога намесьніка начальніка ўпраўленьня нелегальнай выведкі Службы зьнешняй выведкі палкоўніка Аляксандра Пацеева.

Пацееў уцёк з Расеі за некалькі дзён да пачатку чэрвеньскага візыту ў Вашынгтон прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева і цяпер знаходзіцца ў ЗША.

Паводле "Росбалта", Аляксандар Пацееў нарадзіўся ў Берасьцейскай вобласьці. Пасьля войска паступіў на службу ў органы КДБ СССР. Потым яго перавялі на працу ў апарат КДБ па рэспубліцы, ён пасяліўся разам з жонкай у Менску. У 1979 годзе ў яго нарадзілася дачка Маргарыта. У 1980-я гады ён атрымаў пасаду ў цэнтральным апараце КДБ СССР, пераехаў разам зь сям'ёй у Маскву. На новым месцы Пацееў адказваў за працу з савецкімі агентамі-нелегаламі. У 1982 годзе ў яго нарадзіўся сын Уладзімер.

У 1990-я гады Пацееў працаваў у некалькіх замежных краінах (у тым ліку ў ЗША) пад прыкрыцьцём супрацоўніка аднаго з дэпартамэнтаў МЗС Расеі. У 2000 годзе Пацееў быў прызначаны начальнікам аддзелу Службы зьнешняй выведкі.

Экс-супрацоўнік КДБ СССР Фёдар Якаўлеў паведаміў агенцтву REGNUM, што бацька палкоўніка Службы зьнешняй выведкі Аляксандра Пацеева — герой Савецкага Саюзу, вэтэран вайны. Пацееў вучыўся на курсах удасканаленьня афіцэрскага складу, больш вядомых як "школа дывэрсантаў", бо на іх рыхтаваліся кадры для спэцназу КДБ СССР. У 1979 годзе ён быў накіраваны ў Аўганістан у складзе групы спэцназу КДБ "Зэніт". У 1981 годзе служыў у Аўганістане ў кабульскай групе спэцназу КДБ "Каскад-2".

Паводле "Росбалта", хутчэй за ўсё, амэрыканцы спачатку завэрбавалі дачку Пацеева, якая працавала ў пэўнай міжнароднай арганізацыі. А сам палкоўнік пачаў супрацоўнічаць з заходнімі спэцслужбамі пасьля таго, як невядомыя людзі ў масках зьдзейсьнілі напад на яго сям'ю. Пасьля нападу Аляксандар Пацееў выправіў жонку жыць у ЗША, тамсама большую частку часу праводзіла і яго дачка Маргарыта. Сын Пацеева таксама мог забясьпечваць ЗША сакрэтнай інфармацыяй. Ён пэўны час працаваў у "Рособоронэкспорте".

У 2010 годзе расейскім спэцслужбам зрабілася відавочна, што ў іхнай сыстэме дзейнічае высокапастаўлены "крот". Паводле "Росбалта", у СВР рыхтавалася праверка супрацоўнікаў упраўленьня Службы зьнешняй выведкі. Ведаў пра гэта і Аляксандар Пацееў. Спачатку ён тэрмінова накіраваў у ЗША свайго сына, а за некалькі дзён да чэрвеньскага візыту прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева ў ЗША ўцёк і сам. Крыніца агенцтва паведаміла, што адносна палкоўніка Пацеева ў Расеі ўжо ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула "шпіянаж".

У чэрвені ФБР ЗША затрымала дзесяць чалавек, якім выставілі абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Расеі. Паводле сьледчых, амэрыканцы сачылі за іхнай дзейнасьцю 10 гадоў.

Пазьней дзесяць расейскіх шпіёнаў памянялі на чатырох чалавек, якія адбывалі тэрміны за шпіянаж у расейскіх турмах.

Начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў беларускага Камітэту дзяржбясьпекі Аляксандр Антановіч, камэнтуючы паведамленьні СМІ аб тым, што афіцэр зьнешняй выведкі РФ, які выдаў амэрыканскім уладам групу расейскіх агентаў-нелегалаў, меў дачыненьне да галоўнай беларускай спэцслужбы, паведаміў БелаПАН, што Аляксандар Пацееў ніколі не служыў ні ў КДБ БССР, ні ў КДБ Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG