Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд абавязаў выплаціць прэміі чальцу незалежнага прафсаюзу


Сябра незалежнага Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці, вартаўнік камунальнага прадпрыемства «Брагінскае» Ўладзімер Церамецкі выйграў сёньня суд у дырэкцыі.

Судзьдзя Аляксей Яшчанка абавязаў дырэкцыю камунальнага прадпрыемства выплаціць вартаўніку прэміі ў памеры адной базавай велічыні да Дня абаронцаў Айчыны і дзьве базавыя — да Дня працаўнікоў бытавога абслугоўваньня й жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.

Суд таксама абавязаў дырэкцыю ўнесьці зьмены ў калектыўную дамову, паводле якой выплата прэміяльных не распаўсюджвалася на нечальцоў афіцыйнага прафсаюзу.

Церамецкі: «Я, вядома, выжыў бы і бяз гэтых прэмій. Проста я дамагаўся, каб не было ў калектыве нейкай дыскрымінацыі з прычыны прыналежнасьці да таго ці іншага прафсаюзу».

Калі Ўладзімеру Церамецкаму ня выплацілі прэміяльныя, ён зьвярнуўся па тлумачэньні ва ўпраўленьне працы й сацыяльнай абароны Брагінскага райвыканкаму. Менавіта з адказу ўпраўленьня вартаўнік і даведаўся, што паводле пункту 1.5 калектыўнай дамовы прадпрыемства «Брагінскае», дзеяньне гэтай дамовы распаўсюджваецца толькі на чальцоў афіцыйнага галіновага прафсаюзу. Таму прадпрыемства і ня выплаціла прэміі 4 працаўнікам, якія не зьяўляюцца чальцамі афіцыйнага прафсаюзу.

Разам зь Церамецкім меліся зьвярнуцца ў суд яшчэ трое працаўнікоў, але ўрэшце перадумалі, ці іх проста адгаварылі.

Дырэктар прадпрыемства «Брагінскае» Аляксандар Атрошчанка заявіў у судзе, што калектыўную дамову прынялі на сходзе камунальнікаў, і ніхто, маўляў, не пярэчыў, у тым ліку й спадар Церамецкі. Аднак апошні патлумачыў суду, што паколькі ён ня мае дачыненьня да афіцыйнага прафсаюзу, то й ня меў права галасаваць «за» ці «супраць» калектыўнай дамовы.

Камунальнае прадпрыемства ў 10-дзённы тэрмін можа аспрэчыць рашэньне суду.
XS
SM
MD
LG