Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 лістапада дэмакратычная грамадзкасьць адзначыць Дзень салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых і палітычнымі вязьнямі Беларусі. Удзельнікі акцыі традыцыйна зьбяруцца на Кастрычніцкай плошчы Менску. У сёньняшнім Дні салідарнасьці таксама плянуюць прыняць удзел кандыдаты ў прэзыдэнты Беларусі.

Дзень салідарнасьці арганізоўваюць актывісты незарэгістраванай арганізацыі Малады Фронт, якія запрашаюць на месца збору ўсіх неабыякавых людзей. Пра адметнасьць сёньняшняй акцыі гаворыць старшыня МФ Зьміцер Дашкевіч:

"Асаблівым тут можа быць тое, што крыху больш, чым празь месяц адбудуцца прэзыдэнцкія выбары, і ўвага да гэтай праблемы будзе большая. Ну, а так усё традыцыйна — патрабаваньне вызваленьня палітвязьняў і расьсьледаваньне спраў зьніклых".

Дзень салідарнасьці праходзіць 16 чысла кожнага месяца цягам некалькіх гадоў. Неаднаразова яго ўдзельнікаў жорстка зьбівалі спэцназаўцы, іх затрымлівалі і судзілі. Тым ня менш, у сёньняшняй акцыі плянуюць узяць удзел і некаторыя кандыдаты ў прэзыдэнты. У прыватнасьці, адзін зь лідэраў АГП, кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук:

"Зараз ідзе падрыхтоўка да выбарчай кампаніі, і я паеду ў рэгіён, каб сустрэцца зь людзьмі, якія будуць удзельнічаць у кампаніі. І калі вярнуся, то тады вазьму ўдзел. Гэта вартая акцыя, якая ставіць пытаньні па зьніклых, і гэтыя пытаньні павінны ставіцца да тае пары, пакуль на іх ня будзе атрымана адказу. Гэтую акцыю неабходна праводзіць незалежна ад таго, ідзе палітычная кампанія альбо не".

Яшчэ адзін кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч паведаміў, што ніводнага разу ня браў удзелу ў Дні салідарнасьці, ня будзе выключэньнем і сёньняшні дзень. Таксама ня будзе на Кастрычніцкай плошчы Ўладзімера Някляева і Віталя Рымашэўскага, якія цяпер знаходзяцца па-за межамі Беларусі. Мікола Статкевіч са сваім удзелам яшчэ вызначаецца, а Рыгор Кастусёў паведаміў:

"Я быў адным зь ініцыятараў падпісаньня звароту ў эўрапейскія структуры па гэтай праблеме. Але не зьяўляюся прыхільнікам таго, каб скарыстоўваць гэтую тэму ў нейкіх сваіх мэтах. Я за тое, каб расьсьледаваньні аднаўляліся, каб даведацца праўду, але і злоўжываць гэтым пытаньнем таксама ня варта".

Удзел у Дні салідарнасьці ў розныя гады неаднойчы браў кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў, які лічыць гэтую акцыю важнай і вартай падтрыманьня:

"Маё стаўленьне да Дня салідарнасьці безумоўна станоўчае. Гэта стала Днём салідарнасьці ня толькі ў Беларусі, але і ў ва ўсім сьвеце. Мы ведаем, што такія акцыі адбываюцца ў нашых суседзяў, у многіх іншых эўрапейскіх краінах і ЗША. Што тычыцца сёньняшняга дня, то, безумоўна, я буду прымаць удзел, але ў якім фармаце, даведаецеся пазьней".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG