Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхась Пашкевіч: Нас проста выпхнулі з пагрозамі


Сёньня актывісты грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» правялі пэрформанс «За празрыстыя выбары», які скончыўся затрыманьнем двух актывістаў і канфіскацыяй налепак з надпісам: «Хаваць трэба сьмецьце, а не галасы!»

Моладзевыя актывісты рушылі з трох месцаў — на сталічных вуліцах Кірава, Маркса і Леніна. Па дарозе яны ўстаўлялі ў сьметніцы чорныя пакеты і клеілі на іх налепкі. Распавядае актывіст кампаніі Андрэй:

«На месцах правядзеньня выбараў павінны быць празрыстыя скрыні. І таму слоган акцыі — „Хаваць трэба сьмецьце, а не галасы!“ Выбары павінны быць празрыстымі. Мы ідзем з трох бакоў у цэнтар гораду, менавіта мая група ідзе ад будынку СНД да ГУМу. Мы кладзем на гарадзкія сьметніцы пакеты і на іх клеім налепкі з нашым слоганам».

І хоць акцыя праводзілася па ўсіх правілах, у розных месцах адначасова, міліцыя і спэцслужбы пра яе былі праінфармаваныя, перакананы Андрэй:

«На месцах правядзеньня акцыі ўжо прысутнічалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным. Я прыйшоў за 40 хвілін да пачатку, прайшоўся па пэрымэтры і заўважыў пяць чалавек у цывільным. І я так разумею, што на ўсіх кропках, адкуль пачыналася акцыя, прысутнічаюць супрацоўнікі».



Міліцыянты далі розным групам магчымасьць сустрэцца каля ГУМу, дзе іх ужо чакаў «варанок». Без тлумачэньня прычын «спэцназаўцы» затрымалі Міхася Пашкевіча і Рамана Багдановіча і павезьлі ў Цэнтральны РАУС. Мінакі абураліся:

«Што гэта такое? Там цалкам нармальны тэкст, маўляў, галасуйце свабодна… Узялі і забралі хлопцаў у міліцыю. Яны наклейвалі гэтыя налепкі: галасуйце свабодна і не хавайцеся ў сьметніцы, што называецца. Навошта іх забралі ў міліцыю? Ніякай свабоды слова!»



Прыкладна праз гадзіну пасьля затрыманьня актывістаў кампаніі «Гавары праўду!» Міхася Пашкевіча і Рамана Багдановіча выпусьцілі.

Міхась Пашкевіч
: «Затрымалі нас нібыта для высьвятленьня асобаў. Але калі нас прывезьлі ў Цэнтральны РАУС, прыехаў палкоўнік з гарадзкога ўпраўленьня і кажа: «Забралі таму, што тэлефануюць людзі і кажуць, што вы замінаеце людзям сьмецьце выкідваць». Я запярэчыў, што мы дзіркі ў тых пакетах пакідалі, каб зручна было сьмецьце выкідваць. Урэшце ён даў каманду, каб выпусьцілі, склаўшы пратаколы апытаньня. Але налепкі міліцыянты нам не аддалі. Я тады кажу: «Афармляйце пратакол аб канфіскацыі налепак». Міліцыянт адказаў, што ня будзе, і груба нецэнзурна паслаў, маўляў, «валі адсюль». У выніку нас проста выпхнулі з пагрозамі: «Мы з табой, хлопец, яшчэ сустрэнемся на якой-небудзь акцыі, і я табе ўжо пакажу!»

Такім чынам, у актывістаў канфіскавалі пачак налепак з заклікам за правядзеньне празрыстых выбараў, а саміх выпусьцілі.
XS
SM
MD
LG