Лінкі ўнівэрсальнага доступу


16 лістапада ў Менску будзе прэзэнтаваная кніга "Мы памятаем", якая прысьвечана памяці беларускіх палітыкаў і журналістаў, якія зьніклі альбо загінулі пры падазроных абставінах.


Кніга "Мы памятаем" выдадзена на замову "Свабоднага тэатру" і грамадзкай ініцыятывы "Мы памятаем", якую ўзначальвае Ірына Красоўская, выданьне прысьвечана загінулым на мяжы стагоддзяў беларускім палітыкам новай хвалі. Гэта Юры Захаранка, Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі і Зьміцер Завадзкі. Аўтар кнігі, пісьменьнік і сцэнарыст Уладзімер Халіп, мяркуе, што збольшага для грамадзтва не сакрэт, у чым прычыны тых злачынстваў, вядомыя і заказчыкі. Але застаецца сакрэт чалавечых трагедый, у тым ліку трагедый сваякоў і блізкіх.

"Я хацеў распавесьці ня столькі пра палітыкаў, колькі пра іх сваякоў, родных, блізкіх, знаёмых, пра тое, што адбылося зь імі пасьля таго, як раптоўна зьніклі гэтыя людзі. Павінны сказаць, што я трапіў у такую зону, дзе не канчаецца няшчасьце. 10 гадоў, што прайшлі, нічога не зьмянілі ў гэтым стане. Людзі гэтак жа балюча ўспрымаюць цяпер тое, што было тады, як быццам гэта адбылося толькі што, таму некаторыя не хацелі расказваць, ім цяжка было туды вяртацца. Мяркую, важна ня толькі абвінавачваць, тут усё зразумела, але выклікаць да гэтых людзей спагаду. Выклікаць разуменьне таго, што тое, што адбылося з гэтымі людзьмі, магло адбыцца ў гэтай краіне з кожным".

Палітыкі Анатоль Лябедзька і Андрэй Саньнікаў, паэт Сяргей Законьнікаў не даводзяцца зьніклым сваякамі, але таксама дзеляцца ўспамінамі, прычым вельмі зьмястоўнымі і нават драматычнымі. Анатоль Лябедзька мог бы згадваць пра кожнага з тых, хто трапіў у сучасны мартыралёг, і перакананы, што гэтая тэма надоўга застанецца актуальнай.

"Гэта пытаньне цалкам ня зьнікне нават тады, калі будуць дадзеныя ўсе адказы, калі замест пытальнікаў будуць кропкі. А заказчыкі, арганізатары і выканаўцы атрымаюць тое, што яны павінны атрымаць паводле закону. Усё роўна гэтая тэма будзе прысутнічаць у кнігах, у мэмуарах, у гісторыі, бо яна закранае лёсы людзей, якія пакінулі пасьля сябе значны сьлед."

Былы віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Генадзь Карпенка памёр з загадкавых прычын увесну 1999 году. Празь месяц зьнік былы міністар унутраных спраў Юры Захаранка. У верасьні таго ж году былі скрадзеныя былы старшыня Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. У ліпені 2000 году зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі.

16 лістапада, як і заўсёды 16-га чысла кожнага месяца, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці адзначаць дзень беларускай салідарнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG