Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Студэнты ЭГУ салідарныя з затрыманым Дзядком


Студэнцкае прадстаўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту і моладзевая ініцыятыва "Studalliance" абвяшчаюць пра бестэрміновую акцыю салідарнасьці са студэнтам ЭГУ Міколам Дзядком, якога ўжо два з паловай месяцы трымаюць пад вартай.

"Не атрымаўшы хоць якой-небудзь рэакцыі ці адказу з боку афіцыйных уладаў Беларусі (студэнты ЭГУ ўжо накіроўвалі адкрыты зварот у СМІ, а таксама падалі заявы Генэральнаму пракурору Беларусі і амбасадару Беларусі ў Літве), мы прынялі рашэньне пра арганізацыю бестэрміновай акцыі салідарнасьці зь Міколам Дзядком да яго поўнага вызваленьня", — паведамілі "Народнай Волі" ў "Studalliance".— "Сёньня, у Дзень салідарнасьці з ахвярамі палітычнага рэжыму ў Беларусі, мы заклікаем далучыцца да акцыі салідарнасьці зь Міколам Дзядком. Мы патрабуем ад сілавых структур Беларусі альбо вызваліць Дзядка з-пад варты з-за адсутнасьці наўпроставых доказаў яго датычнасьці да якіх бы там ні было правапарушэньняў і злачынстваў, альбо правесьці адкрыты і справядлівы суд па матэрыялах справы".

У "Studalliance" лічаць, што той факт, што дзяржаўныя абвінаваўцы ўжо некалькі разоў зьмянялі свае абвінавачаньні, кажа толькі пра адно: абвінаваўцы ня маюць наўпроставых доказаў датычнасьці Дзядка да правапарушэньняў.

Студэнты ЭГУ заявілі, што будуць дамагацца неадкладнага вызваленьня Міколы Дзядка з-пад варты любымі законнымі сродкамі як у Беларусі, так і празь міжнародныя інстытуты і арганізацыі.

Нагадаем, што па справе праходзяць Мікола Дзядок, Аляксандар Францкевіч і Максім Веткін. Як паведамляе сайт belarus.avtonom.org, беларускі анархіст Максім Веткін прызнаў сваю датычнасьць да падпалу банку 1 траўня і нападу на амбасаду Расеі 30 жніўня. Сябры актывіста ўпэўненыя, што прызнаньне ён зрабіў пад ціскам міліцыі.
XS
SM
MD
LG