Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Працаўнік “Пінскдрэва”: Немцы ад нашай вытворчасьці хапаліся за галаву


Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»
Пажар пасьля выбуху на «Пінскдрэве»
Камісія ў справе выбуху на аб’яднаньні «Пінскдрэў» падрыхтавала справаздачу аб прычынах аварыі на заводзе ДСП, якая здарылася 25 кастрычніка. У самім Пінску не сьціхаюць размовы пра тое, што трагедыю можна было прадухіліць.

Паводле крыніцы ў Савеце бясьпекі, падрыхтавана справаздача адмысловай камісіі, якая разьбіралася з прычынамі аварыі на заводзе драўнянастружкавых плітаў аб’яднаньня «Пінскдрэў». Падрабязнасьці, аднак, невядомыя. Адносна прычыны, з-за якой на заводзе адбыўся выбух і загінулі 14 чалавек, дагэтуль зьяўляюцца розныя вэрсіі.

Ад самых першых дзён пасьля аварыі ў Пінску кажуць пра дзясяткі загінулых. У сям’і апэратара Аляксандра Калодзіча, які загінуў адным зь першых, згадалі пра майстра, які нібыта казаў, што ў выніку выбуху «палегла цэлая зьмена». Брат Аляксандра Калодзіча Алег, які таксама працаваў на заводзе ДСП і ўратаваўся таму, што ў дзень аварыі ня выйшаў на працу, ня ведае, якой інфармацыі верыць:

«Ня ведаю. І веру, што можа быць больш ахвяраў, і ня веру. Бо людзі на заводзе маўчаць і нічога ня кажуць. Мне ў першыя дні казалі, што 30 трупаў было ў моргу. Але так гэта ці не?»

Алег Калодзіч прыходзіў у свой цэх праз колькі дзён пасьля аварыі. Паводле характару разбурэньня Алег мяркуе, што першы выбух здарыўся на ўчастку, дзе зь пілавіньня выраблялі пілеты — адмысловыя гранулы для спальваньня ў ацяпляльных катлах. Пілеты ў асноўным ішлі на экспарт і давалі прадпрыемству добры прыбытак у валюце. «Потым выбух пайшоў па ланцужку і дайшоў на вытворчасьці драўняных плітаў».

Другі мой суразмоўца, Мікалай Колышаў, працаваў у момант выбуху ў суседнім цэху. У ліку іншых працаўнікоў Мікалай яшчэ да прыезду ратавальнікаў МЧС даставаў з-пад абломкаў калегаў. Паводле Мікалая Колышава, з прыкладна 50 чалавек зьмены засталіся жывымі і не параненымі «каля 25», таму афіцыйныя лічбы «14 загінулых і 6 параненых» ён лічыць «падобнымі да праўды». Што да прычынаў аварыі, Мікалай кажа, што яна пачалася з выбуху на вытворчасьці пілетаў, і дадае, што яе можна было прадказаць:
Яшчэ месяц таму нехта напісаў слова „Пекла“ на дзьвярах ва ўчастак, дзе выраблялі гэтыя пілеты.

«Яшчэ месяц таму нехта напісаў слова „Пекла“ на дзьвярах ва ўчастак, дзе выраблялі гэтыя пілеты. І гэтыя дзьверы потым вырвала. Умовы там былі жудасныя. Бо там усё было ў пыле, людзі выходзілі адтуль са слоем пылу на твары і адзеньні. І яшчэ: абсталяваньне там было новае, але яно прызначалася для вырабу камбікорму, а яго прыстасавалі пад гэтыя гранулы зь пілавіньня. Наш тэхноляг гэта наўпрост казаў. І немцы, якія прыяжджалі на завод, за галовы хапаліся: як вы ўсё гэта ўмясьцілі ў цэху, бо гэта дазвалялася разьмяшчаць толькі на двары. А яны загналі людзей у тую шахту — і хай працуюць».

Сярод загінулых на заводзе — і намесьнік дырэктара Аляксандар Шынкарук, чый кабінэт знаходзіцца далёка ад месца аварыі. Чаму намесьнік дырэктара апынуўся ў цэнтры выбуху, спытаў я ў Мікалая Колышава. Паводле працаўніка заводу, нехта з кіраўнікоў кожны дзень абыходзіў вытворчасьць, і таму на ўсіх участках імкнуліся, каб «там усё працавала». Напярэдадні ўстаноўка для вырабу пілетаў прастойвала, а ў той дзень яе «паспрабавалі да абеду запусьціць». Якраз у той момант у цэх мог прыйсьці намесьнік дырэктара Шынкарук, мяркуе ён.

Паводле некаторых крыніцаў з аб’яднаньня «Пінскдрэў», там нібыта прымусова пералічваюць 10% ад заробку працаўнікоў на дапамогу сем’ям загінулых. Гэта так ці не, спытаў я праз тэлефон у дырэктара заводу ДСП Леаніда Логвіна. Размова, аднак, атрымалася вельмі кароткай:

«Не валодаю інфармацыяй. Я быў у шпіталі, таму не валодаю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG