Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якое пасланьне прывёз эўракамісар Фюле?


Камісар Эўрасаюза Штэфан Фюле зьдзейсьніў чарговы візыт у Менск. Чым выклікана ўвага эўрапейскіх палітыкаў да Беларусі? Пытаньні дэмакратыі ці геапалітыкі пераважаюць у перамовах паміж Менскам і Брусэлем. Чаго чакае Эўразьвяз ад Беларусі?


Удзельнікі: палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску і экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы.

Андрэй Фёдараў
Каміль Клысіньскі
Валер Карбалевіч


Чым выклікана ўвага эўрапейскіх палітыкаў да Беларусі?


Валер Карбалевіч: «Апошнім часам эўрапейскія палітыкі зачасьцілі ў Менск. У чым прычына гэтага? Пытаньні дэмакратыі ці геапалітыкі пераважаюць у перамовах паміж Менскам і Брусэлем?»

Андрэй Фёдараў: «Галоўная прычына — прэзыдэнцкія выбары, што набліжаюцца. Хоць візыт прэзыдэнта Літвы Грыбаўскайце меў на мэце вырашэньне двухбаковых пытаньняў паміж краінамі.

ЭЗ імкнецца пацьвердзіць правільнасьць сваёй цяперашняй палітыкі адносна Беларусі. Эўропа імкнецца захаваць Беларусь у полі свайго прыцягненьня і дэмакратызаваць Беларусь. Я ня бачу супярэчнасьцяў паміж гэтымі задачамі. Бо недэмакратычную Беларусь ЭЗ немагчыма доўга ўтрымліваць у сваім геапалітычным полі».

Карбалевіч: «сп. Фёдараў, вы кажаце, што пытаньні дэмакратыі і геапалітыкі не супярэчаць адно другому. Але, баюся, сп. Грыбаўскайце з гэтым не пагодзіцца».

Фёдараў: «Адна мэта зьяўляецца далёкай, а іншая — блізкай. І для дасягненьня адной трэба ахвяраваць частку другой».
Брусэль ня можа разьлічваць на большае, чым бутафорная лібэралізацыя падчас прэзыдэнцкіх выбараў.


Каміль Клысінскі: «Сапраўды, ЭЗ трэба пацьвердзіць, што палітыка дыялёгу зь Беларусьсю дала эфэкт. Але разьлічваць на моцную дэмакратызацыю Беларусі ня варта. А закрытае, неафіцыйнае выказваньне Грыбаўскайце адлюстроўвае пэўныя настроі эўрапейскіх палітыкаў.

Галоўным чыньнікам стаўленьне ЭЗ да Беларусі зьяўляецца ціск Масквы на Менск. Аднак ЭЗ афіцыйна ня можа адмовіцца ад каштоўнасьцяў. Але Брусэль ня можа разьлічваць на большае, чым бутафорная лібэралізацыя падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Галоўнае, каб не было рэпрэсій, каб сапраўды было ўсё элегантна».

Чаго чакае Эўразьвяз ад Беларусі?


Карбалевіч: «Сапраўды, у ЭЗ няма ілюзій наконт правядзеньня ў Беларусі свабодных выбараў. Тады на што робіць стаўку Эўропа?»

Фёдараў: «Стаўка робіцца на пакрокавы рух да дэмакратыі. Сапраўды, ілюзіяў у Эўропе няма. Пра гэта сьведчаць заявы сп. Фюле. Тым ня менш, пэўныя зрухі ў бок лібэралізацыі падчас выбараў адбываюцца. ЭЗ ня можа вяртацца да палітыкі жорсткага супрацьстаяньня з афіцыйным Менскам. Каб рух па гэтым шляху працягваўся, Брусэль прапануе Беларусі пэўныя пернікі, якія вельмі патрэбныя Менску падчас супрацьстаяньня з Расеяй».

Клысінскі: «ЭЗ зыходзіць з таго, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе пасьля выбараў. Пазыцыя Эўропы абумоўлена і слабасьцю беларускай апазыцыі, яе раздробленасьцю. А Лукашэнка мае свой электарат.

Самае галоўнае, што будзе пасьля выбараў. Масква прыціскае Лукашэнку да сьценкі. І той прамежкавы плян, які прывёз у Менск Фюле, можа аказацца альтэрнатывай для кіраўніцтва Беларусі. Але пры ўмове, што там будуць канкрэтныя эканамічныя праекты. А з гэтым у ЭЗ заўсёды былі праблемы».

Пазыцыя Беларусі


Карбалевіч: «А на што гатовы афіцыйны Менск? З аднаго боку, ён зацікаўлены ў эканамічным супрацоўніцтве з ЭЗ, фінансавай падтрымцы. А зь іншага боку, кіраўніцтва Беларусі не хацела б мяняць палітычную сыстэму краіны. Якое выйсьце будзе шукаць з гэтай сытуацыі беларускі бок?»
Менск будзе спрабаваць выкалупваць разынкі з той булкі, якую прапануе ЭЗ.

Фёдараў: «Менск будзе спрабаваць выкалупваць разынкі з той булкі, якую прапануе ЭЗ. Вядома, ЭЗ ня можа адмовіцца ад сваіх каштоўнасьцяў. Будзе торг. Хуткіх зрухаў чакаць не выпадае. Магчыма будзе павольнае, пакрокавае збліжэньне.

Шмат будзе залежаць ад адносін з Расеяй, якая дасюль зьяўляецца спонсарам беларускай эканомікі. Лічу, што пункт невяртаньня ў беларуска-расейскіх дачыненьнях пройдзены. Таму ціск Масквы будзе ўзрастаць. І каб забясьпечыць сабе падтрымку Захаду, беларускія ўлады будуць вымушаны адпускаць лейцы ва ўнутранай палітыцы. Бо такую падтрымку, якую можа аказаць Захад, ня могуць аказаць ні Кітай, ні Іран, ні Вэнэсуэла».

Клысінскі: «Менск зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Захадам у тых сфэрах, дзе можна атрымаць грошы. Напрыклад, каб атрымаць грошы ў МВФ. Але і дэмакратызацыі Лукашэнка баіцца.

Тым ня менш, пагроза з боку Расеі зьяўляецца больш сур’ёзнай, чым мяккі, раздроблены ЭЗ. Думаю, цягам 1-2 гадоў Лукашэнка зробіць стаўку на збліжэньне з Эўразьвязам. Але, каб ня выклікаць абурэньня грамадзкай думкі Эўропы, Менск будзе вымушаны рабіць крокі па шляху дэмакратызацыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG