Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Сёньня ў Амстэрдаме адкрываецца адзін з найбуйнейшых і вельмі аўтарытэтны ў сьвеце міжнародны фэстываль дакумэнтальнага кіно. У конкурсе студэнцкіх фільмаў бярэ стужка "Днюка" маладых беларускіх дакумэнталістаў Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі, зьнятая для тэлеканалу "Белсат".

Ракіцкі:
Патрапіць у конкурс гэтага фэстывалю вельмі складана. На папярэдні прагляд дасылаюць сотні фільмаў, а ў конкурс у кожную праграму ўключаюць прыкладна па пятнаццаць фільмаў. У Андрэя Куцілы пасьпяховай стала другая спроба. Ягоны фільм — сярод трынаццаці, абраных аргкамітэтам, што ўжо можна назваць посьпехам. Карціна рабілася, калі ён быў студэнтам Беларускай акадэміі мастацтваў. Фільм ужо браў удзел у трох кінафэстывалях і на ўсіх трох атрымліваў прызы.

Куціла: Першы фэстываль, у якім удзельнічаў гэты фільм, быў у славацкай Кошыцы. Там тэлеканал "Белсат" за гэтую стужку атрымаў галоўны прыз. Потым невялічкі фэстываль незалежнага кіно ва ўкраінскім Львове прынёс нам узнагароду за лепшы дакумэнтальны фільм. І вось некалькі дзён таму мы атрымалі два спэцыяльныя прызы на "Лістападзе" ў Менску.

Ракіцкі: Растлумачце, калі ласка, што азначае назоў "Днюка"?

Куціла: "Гэтае слова з фальклёру, палескага дыялекту беларускай мовы. Гэтым словам вяскоўцы-палешукі выказваюць думку "Абы дзень прайшоў!" Яно азначае нейкае пражыцьцё, дняваньне, быцьцё — маруднае існаваньне. Адзін з эпізадычных герояў кажа цэнтральнаму пэрсанажу "А, табе, г., абы днюка!"

Ракіцкі: У Амстэрдаме фільм будзе дэманстравацца пад ангельскім назовам "Kill the Day". Такі варыянт, з вашага гледзішча, больш будзе зразумелым заходняму гледачу?

Куціла: Гэты назоў больш гучны. Перакладчык доўга шукаў такі эквівалент. І мне падаецца ён удалым.

Ракіцкі: Назоў на Захадзе зразумеюць. А ці зразумеюць там гледачы неўпрыгожаную рэальнасьць беларускай палескай вёскі?

Куціла: Нацыянальнае — заўсёды ўнівэрсальнае. Яно заўсёды і ўсюды цікавае. І калі з рэжысэрскіх, апэратарскіх прыёмаў з нацыянальнага робіцца наднацыянальнае, тады яно зразумела кожнаму. Агульначалавечае паўстае з нацыянальнага. Калі мы атрымліваем эмоцыі ад карцінкі, ад дыялёгаў, ад атмасфэры, ад прасторы, тады ня так важна, дзе быў зьняты фільм. Галоўнае — пачуцьці, якія перажываюцца.

Ракіцкі: Якое кіно вы ўвогуле любіце здымаць? Што вам, маладому рэжысэру, бліжэй у кінэматографе?

Куціла: Тое, што мяне асабіста кранае. І для мяне ня так і важна, што і каго здымаць: ці палескую вёску, ці вялікі горад, ці сталых людзей, ці маладых. Галоўнае, каб я разумеў герояў, пранікаўся іхнымі лёсамі. І каб я быў упэўнены, што ў гледача выклікаю адпаведныя пачуцьці. Мова эмоцыяў — галоўнае ў кіно.

На міжнародным кінафэстывалі "Лістапад" фільм "Днюка" Андрэя Куцілы і Аляксандра Налівайкі атрымаў два спэцыяльныя прызы — кінакрытыкаў і Беларускага саюзу кінэматаграфістаў.


  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG