Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаргінец застаўся з Лукашэнкам, а Ярмошына абрала новага


Мне ўжо даводзілася паспрабаваць сябе ў ролі таемнага агента сакрэтнай замежнай выведкі падчас паездкі ў Пінск. А цяпер выпала магчымасьць улезьці ў шкуру супрацоўніка мясцовага палітычнага вышуку. Куды мяне запрасілі як «знанага ўмельца зрываць пакровы і выкрываць паднаготную сутнасьць». Пачуўшы такую пахвальную для сябе характарыстыку, я адразу згадзіўся выканаць заданьне. Палягала яно ў тым, каб праверыць выпускі перадачы «Кухня» з удзелам Лідзіі Ярмошынай і Мікалая Чаргінца на прадмет ідэалягічнай вытрыманасьці і адпаведнасьці генэральнай лініі. Яны смутна западозрылі дывэрсію, але самі да канца не змаглі разабрацца, спатрэбіўся сьвежы, незамылены погляд.

Прапаную вашай увазе справаздачу аб праведзеным экспэртным аналізе.

Праведзены мной на замову аддзелу па барацьбе зь несанкцыянаванай палітычнай і каляпалітычнай актыўнасьцю экспэртны аналіз перадачы «Кухня» з удзелам Лідзіі Ярмошынай выявіў у згаданай перадачы прыкметы падрыўной дзейнасьці, скіраванай на дыскрэдытацыю найвышэйшага кіраўніцтва краіны, шчырасьці яго намераў правесьці дэмакратычныя выбары. Больш за тое, у прааналізаваным выпуску «Кухні» гледачу навязваецца думка, быццам вынік прэзыдэнцкіх выбараў будзе непрадказальным для безумоўнага фаварыта выбарчай гонкі - Лідзія Ярмошына на просьбу нейкіх ананімных асобаў абвесьціць перамогу іншага кандыдата.



(Каляж запазычаны ў блогу l_u_f_t)

Уступны сюжэт перадачы ўяўляе сабой дэфіле кандыдатаў у кандыдаты перад патрабавальным журы, то бок народам. Народ прадстаўлены ў выглядзе сям'і сучасных гараджанаў, верагодна – офісных працаўнікоў, з адным дзіцем, што, канечне, недапушчальна ва ўмовах дэмаграфічнага крызісу. Гэтак званыя «незалежныя кандыдаты», сярод якіх можна заўважыць парадыйных двайнікоў Раманчука, Някляева і Кастусёва, намаляваныя нібыта ідэалягічна правільна - як зборышча прайдзісьветаў, клоўнаў, далёкіх ад народу, незразумелых яму і нецікавых, ня годных па сукупнасьці адсутных заслугаў прэтэндаваць на найвышэйшую пасаду ў дзяржаве.

Але і народ паказаны палітычна нясьпелым, ласым на абяцанкі і гатовым да подкупу: калі нейкі карыкатурны габрэй намякае на 500 тысячаў за подпісы, у народа вочы загараюцца нездаровым бляскам, ён адкідае сваё прынцыповае непрыманьне чужых яму кандыдатаў і з радасьцю зьбіраецца аддаць свой голас не за таго, за каго мусіць. Не аддае толькі таму, што аказваецца - гэта не яму заплацяць, а ён мусіць заплаціць. Так ці іначай, навязванае ўяўленьне пра лёгкасьць подкупу народа - у іншым сюжэце ў яго будуць выманьваць галасы за цукеркі - само па сабе зьяўляецца хлусьлівым, шкодным, калі не сказаць - блюзьнерскім. Недалёка да таго, каб падштурхнуць народ да думкі, быццам перадвыбарнае падвышэньне заробкаў - таксама подкуп.

У фінале ўступнага сюжэту высьвятляецца, што народныя подпісы атрымаў сам... галава сям'і, бацька, чалец журы. Для большай празрыстасьці намёку апрануты спачатку ў зялёную майку і чырвоную спартовую кофту, пазьней - у гарнітур з чырвона-зялёным гальштукам. Памылкай будзе лічыць гэткі фінал выказваньнем цьвёрдай і яснай грамадзянскай пазыцыі ў падтрымку прэзыдэнта. Бо ад яго застаецца ўражаньне, што той бацька папросту ўсіх абдурыў. Перапрануўшыся ў «народ» і выдаўшы сваю ўласную волю за ягоную.

Пасьля сканчэньня сюжэту і кароткага абмену вядучымі праграмы нібыта жартамі ў студыі зьяўляецца спадарыня Ярмошына. Неўзабаве яна робіць першую гучную заяву зь дзіўным прысмакам пад выглядам анэкдоту пра пажарнікаў: «Наогул праца цудоўная: форму выдаюць, заробак добры, працаваць ня кожны дзень... але як падумаю, што на пажар ехаць - хоць звальняйся». І дадае «Вось тое самае і ў нас...». Зразумела, што старанны і праўдзівы падлік народных галасоў ня мог бы выклікаць падобных панічных настрояў. У чым жа справа, што прымушае спадарыню Ярмошыну гэтак нэрвавацца ды яшчэ публічна заяўляць пра свае страхі? Сэнс ейнага ўдзелу ў праграме меўся зводзіцца да таго, каб прадэманстраваць, што дэманізаваная апазыцыяй чыноўніца - не бяздушны бюракратычны аўтамат, ня жорсткая і цынічная гаргара, а жывы, адкрыты і добразычлівы чалавек. Якога ніяк не западозрыш у чымсьці кепскім. Замест гэтага «маці галасоў беларускіх», як ахарактарызавалі яе вядучыя, прызнаецца, што робіць нейкую рызыкоўную, небясьпечную справу, гуляе з агнём, чаго ёй рабіць ня хочацца. Як быццам яна вымушана гэта рабіць, робіць пад прымусам. І амаль гатовая кінуць дурное: «хоць звальняйся»?!

Адзін зь вядучых, зачытваючы запісы зь фіктыўнага дзёньніка спадарыні Ярмошынай, сярод іншых прачытаў і такі: «Лічыла літары ў рамане "Вайна і мір"». Жарт з падвойным дном: вынікі такога падліку кожны можа пераправерыць пры жаданьні. Паколькі гэта жарт, у якім усё шыварат-навыварат, трэба разумець, што ў рэчаіснасьці старшыня ЦВК займаецца чымсьці іншым. Тэма сумленнасьці ЦВК і далей пэдалявалася ў іранічным кантэксьце. Напрыклад, Яўген Крыжаноўскі, узяўшыся зачытваць народныя прыказкі і прымаўкі, перайшоў ад усім вядомых да наваствораных: «Ярмошына лічыла - толькі праўду гаварыла», «Лазавік хлусіць ня звык». У дадатак ён вельмі пільна і шматзначна паглядзеў на спадарыню Ярмошыну, яна ажно сьцепанулася пад ягоным поглядам, прачытаўшы прыказку: «Хто радзіме здраджвае, тым народ пагарджае». Аб чыёй і якой здрадзе была гаворка? Пытаньне патрабуе ўважлівага вывучэньня.

Нарэшце, самае галоўнае і зусім ужо невытлумачальнае - разыграная ў «Кухні» рэпэтыцыя выбараў. У бюлетэнь былі ўпісаныя прозьвішчы чатырох вядучых, пасьля чаго старшыня ЦВК паклала яго пад сукно са словамі «Дэмакратыя скончылася» (?!!). Менавіта яна павінна была выбраць аднаго зь іх. Яўген Крыжаноўскі лічыў, што перамога наканаваная яму, б е з в а р ы я н т а ў. Тут трэба заўважыць, што праграму ён пачаў са звароту да трох маладзейшых вядучых: «Калі хочаце, можаце называць мяне бацькай», а ў выпуску з удзелам Мікалая Чаргінца насіў маску Аляксандра Лукашэнкі. А значыць, меў усе падставы спадзявацца на тое, што Лідзія Міхайлаўна назаве ягонае імя.



(Скрыншот запазычаны ў блогу annahonda)

Але старшыня ЦВК... раптоўна зламала перадвызначаны сцэнар выбараў (Крыжаноўскі камэнтаваў фінальную сцэну: «Адкрываем канвэрт і зачытваем прозьвішча: Кры-жа-ноў-скі»), назваўшы іншае імя, чым выклікала... ледзьве не авацыю ў залі. Яе выбраньнікам аказаўся...



(Скрыншот запазычаны ў блогу annahonda)

Ня выключана, што спадарыню Ярмошыну выкарысталі ўцёмную, аднак рэкамэндую ўсё-ткі праверыць старшыню ЦВК на ляяльнасьць.

