Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як Вы ацэньваеце вынікі працы Лукашэнкі прэзыдэнтам за 16 гадоў?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Я ацэньваю гэты пэрыяд адмоўна. Справа ў тым, што мы знаходзімся цяпер амаль у такім жа стане, як і шаснаццаць гадоў таму. Эканамічныя рэформы так і не праведзеныя, і мы зноў павінны пачынаць і рабіць тое, што мусілі зрабіць даўно».

Спадар: «Станоўча. Не разваліў краіну — Беларусь. Гэта самая важная ягоная заслуга».

Спадарыня: «Не магу сказаць, што ў нас усё так дрэнна. Я лічу, што з прыходам Лукашэнкі ў нас стала лепей, чым было».

Спадар: «Параўнайце цэны і ўзровень жыцьця. Пакупная здольнасьць якая? Да цэнаў гэтыя заробкі малыя».

Спадарыня: «Станоўча тое, што ў краіне ёсьць пэўны парадак і пэўная дастаткова моцная вэртыкаль улады. Зь іншага боку, тут ёсьць і адмоўныя моманты — адсутнасьць дэмакратыі й галоснасьці. І цяпер зноў дабрабыт падае, і вельмі вялікі разрыў паміж беднымі й багатымі».

Спадар: «Чаму цыганоў Лукашэнка не бярэ на працу? Тры тыдні бегаю, каб уладкавацца на працу, але мяне ніхто не бярэ таму, што я цыганка. Дворнікам хачу быць, а мяне не бяруць».

Спадар: «У пасёлках і малых гарадках няхай бы працаваў, а там у іх нідзе няма працы. Нідзе ў мястэчках і гарадках не ўладкавацца на працу».

Спадарыня: «У нас краіна чысьцейшай стала. Заробкі своечасова плацяць, будаўніцтва вядзецца. Раней кватэру трэба было паўжыцьця чакаць. Цяпер крэдыты, калі ласка».

Спадар: «Удалося атрымаць даволі вялікія сродкі ад Расеі і за кошт гэтага ўтрымацца на паверхні».

Спадар: «Ня надта. Заганяе краіну ў даўгі — вось, у прынцыпе, і ўсё. Толькі што парадак больш-менш на вуліцах».

Спадар: «Кепска. Людзі прападаюць. Гэта турбуе».

Спадар: «У краіне зьнішчаны галоўны канстытуцыйны прынцып — прынцып падзелу ўладаў. Лукашэнка ўсе гэтыя шаснаццаць гадоў падзяляе і ўладарыць».

Спадар: «Лічу добра, што пакінуў калгасы ды іншае такое. А тое, што лаецца з усімі, мне не падабаецца. Мне хацелася б, каб зьнешнія стасункі былі лепшымі».

Спадарыня: «Ня бачу добрых вынікаў. Нарабіў толькі адных байструкоў».

Спадар: «З усіх вынікаў адзін толькі можна лічыць станоўчым — што падымаецца хакей. Таму яму не прэзыдэнтам трэба быць, а старшынём фэдэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь».

Спадарыня: «Мне падабаецца, што ён не разбазарыў краіну. Заводы працуюць, дысцыпліна належная. Па-мойму, як расейцы прыйдуць, то зьнішчаць Беларусь. Мару толькі, каб мы аб’ядналіся зь Літвою».
XS
SM
MD
LG