Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МВФ: Беларускія ўлады пакуль не зьвярталіся па новыя крэдыты


Міжнародны валютны фонд па-ранейшаму занепакоены зьнешняй уразьлівасьцю беларускай эканомікі. Пра гэта заявіў кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Крыстафэр Джарвіс 16 лістапада на брыфінгу ў Менску.

Экспэрты фонду працавалі ў Менску з 3 па 16 лістапада ў рамках штогадовых кансультацый і агляду эканамічнай палітыкі Беларусі, паведамляе БелаПАН.

"Беларусь аднаўляецца пасьля сусьветнага эканамічнага крызісу, аднак захоўваюцца сур'ёзныя фактары ўразьлівасьці. Першачарговая задача — скарачэньне дэфіцыту рахунку бягучых апэрацый", — сказаў Джарвіс.

Паводле ягоных слоў, высокі дэфіцыт рахунку бягучых апэрацый — гэта часткова наступства павышэньня цэнаў на нафту, а таксама пашырэньня крэдытаваньня, перадусім у рамках дзяржаўных праграм.

"Нядаўняе павышэньне зарплаты ў бюджэтным сэктары можа ўзмацніць гэты ціск, хоць мы прызнаем, што яно ў некаторай ступені заклікана зблізіць узроўні заробкаў у бюджэтным і прыватным сэктарах", — адзначыў кіраўнік місіі МВФ.

Разам з тым Джарвіс падкрэсьліў, што ў наступны пэрыяд прыярытэтнай задачай павінна стаць скарачэньне дэфіцыту рахунку бягучых апэрацый. Гэтага, на думку экспэртаў МВФ, можна дасягнуць, спалучаючы больш жорсткую падаткова-бюджэтную палітыку, скарачэньне чыстага крэдытаваньня ў рамках дзяржаўных праграм, захаваньне дадатных працэнтных ставак і павышэньне гнуткасьці абменнага курсу.

МВФ пазытыўна ацэньвае цяперашні дыяпазон валютнага курсу ў Беларусі. Разам з тым фонд рэкамэндуе Нацыянальнаму банку скарыстаць свабоду дзеяньняў у рамках калідора валютнага кошыка, які складае плюс-мінус 10%.

Па словах Джарвіса, беларускія ўлады ў пэрыяд працы місіі не зьвярталіся да МВФ з просьбай аб новых пазыках, аднак фонд гатовы разгледзець магчымасьць чарговай праграмы фінансаваньня, калі такая просьба паступіць.

"Афіцыйныя органы Беларусі шмат чаго дасягнулі ў бягучым годзе. Беларусь пазьбегла рэцэсіі, аднавіўся эканамічны рост, які склаў са студзеня па кастрычнік 6,8%. Беларусь атрымала доступ на міжнародныя рынкі капіталу, выпусьціўшы эўрааблігацыі. Дасягнутыя таксама некаторыя посьпехі ў галіне структурных рэформаў, — адзначыў кіраўнік місіі МВФ. — Варта таксама вітаць ініцыятывы афіцыйных органаў па далейшай лібэралізацыі эканомікі і разьвіцьці прадпрымальніцтва з упорам на разьвіцьцё малых і сярэдніх прадпрыемстваў".

Разам з тым, падкрэсьліў Джарвіс, вырашальнае значэньне маюць структурныя рэформы.

"МВФ гатовы супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў фармаце новага пагадненьня або рэгулярных кансультацый з афіцыйнымі органамі па пытаньні эканамічнага разьвіцьця і эканамічнай палітыкі. Пасяджэньне Выканаўчай рады МВФ дзеля абмеркаваньня вынікаў кансультацый аб артыкуле 4 у адносінах да Рэспублікі Беларусь адбудзецца на пачатку студзеня 2011 году", — сказаў на заканчэньне Крыстафэр Джарвіс.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG