Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу пасьля рэгістрацыі, якая пройдзе 18 лістапада ў Палацы рэспублікі, дэмакратычныя кандыдаты ў прэзыдэнты распачнуць агітацыйную кампанію. У чым яе асаблівасьці?

Папярэдне запісаныя на стужку выступы кандыдатаў будуць гучаць па радыё і тэлебачаньні з 22 лістапада і працягнуцца да 3 сьнежня. Таксама кандыдаты змогуць узяць удзел у тэле- і радыёдэбатах, якія заплянаваны Цэнтравыбаркамам пасьля 3 сьнежня. Кандыдаты таксама маюць права купіць дадатковы час для выступаў. Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі сказаў, што расцэнкі рэклямы зьмешчаны на сайце кампаніі.

"Цана рэклямы, гаворка ня ідзе пра тое, палітычная яна ці не. Бо нехта можа выбраць прайм-тайм час, на свой густ ці па грошах. І ў сярэдзіне блёка, дзе вы звычайна глядзіце рэкляму, зьяўляецца ролік таго ці іншага кандыдата. То бок, ня будзе таго, што, "а цяпер палітычная рэкляма". Ён цягнецца 15 сэкунд, не бывае ролік на тры хвіліны".

Спадар Зімоўскі сумняваецца, што нехта з кандыдатаў зможа набыць большы час на тэлебачаньні, бо на гэта наўрад ці хопіць грошай.

Кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч лічыць, што час выступаў на тэлебачаньні сплянаваны наўмысна:

"Я разумею, што гэта робіцца наўмысна: за 9 дзён зрабіць 18 гаворачых галоў. Кожнаму па паўгадзіны, два разы з тым, каб у галовах выбарцаў узьнікла нейкая каша, каб яны нікога ня вылучылі і не запомнілі. Потым паўмесяца да выбараў па тэлебачаньні калі каго-небудзь аблаяць, то гэта за шчасьце. Выбараў у Беларусі няма, і сваю галоўную задачу ў гэтай кампаніі я бачу ў тым, каб дамагчыся ў Беларусі вольных, дэмакратычных выбараў. Я блазнам, клоўнам быць не хачу. Я буду рабіць усё магчымае, каб гэты спэктакль зламаць".

Паводле падліку адмыслоўцаў, у найлепшым выпадку кандыдат у прэзыдэнты афіцыйна павінен правесьці сваю выбарчую кампанію ўсяго за 60 тысяч даляраў з улікам сродкаў яго ўласнага выбарчага фонду. Кандыдат Алесь Міхалевіч кажа, што выдзеленых дзяржавай грошай хопіць толькі на друкаваную прадукцыю.

"Зразумела, што патрэбны грошы на іншыя рэчы, нават аб'езд Беларусі каштуе дастаткова шмат. І ЦВК на гэта грошы не дае.

Зразумела, будуць уласныя сродкі, будзе створаны фонд, будзем рабіць рэклямную кампанію, каб людзі ахвяроўвалі ў мой выбарчы фонд, каб я мог праводзіць выбарчую кампанію".

Кандыдат Яраслаў Раманчук сказаў, што падрыхтоўка да агітацыйнай кампаніі ідзе поўным ходам.


"Апошнія штрыхі ў праграму, інфармацыйныя матэрыялы, плякаты, зрабілі яшчэ адну фотасэсію, каб падабраць лепшыя здымкі. Рэгіёны падаюць заяўкі на памяшканьні для сустрэчаў з выбаршчыкамі. Гэта ўсё ў такім рабочым рэжыме, каб зь нядзелі можна было пачаць працу ў рэгіёнах, і мы пачнём зь Берасьця".



Кіраўнік ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў абяцае крэатыў. Плянуецца ня толькі распаўсюд адметнай агітацыйнай прадукцыі, але і "гарачая" лінія па тэлефоне і ў інтэрнэце, таксама паездкі кандыдата па рэгіёнах.

"Ёсьць, вядома, і пэўныя абмежаваньні. Пасьля таго, як была апублікаваная колькасьць месцаў, дзе можна праводзіць пікеты, сустрэчы, відавочна, што яна вельмі абмежаваная.

Мы будзем намагацца ад ЦВК, каб яна вярнула магчымасьці, якія былі цягам падпісной кампаніі. І будзем апэляваць да міжнароднай супольнасьці, каб яна на гэта зьвярнула ўвагу.

Але мы цалкам адчуваем гатоўнасьць".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG