Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Улады вырашылі, што лібэралізацыя на этапе збору подпісаў была пераборам”


Юры Чавусаў

Юры Чавусаў

У Менску і рэгіёнах улады вызначылі месцы і памяшканьні для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі з выбарцамі, а таксама для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюць выбарцы. Менгарвыканкам вызначыў, што агітацыйныя мерапрыемствы павінны перамясьціцца далей ад цэнтру, у спальныя і працоўныя раёны. Пра што кажуць гэтыя рашэньні ўладаў? Ці падпарадкуюцца кандыдаты ў прэзыдэнты гэтым распараджэньням? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае палітоляг Юры Чавусаў.


Цыганкоў: Пра што сьведчаць рашэньні ўладаў наконт месцаў для правядзеньня сустрэч кандыдатаў у прэзыдэнты? Няўжо ўлады вырашылі, што дапусьцілі занадта вялікую лібэралізацыю падчас першага этапу выбараў, і таму трэба адкруціць назад?

Чавусаў: Так, я думаю, прычына ў той пасьпяховасьці, якую мелі апазыцыйныя кандыдаты на этапе збору подпісаў, калі пікеты стаялі дзе заўгодна, і на гэтых месцах зьбіраліся сапраўдныя мітынгі, абмеркаваньні, дыскусіі. Гэта, на погляд аналітыкаў улады, напэўна, было ўжо пераборам. Таму было вырашана на этапе агітацыйным магчымасьці для сходаў выбарцаў абмежаваць. Зрэшты, гэта ёсьць стандартам для ўсіх беларускіх выбараў — абмежаваньні на правядзеньне перадвыбарчых сходаў
Прычына ў той пасьпяховасьці, якую мелі апазыцыйныя кандыдаты на этапе збору подпісаў.


Цыганкоў: На вашую думку, ці трэба кандыдатам у прэзыдэнты выконваць гэтую пастанову мясцовых уладаў? Няўжо, калі зарэгістраваны кандыдат у прэзыдэнты пачне свой агітацыйны пікет, напрыклад, каля ГУМа ў Менску, — няўжо міліцыя яго затрымае?

Чавусаў: Складанае пытаньне, і, напэўна, кожны са штабоў кандыдатаў мае розную стратэгію. Мы бачым, што нават на этапе збору подпісаў толькі некалькі ініцыятыўных групаў карысталіся шырокімі магчымасьцямі. Напрыканцы этапу збору подпісаў нават на праспэкце Незалежнасьці стаяла ўсяго толькі некалькі пікетаў розных ініцыятыўных групаў.

Я думаю, што ініцыятыўныя групы будуць абскарджваць гэтыя рашэньні мясцовых уладаў, якія робяць немагчымымі паўнавартасныя сустрэчы з выбаршчыкамі.

Цыганкоў: Ці трэба траціць час на гэтыя абскарджаньні?

Чавусаў: Задача лукашэнкаўскай адміністрацыі — зрабіць з гэтых выбараў прыгожую карцінку. «Глядач» гэтага спэктаклю — зусім не кандыдаты. Глядач — эўрапейскія назіральнікі. Якраз для іх незадаволенасьць кандыдатаў будзе сьведчыць пра тое, што ня ўсё так гладка з выбарчым працэсам. Так што, я думаю, што такое абскарджваньне мае сэнс.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG