Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмерць Магніцкага: Кангрэсмэны ЗША хочуць візавых санкцый


Сяргей Магніцкі, 2006

Сяргей Магніцкі, 2006

Год таму ў сьледчым ізалятары ў Маскве, у гэтак званай Бутырскай турме, памёр юрыст Сяргей Магніцкі.

Як лічаць адвакаты сям’і Магніцкага і праваабаронцы, прычынай ягонай сьмерці была афіцыйная адмова накіраваць цяжка хворага вязьня на шпітальнае лячэньне.

У верасьні сёлета ў Кангрэс ЗША быў унесены законапраект, які прадбачвае ўвядзеньне візавых санкцый ў дачыненьні да 60 расейскіх службоўцаў, якіх амэрыканскія кангрэсмэны лічаць датычнымі да сьмерці Магніцкага і да справы аб карупцыі сярод чыноўнікаў, якую спрабаваў абнародаваць гэты юрыст.

Магніцкі, народжаны ў 1972 годзе, працаваў як спэцыяліст па падатках у брытанскай юрыдычнай фірме Fireston Duncan. Ён абараняў інвэстыцыйны фонд Hermitage Capital Management у судзе, калі супраць фонду была распачатая справа аб ухіленьні ад сплаты падаткаў.

У кастрычніку 2008 году Магніцкі даў паказаньні, зь якіх вынікала, што забраныя сьледчымі дакумэнты і пячаткі згаданага фонду былі выкарыстаныя ў крымінальнай схеме перарэгістрацыі шэрагу фірмаў на новых уласьнікаў і незаконнага вяртаньня падаткаў на суму 23 мільёнаў даляраў. Замест таго, каб распачаць сьледзтва паводле гэтых паказаньняў, улады ў лістападзе 2008 арыштавалі Магніцкага і абвінавацілі яго самога ў нясплаце падаткаў.

У апошнім выданьні амэрыканскага двухмесячніка Foreign Policy Дэйвід Крэймэр, выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі "Freedom House" піша, што на мінулым тыдні расейскія ўлады сымбалічна наплявалі на магілу Магніцкага, павысіўшы па службе афіцэраў МУС, якія былі датычныя да зьняволеньня юрыста і да карупцыйнай схемы, якую ён стараўся выкрыць.

"У сваёй прамове ў жніўні Мядзьведзеў шкадаваў, што ягоная антыкарупцыйная кампанія дае мізэрныя вынікі", – піша Крэймэр у Foreign Policy. – "Справа Магніцкага пераканаўча сьведчыць аб тым, што ведамствы, такія як МУС і іншыя, кідаюць адкрыты выклік прэзыдэнту або, ня менш верагодна, што рыторыка Мядзьведзева застаецца ня болей чым рыторыкай".

Сэнатар Бэн Кардын, які зьяўляецца спонсарам законапраекту аб забароне ўезду ў ЗША для 60 расейскіх службоўцаў, датычных да справы Магніцкага, заклікае Эўразьвяз, Канаду і іншыя краіны, каб яны далучыліся да гэтых візавых санкцый.
XS
SM
MD
LG