Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве, дзе мабыць ужо пасьпелі забыцца пра дыскусіі палітыкаў вакол дыпляматычнага курсу краіны, прагрымеў новы стрэл. Так пачынае свой камэнтар у сёньняшнім нумары "Lietuvos rytas" намесьнік галоўнага рэдактара газэты Марус Лаўрынавічус.

Знаёмім вас са зьместам камэнтару:

“Парлямэнтар-кансэрватар М.Адаменас, які, дарэчы, не абцяжарвае сябе працай ні ў парлямэнцкім камітэце замежных справаў, ні ў камітэце справаў Эўропы, учора публічна абвясьціў аб небясьпецы.

Палітыка спалохала паведамленьне, якое апублікавала на мінулым тыдні агенцтва Reuters. У ім цытуюцца неназваныя эўразьвязаўскія дыпляматы, якія сказалі, што прэзыдэнт Д.Грыбаўскайце нібыта лічыць перамогу беларускага дыктатара А.Лукашэнкі на сьнежаньскіх выбарах гарантыяй стабільнасьці ў Беларусі.

Выказаўшы вялікую занепакоенасьць, але падкрэсьліўшы, што ён усё яшчэ не гаворыць пра “здраду”, М.Адаменас запатрабаваў, каб Д.Грыбаўскайце публічна абвергла сваю падтрымку Лукашэнку.

Сапраўды ўражвае “каштоўнасная” пазыцыя кансэрватара. Тым больш, што дыскусіі аб замежнай палітыцы ў Літве надзвычай патрэбныя. Толькі у шчырасьць М.Адаменаса чамусьці верыцца цяжка.

Цяжка толькі таму, што М.Адаменас не забіў у званы трывогі мінулай восеньню. Тады пампэзны прыём А.Лукашэнкі ў Вільні сапраўды мусіў выклікаць сур'ёзныя сумневы.

А цяпер усё крыху іначай. Ні дзеяньні Д.Грыбаўскайце, ні словы нібыта й не выклікаюць падозраньняў. А патрабаваць, каб кіраўніца дзяржавы публічна абвергла ананімныя паведамленьні пра падтрымку А.Лукашэнкі, нават крыху й сьмешна. І ня толькі таму, што ў сусьветнай дыпляматычнай практыцы кіраўнікі дзяржаваў не камэнтуюць ананімных цьверджаньняў.

Проста М.Адаменасу варта было б хаця б пацікавіцца, што Д.Грыбаўскайце нядаўна рабіла ў Менску. Ён даведаўся б, што прэзыдэнт сустрэлася там з прадстаўнікамі апазыцыі і выказала ім падтрымку.

Дык чаму кансэрватар ні стуль, ні сьсюль вырашыў зладзіць невялічкае шоў? Можа гэта спроба “каштоўнаснай” зьнешнепалітычнай пазыцыяй прыкрыць шлейф скандалаў, які цягнецца за ім самім?” – задае рытарычнае пытаньне аўтар камэнтару.

Дэпутат Сойму Мантас Адаменас апошнімі гадамі быў замешаны ў розныя палітычныя скандалы. Самы гучны зь іх датычыў атрыманьня кіраваным ім Інстытутам дэмакратычнай палітыкі 2,5 млн. літаў у выніку публічнага конкурсу на праект рэйтынгаваньня літоўскіх унівэрсытэтаў. У той час Адаменас быў адначасна дэпутатам і мог уплываць на прыняцьце адпаведнага рашэньня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG