Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гіпэртанія — галоўная хвароба палітыкаў



Браціслаўскія мэдыкі прыйшлі да высновы, што прафэсія палітыка надзвычай небясьпечная для здароўя. Вядучы славацкі кардыёляг Габрыэль Каменскі цягам некалькіх гадоў пунктуальна назіраў за станам здароўя дэпутатаў вышэйшага заканадаўчага органа краіны. Высновы былі несуцяшальныя: парлямэнтары літаральна “гараць на працы”, часта пераносяць стрэсы і вядуць маларухомы лад жыцьця. Падвышаны ціск, атлусьценьне, курэньне і ўжываньне алькаголю – вось галоўныя спадарожнікі чалавека улады.

Навукоўцы зь нямецкага навукова-дасьледчага інстытуту мэдычнага страхаваньня (WINEG) назвалі хваробы, якія найверагодней могуць напаткаць тых, хто ідзе ў вялікую палітыку і вырашае балятавацца на выбарах. Самай распаўсюджанай і небясьпечнай зь іх экспэрты лічаць гіпэртанію, якая вядзе да парушэньня мазгавога кровазвароту.

Удзел у выбарчай кампаніі параўноўваюць з узыходам на Эвэрэст


Уважаючы на стрэсы і нагрузкі, дасьледчыкі параўноўваюць удзел у выбарчай кампаніі і далейшую палітычную дзейнасьць, паводле псыхалягічнага ўзьдзеяньня на арганізм, з узыходжаньнем на Эвэрэст.

Як сьведчаць нямецкія навукоўцы, кожная другая таблетка з тых, якія прымаюць палітыкі, — прэпарат сардэчна-сасудзістага прызначэньня. Сярод эўрапейскіх палітыкаў (асабліва сярод мужчын, старэйшых за 40 гадоў) гіпэртонікі — сама меней кожны пяты.

Да распаўсюджаных мэдычных праблемаў у палітычных лідэраў таксама належаць захворваньні апорна-рухальнага апарату і страўнікава-кішэчнага тракту, у тым ліку язва страўніка.

Паводле навукоўцаў, большая частка грамадзкіх ды палітычных дзеячаў, схільных да гіпэртаніі, "запускаюць" сваю хваробу, мяркуючы, што блага чуюцца з прычыны стомы. Адмыслоўцы ўсё ж раяць не ігнараваць такія сымптомы, як галавакружэньне, шум у вушах, галаўны боль, млоснасьць пры зьмене надвор'я або перападах атмасфэрнага ціску.

Усё гэта можа сьведчыць пра парушэньне мазгавога кровазвароту, якое, у сваю чаргу, нярэдка прыводзіць да інсульту. Гэтае захворваньне, ад якога ў свой час памерлі Сталін, Чэрчыль, многія іншыя дзяржаўныя дзеячы, — досыць частая прычына сьмерці палітыкаў ды першых асобаў розных дзяржаў.

8 простых парадаў, каб прадухіліць інсульт


У сувязі з распаўсюджанасьцю гіпэртаніі, у тым ліку сярод названай катэгорыі насельніцтва, NSA (Нацыянальная амэрыканская асацыяцыя інсульту) распрацавала парады, каб прадухіліць інсульт. Мэдыкі раяць:

1. Ведайце свой артэрыяльны ціск. Калі верхняя лічба (сысталічны артэрыяльны ціск) стала перавышае 140 або калі ніжняя лічба (дыясталічны артэрыяльны ціск) трывала вышэйшая за 90, парайцеся зь лекарам. Калі лекар пацьвердзіць, што ў вас высокі артэрыяльны ціск, ён можа рэкамэндаваць зьмены ў дыеце, рэгулярныя фізычныя практыкаваньні або мэдыкамэнтозную тэрапію. Лекавая тэрапія артэрыяльнай гіпэртэнзіі ўвесь час паляпшаецца. Калі прэпараты падабраныя як мае быць, пабочных эфэктаў ня будзе, і якасьць вашага жыцьця істотна палепшыцца.

2. Зрабіце ЭКГ і праверце, ці няма ў вас мігценьня перадсэрдзяў, нерэгулярных сардэчных скарачэньняў, якія парушаюць сардэчную функцыю і дазваляюць крыві застойвацца ў некаторых аддзелах сэрца. Кроў, якая ня рухаецца па целе, згортваецца, частка тромбу можа трапіць у агульны крывацёк і прывесьці да парушэньня мазгавога кровазвароту.

3. Калі вы паліце, то адмоўцеся ад тытуню. Курэньне падвойвае рызыку інсульту. Калі ж вы кінеце паліць, рызыка інсульту ў вас пачне зьніжацца.

4. Калі вы ўжываеце алькаголь, рабіце гэта памяркоўна. Шклянка віна ці піва штодня можа зьменшыць рызыку разьвіцьця інсульту. Залішні прыём алькаголю мае адваротны эфэкт.

5. Даведайцеся, ці няма ў вас падвышанага ўзроўню халестэрыну. Гэта таксама адзін з фактараў рызыкі разьвіцьця інсульту.

6. Калі ў вас дыябэт, дакладна выконвайце рэкамэндацыі лекара, каб кантраляваць захворваньне. Часта дыябэт можна трымаць пад кантролем, уважліва ставячыся да харчаваньня. Разам зь лекарам ды дыетолягам выпрацуйце праграму харчаваньня, якая адпавядае вашым патрэбам і вашаму стылю жыцьця.

7. Кожны дзень займайцеся фізычнымі практыкаваньнямі — хай гэта будзе хоць бы паўгадзінны шпацыр, гэта ўжо добра адаб'ецца на вашым здароўі. Калі вам не падабаецца шпацыраваць, знайдзіце іншыя віды фізычнай актыўнасьці: ровар, плаваньне, гольф, танцы, тэніс або што іншае.

8. Неадкладна зьвяртайцеся па мэдычную дапамогу, калі адчуеце:

— раптоўную слабасьць ці страту адчувальнасьці на твары, руцэ або назе, асабліва на адным баку цела

— раптоўнае парушэньне зроку на адным ці абодвух вачах

— што вам цяжка вымаўляць ці разумець простыя рэчы

— галавакружэньне, страту раўнавагі або каардынацыі, асабліва ў спалучэньні з такімі сымптомамі, як парушэньне маўленьня, дваеньне ў вачах, слабасьць

— раптоўны моцны боль галавы зь незразумелых прычын
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG