Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму судзіць?


У сеціве выбары ідуць поўным махам, хоць кандыдаты ўсё яшчэ не зарэгістраваныя. Я маю на ўвазе ня толькі апытаньне пад назвай "За каго прагаласавалі б вы?", якое ўжо колькі тыдняў вісіць на нашым сайце і карыстаецца ўсё большай папулярнасьцю, але і тон ды зьмест камэнтараў пад іншымі нашымі матэрыяламі.

Раней мне думалася, што калі б беларускія выбары адбываліся толькі ў Інтэрнэце, параза дзейнага прэзыдэнта была б гарантаваная, нават пры ўмове, што ніякага "адзінага" супраць яго не было б. Цяпер я ўжо не такі ўпэўнены ў гэтым. Чым бліжэй да даты выбараў, тым болей галасоў, што варта галасаваць толькі за яго. Бо іначай, так сказаць, Масква ўсіх нас – у трубу...

Андрэй, Светлагорск: "Шчыра жадаю Аляксандру Лукашэнку перамогі на выбарах. Спадзяюся, што Захад у рэшты рэшт прызнае нашыя выбары! Лепш нашага прэзідэнта няма! А калі Мядзведзеву з Пуціным нешта не падабаецца, няхай задушацца разам з нашай цалкам прарасейскай так званай апазыцыяй! Спадзяюся, што Аляксандр Рыгоравіч будзе нашым прэзідэнтам яшчэ амаль гадоу 10, а лепш 20. А такая "апазыцыя" ганьбіць беларускі народ!!!"

А што на гэта альтэрнатыва?

Вось некалькі водгукаў пад матэрыялам аб гэтак званай джэнтэльмэнскай дамове паміж Андрэем Саньнікавым і Ўладзімерам Някляевым:

Мiхал, Краiна лiтвiнау: "Вось вам i новая пракрамлеуская палiтычная сiла на Беларусi. Зараз гэтыя два таварышы пачнуць усяляк перцiсь за маскоускiя грошы у "палатку" з маскоускiмi ж "паняцьцямi". Бягучыя выбары для Крамля - проба сiл, так бы мовiць, прадстауленьне новых вассалау перад народам (той яго часткай, якая нiяк ад крамлеускай цыцкi не адпадзе). Добра тое, што iх твары (сапраудныя) ужо вядомыя, iх думкi ужо не схаваныя. Трошкi непрыемна за Някляева, усе ж грамадзкi дзеяч, пiсьменьнiк, а не "палiтык" як Саньнiкау, але калi прыгадваеш Дударава цi iншых, то усе магчыма".

Антон: "Малайцы. Трэба і астатнім кандыдатам далучацца ды выпрацовавыць сцэнар дзеянняў. РАЗАМ мы скінем лукашэнкаўскую ЗАРАЗУ. А пасля правядзем новыя дэмакратычныя выбары!"

Віталь Z, Менск: "БАЙКОТ фальшывым выбарам і акторам рэжымнага тэатру!"

Зьміцер: "Усё гэта было зразумела ад пачатку. Янукевіч казаў пра гэты сцэнар яшчэ 3 месяцы таму. Харызмы Пазьняка ў яго няма, але сытуацыю прачытвае ня горш за Зянона. Трэба зараз усім падтрымаць Кастусёва, каб нацыянальныя сілы не былі адкінутыя прэч з палітычнага жыцьця. Новая прарасейская апазыцыя будзе прэтэндаваць ня тое што на лідэрства - на манаполію. І гэтую манаполію можа зараз разбурыць толькі БНФ і дзядзька Рыгор".

Ihar Baranouski, Берасьце: "Ма-моему тут большасьць каментатараў думае не пра байкот, які пакуль што нерэальны, а пра ўтульнае крэсла каля інтэрнэту... Пераблыталі байкот (пра які вельмі слаба ўяўляць, што гэта такое) з бязьдзеяньнем і пустымі лозунгамі".

На першы погляд, усё нібыта правільна, дэмакратычна і плюралістычна. Каму Саньнікаў зь Някляевым, каму Кастусёў, а каму Лукашэнка ці байкот. Аднак з адной рэччу мозг так і ня хоча зьмірыцца. Хто б падумаў яшчэ год таму, ня кажучы пра 10 гадоў таму, што супернікаў ППРБ інтэрнэтна граматны народ будзе на поўным сур’ёзе пазыцыянаваць як "васалаў Масквы"? Ня выключана, што нехта з гэтай альтэрнатыўнай кампаніі і выйграе выбары. Але выбарчую кампанію гэтая кампанія ўжо адназначна прайграла.

А цяпер пра тып камэнтараў, якія нам не падабаюцца, але мы ўсё ж вымушаныя даваць ім месца, бо фармальна ніякіх правілаў яны не парушаюць. Вось допіс пад блогам Будзіміра з аглядам фільму "Масакра":

Ананім: "Будзімір a dlia miane waszy druki ня што іншае, як «турыбары, парабары, мурыбары»,!"!!! Беларускага кіно вартага ўвагі фактычна не існавала Ne wam sudzic!!!"

Гэты постынг – ня больш чым інтэрнэтнае сьмецьце. Кожны ж можа напісаць, што нехта іншы – "мурыбар". Але напісаць, чаму – гэта ўжо выходзіць па-за далягляды такіх "ананімаў". Ці не лепш было б такім камэнтатарам, замест таго, каб страчыць гэткія глыбакадумныя пасланьні сьвету, страчыць зь віртуальнага аўтамата або махаць віртуальным мячом у нейкай гульні з назвай "Doomsday ХХІІІ" або "Scary Shitters Return"?

Сэрыя блогаў "Пакуль ляціць страла" Ўладзімера Арлова пра прыгоды літаратара сярод чытачоў, на шчасьце, не выклікае такіх нястраўных допісаў. Наадварот, тэкст "Што елі нашы продкі?" натхніў двух інтэрнаўтаў на дзьве цалкам смачныя занатоўкі:

Антось, Менск: "Яшчэ ў 1973г. выдавецтва "Ураджай" выдала "250 блюд из картофеля". Зазірні - ня пашкадуеш. А люблю я найболей бабку з вясковй печы, а з бабкі - тую што робіцца ў тоўстай кішцы на патэльні. На маёй роднай Нясвіжчыне так яе гатуюць звычайна, калі вяпрука колюць. У ранейшыя часы гэта было, як правіла, перад Калядамі, а зараз...як есьці хочацца".

Бурундук, Менская агламерацыя: "Бабка бабкай, а вось бульбяная каша з тоўчанай варанай бульбы са шкварачкамі, згатаваная ў печы.... Зранку бабуля зробіць, а пад вечар, набегаўшыся, ты яе, недаетую-заскарузлую, выцягнеш ды як зьясі з халодным адстоеным малаком! Эх, дзе тыя часы?"

Антосю і Бурундуку сёньня даем па пляшцы піва "Lobkowicz", каб яны папілі і бабку, і таўканіцу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG