Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Права на забыцьцё (у Інтэрнэце)


Эўразьвяз хоча ўзаконіць права кожнага грамадзяніна на выдаленьне зь сеціва ўсёй інфармацыі, якая датычыць яго асобы.

Экспэрты Эўракамісіі ўжо пачалі працу над заканадаўчай прапановай, якая ў эўрапейскіх СМІ атрымала назву "права быць забытым" (right to be forgotten). Чакаецца, што прапанова будзе гатовая ў сярэдзіне 2011 году. Прадбачваюцца крымінальныя санкцыі за парушэньне гэтага права, калі яно будзе замацавана заканадаўча.

"Карыстальнікі Інтэрнэту павінны мець дзейныя рычагі кантролю над тым, што яны выкладваюць у сеціве, і мець магчымасьць карэктаваць, забіраць або сьціраць гэта, калі пажадаюць. Што дзеецца, калі вы хочаце сьцерці сваю пэрсанальную інфармацыю на сайце сацыяльнай сеткі? Ці лёгка гэта зрабіць? Права быць забытым – асноўнае ў сёньняшнім лічбавым сьвеце", – заявіла нядаўна Вівіян Рэдынг, камісар Эўразьвязу ў пытаньнях юстыцыі, асноўных правоў і грамадзянства.

Камэнтуючы гэтую заканадаўчую ініцыятыву, сёньняшняе выданьне The Wall Street Journal адзначае, што адсутнасьць заканадаўчага замацаваньня "права быць забытым" спараджае сур’ёзныя юрыдычныя канфлікты. Газэта прыгадвае выпадак забойства нямецкага актора з 1990 году, за якое два асуджаныя адседзелі па 15 гадоў у турме. Паводле нямецкага заканадаўства, пасьля адбыцьця пакараньня абодва асуджаныя маюць права на выдаленьне інфармацыі аб забойстве з усіх базаў дадзеных датычных да іх асобаў. Яны цяпер, між іншым, дамагаюцца выдаленьня сваіх імёнаў зь Вікіпэдыі, якая апісвае згаданае забойства.

Але газэта таксама адзначае, што "ўсялякія спробы рэгуляваньня, якія маюць на мэце ахову пэрсанальнай інфармацыі, хутка ўваходзяць у супярэчнасьць зь іншымі правамі, такімі як свабода выказваньня, і шматлікімі прывілеямі, такімі як свабодны пошук у сеціве і права мець дармовую паштовую скрынку ў інтэрнэце".

The Wall Street Journal цытуе амэрыканскага экспэрта ў пытаньнях лічбавых тэхналёгій і іх уплыву на палітычнае жыцьцё Адама Тырэра, які зьвяртае ўвагу на цяжкасьці з заканадаўчым афармленьнем "права быць забытым":

"Права на недатыкальнасьць прыватнага жыцьця павінна датычыць толькі інфармацыі, якая зьяўляецца сапраўды прыватнай. А "права быць забытым" спрабуе ўзяць інфармацыю, якая па вызначэньні зьяўляецца публічнай, пад выглядам, што гэта прыватная інфармацыя" – кажа Тырэр.

На мінулым тыдні ў Вашынгтоне зьявілася інфармацыя, што адміністрацыя прэзыдэнта Барака Абамы разважае магчымасьць увядзеньня пасады "наглядчыка" за недатыкальнасьцю прыватнага жыцьця ў інтэрнэце ў сувязі з усё большай колькасьцю канфліктаў паміж правам на ахову пэрсанальнай інфармацыі і даступнасьцю такой інфармацыі ў сеціве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG