Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль падрыхтаваў спэцыяльны плян для Беларусі


Штэфан Фюле
Штэфан Фюле
Краіны Эўразьвязу пачалі абмяркоўваць сумесны прамежкавы плян для Беларусі. А Эўракамісія прыняла паўнамоцтвы па перамовах зь Беларусьсю на тэму спрашчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі. Гэтыя навіны прывёз з сабою ў Менск і публічна абвясьціў эўракамісар Штэфан Фюле. Сёньня ён знаходзіўся з аднадзённым візытам у Беларусі.

На прэсавай канфэрэнцыі эўракамісар Фюле патлумачыў, навошта эўрапейскай супольнасьці спатрэбіўся такі плян:

«Гэты плян скіраваны на дапамогу Беларусі ў мадэрнізацыі і рэформах краіны. Гэты плян скіраваны на разьвіцьцё ўсіх галін краіны, уключна з такімі вельмі важнымі сфэрамі, як правы чалавека і дэмакратыя. Гэты плян таксама — прызнаньне беларускіх намаганьняў, накіраваных на тое, каб дасягнуць большай канкурэнтаздольнасьці эканомікі ў новых рынкавых умовах і надзейнага энэргазабесьпячэньня. Менавіта энэргазабесьпячэньне стала той галіной, дзе мы цяпер маем усё больш і больш актыўны дыялёг».
Менавіта энэргазабесьпячэньне стала той галіной, дзе мы цяпер маем усё больш і больш актыўны дыялёг.

Спадар Фюле таксама сказаў, што гэты плян мае непасрэднае дачыненьне і да перамоваў зь Беларусьсю на тэму спрашчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі. Перамовы наконт візаў пачнуцца ўжо ў гэтым месяцы, а наконт рэадмісіі — у наступным. Пазьней, пасьля перамоваў зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым, прадстаўнік Брусэлю сказаў, што візы для беларусаў у Шэнгенскую зону могуць стаць таньнейшымі. Дый атрымаць іх будзе лягчэй.

Аднак гэтыя палёгкі залежаць найперш ад таго, як пройдуць прэзыдэнцкія выбары. Выступаючы перад журналістамі, эўракамісар паведаміў, што падчас папярэдняга прыезду ў Менск у ліпені і перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам ён агучыў шэсьць патрабаваньняў, выстаўленых Брусэлем адносна выбараў у Беларусі. Яны па-ранейшаму застаюцца актуальнымі, падкрэсьліў Штэфан Фюле:

«Гэта — рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты, уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі, праблема датэрміновага галасаваньня, падлік бюлетэняў, доступ да СМІ і свабода сходаў».

Эўракамісар сказаў, што гэтыя прынцыпы застаюцца нязьменнымі. І Брусэль будзе зьвяртаць увагу на гэтыя патрабаваньні — падкрэсьліў Штэфан Фюле.

Прэсавай канфэрэнцыі чыноўніка з Брусэлю папярэднічала яго дзьвюхгадзінная сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. На ёй, як даведаўся карэспандэнт «Свабоды», прысутнічалі 52 чалавекі, у тым ліку некаторыя сябры Грамадзка-кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Сябра гэтай арганізацыі і адначасова старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак сказаў «Свабодзе»:

«Нашы калегі зьвярталі ўвагу на тое, што часам пакетны падыход да праблем замінае вырашэньню канкрэтных праблем, на якія ўлады ўжо пагадзіліся. І хочацца зрабіць нешта канкрэтнае. Такая дылема паўстае. І спадар Фюле, на мой погляд, вельмі станоўча адзначыў, што працаваць трэба. Але ня трэба забываць, што ў Эўропы ёсьць комплексны падыход. І гэта каштоўнасны падыход. Таму што для Эўропы вельмі важна разьвіцьцё такіх праблем, як правы чалавека, дэмакратыя, свабода асацыяцыяў, свабода слова, сьмяротнае пакараньне і г.д. І калі адмаўляцца ад адной каштоўнасьці, то ўзьнікае прэцэдэнт, што можна адмаўляцца і ад іншай».

На пытаньне «Свабоды», ці мае прамежкавы плян часавыя межы, эўракамісар адказаў, што гэты плян усёабдымны і комплексны. І Эўропа ня будзе рабіць высновы наконт прагрэсу ў Беларусі па нейкім адным кірунку. Таму казаць пра часавыя межы не выпадае. Прамежкавы плян — гэта «вельмі гнуткі інструмэнт», за якім «стаіць філязофія комплекснай ацэнкі», — заявіў Штэфан Фюле. Таксама ён адзначыў, што прамежкавы плян пачне працаваць пасьля выбараў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG