Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі Беларусі зьвярнулася ў Эканамічны суд СНД з просьбай паўплываць на ўрад Расеі з мэтай часова скасаваць спагнаньне экспартнага мыта на нафтапрадукты, што пастаўляюцца ў Беларусь. Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

У заяве Мінюсту, разьмешчанай на сайце ведамства ў панядзелак, падкрэсьліваецца, што «спагнаньне мыта супярэчыць ня толькі міжнародна-прававым актам, але і прынцыпам добрасуседзтва, узаемавыгаднага супрацоўніцтва, якія гістарычна склаліся паміж дзяржавамі».

Таксама адзначаецца, што Міністэрства юстыцыі, якое прадстаўляе інтарэсы ўраду Беларусі ў Эканамічным судзе СНД, праінфармавала суд аб тым, што ў адпаведнасьці з рашэньнем ЭС СНД ад 8 кастрычніка 2010 году ўрад Беларусі 18 кастрычніка 2010 году зьвярнуўся ў расейскі ўрад з прапановай да вынясеньня судом канчатковага рашэньня па пазове, скасаваць незаконнае спагнаньне мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца ў Беларусь.

Калегія Эканамічнага суду 8 кастрычніка рэкамэндавала ўрадам Расеі і Беларусі ў межах выпрацоўкі ўзгадняльных працэдураў па нафтавым пазове разгледзець пытаньне пра часовае прыпыненьне экспартнага мыта на нафтапрадукты, якія пастаўляюцца з Расеі ў Беларусь.
XS
SM
MD
LG