Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На царкве Барыса і Глеба ў Наваградку заменяць купалы


Усталяваныя без дазволу купалы.<br>&nbsp;
Усталяваныя без дазволу купалы.<br>&nbsp;
Купалы будуць такімі, якімі іх зацьвердзіць навукова-мэтадычная Рада пры Міністэрстве культуры. На сёньня такога зацьверджанага рашэньня няма.

Напрыканцы мінулага тыдня ў Наваградку на царкве Барыса і Глеба, помніку архітэктуры ХVІ ст., усталявалі пазалочаныя цыбулепадобныя купалы. У працэсе ўсталяваньня «цыбулін» дэмантавалі шатровыя завяршэньні вежаў царквы.

Настаяцель царквы, айцец Мікалай Орса, спасылаўся пры гэтым на тое, што такое рашэньне ён атрымаў ад навукова-мэтадычнай Рады Міністэрства культуры.


Падобныя работы сёлета распачыналіся ў чэрвені і выклікалі канфлікт, паколькі прадстаўнікі інтэлігенцыі запатрабавалі спыніць рэканструкцыю, якая ня ўзгодненая зь Міністэрствам культуры.

Купалы-цыбуліны зьявіліся на падворку царквы яшчэ ў чэрвені.

Гэтым разам на незаконную рэканструкцыю зноў першым адрэагаваў старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч.

Ведаючы пра тое, што рашэньня аб рэканструкцыі няма, Антон Астаповіч зьвярнуўся зь лістом у Міністэрства культуры з просьбай спыніць работы ў Наваградку і распачаць адміністрацыйную справу ў адносінах да прыходу царквы і адказных супрацоўнікаў Наваградзкага райвыканкаму. Акрамя таго, ён зьвярнуўся ў наваградзкую пракуратуру.

Антон Астаповіч
Астаповіч: «Нягледзячы на гэта, усё роўна была дадзеная адмашка на ўсталяваньне гэтых купалоў. Я адразу патэлефанаваў да намесьніцы старшыні райвыканкаму, а яна пачала са мной размову з хлусьні: сказала, што ў іх ёсьць дазвол. Тады я тэлефаную ў Міністэрства культуры, а там кажуць, што дазволу пакуль няма».

Кіраўнік Наваградзкага раённага аддзелу культуры Аляксандар Караган заявіў «Свабодзе», што сёньня з абласнога Ўпраўленьня культуры прыяжджаў у Наваградак прадстаўнік, і яны разам вялі размову з настаяцелем царквы на гэты конт.

Караган: «Рыхтуем на адрас Барыса-Глебскай царквы прадстаўленьне аб тым, каб яны ўнесьлі ў купалы зьмены на падставе рашэньня Рады. Дарэчы, рашэньне Рады пакуль не падпісанае. А настаяцель будзе падпарадкоўвацца рашэньню рады Міністэрства культуры і рашэньню райвыканкаму».

Царква Барыса і Глеба да ўсталяваньня купалоў-цыбулін.


Я спрабаваў пацікавіцца ў настаяцеля царквы, айца Мікалая Орсы, чаму купалы былі заменены без дазволу рады Міністэрства культуры. У адказ айцец Мікалай сказаў, што зь недзяржаўнымі СМІ ён не супрацоўнічае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG