Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы суд Бішкеку прыступіў да разгляду крымінальнай справы па фактах падзей, якія адбыліся 7 красавіка ў цэнтры кіргіскай сталіцы і прывялі да зьмены ўлады ў краіне.

Пасяджэньне суду праходзіць у адкрытым рэжыме. Па справе праходзяць 28 абвінавачаных, шэсьць зь іх знаходзяцца ў вышуку за межамі Кіргізстану.

Сярод абвінавачаных завочна — былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў, яго малодшы брат, начальнік прэзыдэнцкай аховы Жаныбек Бакіеў, старэйшы сын Курманбека Бакіева Марат, былы кіраўнік спэцслужбы Мурат Суталінаў.

Іншыя 22 абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай, пад хатнім арыштам і падпіскай аб нявыезьдзе.

Сярод абвінавачаных таксама супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня "Альфа" дзяржаўнай службы нацбясьпекі Кіргізстану і Службы дзяржаховы. Усім прад'яўленыя абвінавачваньні ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў і ў забойстве двух ці больш чалавек.

Працэс праходзіць у будынку Палаца спорту Бішкеку, бо ніводзін судовы будынак ня можа зьмясьціць усіх удзельнікаў працэсу — з улікам сьведак і сваякоў іх можа быць каля тысячы чалавек.

Як паведамляе карэспандэнт Свабоды, на сцэне Палацу ўсталяваная «клетка», у ёй знаходзяцца былы міністар абароны КР Бакыт Калыеў, і два намесьнікі кіраўніка Службы дзяржаўнай аховы КР Нурлан Цемірбаеў і Даніяр Дунганаў.

Па-за «клеткай» знаходзяцца іншыя фігуранты справы: экс-кіраўнік прэзыдэнцкага Сакратарыяту Аксана Малеваная, былы дарадца прэзыдэнта Элмырза Сатыбалдзіеў, былы кіраўнік Апарату прэзыдэнта Каныбек Жароеў, былы генпракурор КР Нурлан Турсункулаў, супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьня «Альфа», Службы дзяржаўнай аховы.

У красавіку 2010 году ў Кіргізстане адбыліся масавыя выступы супраць Курманбека Бакіева, якія суправаджаліся сутыкненьнямі з праваахоўнымі органамі. Загінулі 87 чалавек, каля 500 атрымалі раненьні і траўмы. У выніку гэтых падзей Бакіеў пакінуў краіну і пазбавіўся пасады. На запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі ён прыехаў у Беларусь. Афіцыйны Менск адмовіўся выдаваць Бакіева кіргіскім уладам.
XS
SM
MD
LG