У адрозьненьні ад Лідзіі Міхайлаўны, чыя роля ў гэтай каляпалітычнай гульні з дрэнным пахам выглядае туманнай і дваістай, Мікалай Чаргінец па-за падазрэньнямі - ён відавочна стаў ахвярай уласнай наіўнасьці, сьвята верачы, што на дзяржаўным тэлебачаньні ня можа адбывацца нічога крамольнага, тут усё робіцца для чалавека і ў імя чалавека. Таму ён, як нічога ніякага, не зважаючы на яхідныя ўсьмешачкі вядучых і забарону датэрміновай агітацыі, працягваў цьвёрда, настойліва і аддана агітаваць за гэтага чалавека. Зьвяртаючыся да Аляксандра Рыгоравіча наўпрост, дакладней да Яўгена Крыжаноўскага, які не жадаў выходзіць з ролі Аляксандра Лукашэнкі, ён сказаў: «Аляксандр Рыгоравіч, зычу вам, каб у вас усё было ў парадку, а яно так і будзе - вынікі будуць нармальныя, усё будзе... калі скончыце з усёй гэтай брыдотай (не пабаяўся назваць рэчы сваімі імёнамі! а то «выбары», «выбары», «дэмакратыя» - заўв. Будзімір) - не забудзьцеся замачыць». А перад тым, калі вядучыя пыталіся ў яго, што рабіць, каб народ мог пазнаёміцца з малавядомымі кандыдатамі, ці ня варта правесьці тэледэбаты, ён бліскуча парыраваў: «Што рабіць, што рабіць... піва піць!». Навязьлівае вяртаньне да тэмы алькаголю вымушае мяне рэкамэндаваць аддзелу па барацьбе зь несанкцыянаванай палітычнай і каляпалітычнай актыўнасьцю прыняць захады для аховы здароўя такога прыстойнага і сьвядомага грамадзяніна, сапраўднага нязломнага байца, як Мікалай Чаргінец.

Што да вядучых, гэтыя, ані не саромеючыся, працягвалі весьці сваю падрыўную дзейнасьць. Толькі ўжо, нібыта адчуўшы, што за імі ўважліва сочаць, больш тонка і завуалявана. Яны правялі апытаньне на вуліцы на прадмет пазнавальнасьці кандыдатаў, абраўшы шасьцёрку найменш вядомых у грамадзтве: Цярэшчанку, Статкевіча, Рымашэўскага, Міхалевіча, Кастусёва і Уса. Дзякуючы каляжам Ліпковіча, Кастусёва распазналі ажно тры чалавекі, усяго адзін ведаў Рымашэўскага, астатніх ня ведаў ніхто з 74 апытаных мінакоў. Вядучы, які праводзіў апытаньне, падагульніў: «Цяжка ўявіць, як будуць галасаваць. Напэўна, за самага вядомага і пазнавальнага».

Ізноў-ткі, ня варта спакушацца ўбачыць у гэтым цьвёрдую і ясную грамадзянскую пазыцыю ў падтрымку прэзыдэнта. Бо «самы вядомы і пазнавальны» аказаўся не адзін, як можна і трэба было б чакаць, а цэлыя тры: Лукашэнка, Саньнікаў і Някляеў. Менавіта з гэтымі трыма маскамі на «Кухні» зладзілі гульню. Гульню вельмі дзіўную, бо маску Лукашэнкі, па-першае, распазналі далёка не адразу, а па-другое, пакінулі яе ў кампаніі з маскай Чаргінца. І хаця маска дзейнага прэзыдэнта маячыла на экране значна даўжэй за іншых, сапраўдны «мэсыдж» спарваньня яе з маскай Мікалая Іванавіча даволі подлы, бо спадар Чаргінец ўвогуле ніякі не кандыдат. Зьдзекліва называючы яго кандыдатам і ставячы на адну дошку з пакуль яшчэ прэзыдэнтам, апошняга, відавочна, выводзяць з гульні, здаюць ва ўтыль.

Заклікаю аддзел па барацьбе зь несанкцыянаванай палітычнай і каляпалітычнай актыўнасьцю неадкладна прыняць жорсткія захады па выкараненьні крамолы на дзяржаўным тэлебачаньні, дзе зьвілі гняздо шкоднікі, сабатажнікі і дывэрсанты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG