Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзевяць на аднаго: палітычная матэматыка – дзяленьне замест памнажэньня


Belarus - Svaboda on Belsat logo, 01Sep2008

Belarus - Svaboda on Belsat logo, 01Sep2008

Чалавечы патэнцыял Беларусі – 61-е месца. - Кандыдаты ў СМІ і ў жыцьці. - Адказ Лукашэнкі Мядзьведзеву і Някляеву

Гэтыя тэмы – у чарговым “Тыдні з Радыё Свабода”, які вядзе дырэктар беларускай службы радыё Аляксандар Лукашук. У перадачы ўдзельнічаюць аналітыкі Юры Дракахруст, Ян Максімюк і Віталь Цыганкоў.



Лукашук: Лічба выбараў – 61-е месца Беларусі ў індэксе разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ААН.

20 гадоў запар ААН публікуе гэты індэкс. Сёлета Беларусь увайшла ў групу краін з высокім узроўнем гэтага разьвіцьця.

Індэкс складаецца з трох парамэтраў: сярэдняй працягласьці жыцьця, ахопу насельніцтва адукацыяй, і паказьніку валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва.

Як выглядае Беларусь у гэтым індэксе ў параўнаньні зь іншымі краінамі?

Максімюк: Беларусь апынулася на 61-м месцы з 169 краінаў. Разам зь Беларусьсю з былога СССР у групу краінаў з высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу ўвайшлі Літва (44), Латвія (48), Расейская Фэдэрацыя (65), Казахстан (66), Украіна (69), Азэрбайджан (67), Грузія (74), Армэнія (76).

Эстонія (34) разам з Польшчай (41) увайшлі ў групу краінаў зь вельмі высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу, дзе лідэрамі зьяўляюцца Нарвэгія (1), Аўстралія (2) і Новая Зэляндыя (3).

Лукашук: Юры, возьмем тры паказьнікі індэксу – працягласьць жыцьця на працягу 30 гадоў амаль не мянялася: - 70 гадоў. Адукацыя пашыралася – сёлета беларус у сярэднім вучыцца 15 гадоў. Валавы даход на душу насельніцтва, упаўшы ў сярэдзіне 90-х, з тае пары няўхільна рос, павялічыўшыся амаль ўтрая. Калі б, скажам, кіраўніком Беларусі быў не Аляксандар Лукашэнка, а нехта іншы, становішча было б іншым?

Дракахруст: На вашае пытаньне – што было б, калі б – цяжка адказаць. Ёсьць прыклады суседзяў – Літвы, Польшчы, якія дэманструюць значна лепшыя паказьнікі і лепшую дынаміку. Польшча наагул патрапіла ў катэгорыю краін зь вельмі высокім узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу. Паляк у сярэднім жыве на 6 гадоў даўжэй за беларуса, даход на адну польскую душу ў паўтара раза большы, чым на беларускую. Але ёсьць таксама і Расея, і Ўкраіна, і , скажам, Малдова, якія значна саступаюць Беларусі. Малдова патрапіла ў катэгорыю краін зь сярэднім узроўнем разьвіцьця, Беларусь, нагадаю, з вышэйшым. Пры гэтым калі казаць пра ступень дэмакратыі і рынкавых рэформаў, то прынамсі Ўкраіна і Малдова прасунуліся па гэтым шляху значна далей за Беларусь.

Так што гэта яшчэ пытаньне – ці мела б Беларусь без Лукашэнкі паказьнікі Польшчы ці Ўкраіны...

Лукашук: Віталь, тое самае ўмоўнае пытаньне – пры іншых прэзыдэнтах і парлямэнтах – было б лепш ці горш?

Цыганкоў: Калі мы кажам – іншы кіраўнік Беларусі, то міжволі маем на ўвазе – лепшы. Але вось у гэтай канкрэтнай галіне – разьвіцьцё чалавечага патэнцыялу – часам атрымліваецца так, што недэмакратычныя рэжымы даюць лепшыя паказьнікі. Яскравы прыклад тут – Куба, якая апярэджвае многія больш дэмакратычныя краіны Лацінскай Амэрыкі ў гэтым сьпісе за кошт сыстэм адукацыі і аховы здароўя, якой нават захапляўся амэрыканскі рэжысэр Майкл Мур. Ну і, думаю, варта нагадаць, што сёньняшнія добрыя паказьнікі Беларусі ёсьць ня толькі заслугай яе кіраўнікоў і народу, але і вынікам вялізнай эканамічнай падтрымкі Расеі, безь якой гэтыя паказьнікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця былі б зусім іншыя. Урэшце, не адна Беларусь так жыве, можна ўзгадаць Ізраіль і ЗША, альбо новыя краіны Эўразьвязу, якія таксама атрымліваюць істотную дапамогу ад больш разьвітых эўрапейскіх краінаў.

Так што, адказваючы, на ваша пытаньне, калі быць аптымістам і лічыць, што пры дэмакратычным кіраўніцтве Беларусь здолела б, ня страціўшы найлепшае з мінулага, правесьці яшчэ рэформы сваёй эканомікі, уступіць у Эўразьвяз, то натуральна, паказьнік чалавечага разьвіцьця мог бы быць на ўзроўні Літвы і Польшчы.

Лукашук: Як бачым, і у гэтым індэксе назіраецца карціна, якую мы бачылі ўжо неаднойчы – Беларусь апярэджвае Расею і Ўкраіну, але саступае іншым суседзям – Літве, Латвіі і Польшчы. У Індэксе Польшча, у адрозьненьне ад усіх названых краін, патрапіла ў катэгорыю краін з найвышэйшым узроўнем разьвіцьця чалавечага патэнцыялу.



Лукашук: На гэтым тыдні завяршылася праверка падпісных лістоў кандыдатаў у прэзыдэнты і намесьнік старшыні ЦВК Мікалай Лазавік абнародаваў сэнсацыйную, хаця і папярэднюю інфармацыю – паводле вынікаў праверкі 11 кандыдатаў з 12-ці здолелі сабраць больш за 100 тысяч подпісаў.

Юры, здаецца, вы давалі прагноз, што зарэгіструюць усіх ці амаль усіх. Што можаце сказаць у сваё апраўданьне, чаму спраўдзіўся ваш прагноз?

Дракахруст: Мне здаецца, што гэта частка пляну, сцэнару выбараў, які быў распрацаваны яшчэ летам. З аднаго боку, трымаць пад кантролем ключавыя элемэнты кампаніі – фармаваньне выбарчых камісіяў прайшло як заўжды, апазыцыянэраў сярод сябраў камісій – лічаныя адзінкі. Але іншыя этапы, зьвязаныя з вылучэньнем кандыдатаў, праводзіць звышлібэральна. Гэтак прайшла рэгістрацыя ініцыятыўных групаў, гэтак прайшоў збор подпісаў, выглядае, што гэтак пройдзе і рэгістрацыя. Не выключаю, што насамрэч праблемы з подпісамі былі ня толькі ў спадара Правальскага. Але заплюшчылі вочы дзеля сцэнару.

А сцэнар мае два вымярэньні. Першае – дэманстрацыя дэмакратычнасьці выбараў. Вось на Менскім форуме кіраўнік ведамства фэдэральнага канцлера Нямеччыны Рональд Пафала сказаў, што важным этапам ацэнкі выбараў стане тое, як пройдзе рэгістрацыя кандыдатаў. Дык калі ласка глядзіце – зарэгістравалі амаль усіх пагалоўна. Чаго яшчэ больш жадаць?

Лукашук: Віталь – вы казалі 6-7. Чаму ня спраўдзіўся ваш прагноз?

Цыганкоў: А хто сказаў, што ня спраўдзіўся? Пачакайце, яшчэ ня вечар. Раптам акажацца, што ў Рымашэўскага такія сур'ёзныя праблемы з падаткавай, што зарэгістраваць яго нельга, ці раптам улада нешта такое страшнае для сябе даведаецца, што вырашыць, што ёй лепш не рэгістраваць Някляева.

Але сапраўды, гэта малаімаверна, і калі не ўмяшаецца ніякі форс-мажор, то ўлада будзе дзейнічаць паводле таго сцэнару, які яна пакуль выконвае – рэгістраваць як мага больш. Я ў сваім прагнозе сыходзіў з таго, што я ведаў, што некаторыя з кандыдатаў не сабралі неабходныя сто тысячаў, і таму, маўляў, іх нават фармальна будзе цяжка зарэгістраваць. Вось як мог сабраць подпісы дырэктар таварыства з дадатковай адказнасьцю "Трыюмвір" Дзьмітры Вус. Але ўлада зноў паказала, што такія дробязі, як юрыдычныя фармальнасьці, яе ня вельмі цікавяць. Сказана лібэралізацыя, значыць лібэралізацыя.

Лукашук: Ян, і напярэдадні выбараў, і нават падчас збору подпісаў некаторыя кандыдаты казалі – маўляў, чаго сьпяшацца з вылучэньнем адзінага, збор подпісаў пакажа, хто чаго варты, тады і будзем вырашаць. Вось збор подпісаў і паказаў. І які цяпер стан справаў з адзіным? Ці ёсьць імавернасьць, што ён зьявіцца?

Максімюк: Збор подпісаў якраз і не праясьніў пытаньня, які з кандыдатаў альтэрнатыўных дзейнаму прэзыдэнту варты больш за іншых. Усе зь іх, як выглядае, сабралі як мінімум па 100 тысяч подпісаў. Але ці нашмат больш? Ніхто зь іх не сабраў гэтых подпісаў, прыкладам, паўмільёна, каб гучна заявіць: Вось паглядзіце, у мяне ёсьць большыя рэсурсы і лепшая каманда, чым у вас, так што, калі ласка, здымайцеся на маю карысьць. Збор подпісаў паказаў усяго тое, чаго ўсе так ці інакш спадзяваліся: у беларускім басэйне плавае адна акула, якой пад сілу сабраць і мільён подпісаў, і нават тры, ды дзясатак драбнейшых рыбак, якім дазволена плаваць у тых закутках, куды не заглядае акула. Я не выключаю, што нехта з альтэрнатыўных кандыдатаў можа зьняцца пасьля рэгістрацыі на карысьць некага іншага, але мне цяжка дапусьціць думку пра тое, што ў выбарчым бюлетэні будуць стаяць толькі два прозьвішчы – Лукашэнкі і некага «адзінага». Юры па-мойму правільна ацаніў сытуацыю, кажучы, што ўлада стварае ілюзію дэмакратыі ў гэтых выбарах, лібэралізуючы тыя этапы і элемэнты выбарчай кампаніі, якія ёй не пагражаюць нічым непрадказаным. Ня выключана, што шмат хто з кандыдатаў «стотысячнікаў» клюнуў на гэтую прынаду і адчуў, што ў яго ёсьць нейкія шанцы, ну, ня выйграць гэтыя выбары, але папіярыцца і, магчыма, прабіцца ў больш рэальную палітыку.

Лукашук: Кандыдатаў шмат, як ніколі. Але, як кажуць паліттэхнолягі, калі вас няма ў мэдыях, то вас няма нідзе. ЦВК абяцае пасьля рэгістрацыі выступы і дэбаты кандыдатаў. А як прадстаўленыя ў мэдыях кандыдаты цяпер?

Цыганкоў: Калі адказваць коратка на гэтае пытаньне, то – ніяк. Беларуская асацыяцыя журналістаў распаўсюдзіла маніторынг асьвятленьня першага этапу прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ.

Адмыслоўцы БАЖ заяўляюць, што сёлетняе асьвятленьне выбараў афіцыйнымі мэдыямі ідзе паводле сцэнару мінулых гадоў. Напрыклад, пра апазыцыйных кандыдатаў на Беларускім тэлебачаньні гаварылася ўсяго некалькі сэкундаў, пра Аляксандра Лукашэнку — у тысячу разоў болей. Хто з карэспандэнтаў дапусьціў ідэалягічную пагрэшнасьць і ажно некалькі сэкундаў назваў прозьвішча апазыцыйнага кандыдата – мяркую, уладам варта разабрацца. Але відавочна, што стратэгія даволі простая – ніяк не ўзгадваць існаваньне іншых кандыдатаў. Калі нейкія камэнтатары і гавораць пра апазыцыю, то ў прыніжальным тоне і не называючы прозьвішчаў.

Канешне, адно гэта ўжо дазваляе казаць, што выбараў у нармальным дэмакратычным сэнсе гэтага слова ў Беларусі няма.

Лукашук: Юры, ці акажа дамінаваньне Аляксандра Лукашэнкі ў інфармацыйным полі ўплыў на вынікі выбараў? Ці могуць выступы кандыдатаў, тэледэбаты паміж імі “перабіць” гэты ўплыў?

Дракахруст: Выглядае, што другі бок, другая мэта рэгістрацыі ўладамі амаль усіх кандыдатаў – гэта ўтапіць моцных кандыдатаў сярод слабых, стварыць з выбараў вобраз балагану. Гэтая схема збудаваная на паводзінах саміх кандыдатаў. Ім жа фармальна ніхто не перашкаджае цяпер зьняцца на карысьць адзінага. Але жаданьня няма. Спадзеў таксама на тое, што падчас тэледэбатаў кандыдаты будуць лаяць ня ўладу, а адзін аднаго.

Ці спрацуе гэта – хто ведае. Тут прыгадваецца стары анэкдот. Прыходзіць чалавек у цырк і кажа – у мяне ёсьць ідэя выдатнага нумару: клоўн выходзіць на арэну, нешта раняе і нахіляецца падняць, а да яго падбягае іншы клоўн і б’е яго нагой пад зад. Выдатная ідэя – кажа дырэктар – але ў мяне вялікі сумнеў, ці не занадта гэта складана для нашага цырку.

Так і тут. Ідэя ва ўладаў прыгожая, добра, што замест калом па галаве адбываецца пераход да больш вытанчаных маніпуляцыйных тэхналёгій. Але ці занадта гэта складана для нашага цырку? Калі што можа пайсьці ня так, яно вельмі часта і ідзе ня так.

Што да манаполіі Лукашэнкі на прысутнасьць у мэдыях, то яна свой уплыў безумоўна акажа. Лукашэнка – таленавіты палітык, але калі ў СМІ прысутнічае толькі ён, а астатніх мажуць брудам, нават не называючы імёнаў, дык ён атрымлівае значную дадатковую фору. Ці змогуць “перабіць” гэты ўплыў выступы апазыцыйных кандыдатаў па тэлебачаньні? Занадта малы тэрмін. Калі б яны мелі гэты доступ паўгода, тады можа быць. Да таго ж паглядзім, як БТ будзе ладзіць тэледэбаты. Ня выключана, што іх фармат будзе накіраваны на дыскрэдытацыю кандыдатаў.

Хаця зь іншага боку Казуліна запомнілі пэўна ў асноўным за ягоны яскравы тэлевыступ, за ягонае “Где деньги, Саша” і разрываньнем “Советской Белоруссии”. Тут, мяркую, усё залежыць ад здольнасьцяў кандыдатаў. Гэта іспыт, выклік. Умовы няроўныя, але па меншай меры кандыдаты могуць разбурыць уяўленьне, што палітык у краіне толькі адзін, як сказаў некалі Лукашэнка.



Лукашук: А зараз – да вечнай беларускай тэмы – тэмы Расеі. Здаецца, інфармацыйная вайна паміж Менскам і Масквой сьцішылася, няма працягу “хросных бацек”, істотна зьмяніўся тон беларускіх дзяржаўных мэдыяў адносна Расеі. Але вось у інтэрвію для польскіх мэдыяў Аляксандар Лукашэнка ізноў “прайшоўся” наконт усходняга саюзьніка.
На просьбу пракамэнтаваць вядомы тэлезварот прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева Лукашэнка адказаў:

Гэта ж не на шкоду мне. Гэта ж ён [Мядзведзеў] паказаў, які ён палітык. І потым: гэта хлусьня, гэта няпраўда.

Юры, ці азначаюць гэтыя кпіны і абвінавачваньні новы раўнд канфлікту?

Дракахруст: Ну, гэта азначае, што вайна працягваецца, магчыма, іншымі сродкамі і на іншых франтах. Ня выключана, што пасьля рэгістрацыі, калі будзе вядома, хто ж будзе ўдзельнічаць у выбарах, Масква спыніць сваё маўчаньне ў інфармацыйнай прасторы.

На іншых пляцоўках барацьба і не спынялася. У гэтую сераду стала вядома, што беларускі бок пагадзіўся на формулу гандлю нафтай, якую прапанавала Расея – Беларусь купляе расейскую нафту бяз мыта, але аддае Расеі ўсё экспартнае мыта ад нафтапрадуктаў, прададзеных у трэція краіны. Калі папросту, то Беларусь на продажы нафтапрадуктаў згубіць тое, што выйграе на пакупцы нафты. Першы віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка называў такі варыянт «крайнім, найгоршым» для Беларусі. Ну вось, даводзіцца пагаджацца на “найгоршы” варыянт, відаць, каб не атрымаць яшчэ горшы. Праўда, паведамляецца, што засталіся яшчэ нейкія тэхнічныя дэталі. Як кажуць ангельцы, д’ябал хаваецца ў дэталях.
Таксама ў сераду Інтэрфакс распаўсюдзіў аналітычны тэкст з красамоўнай назвай “Расея і Беларусь на парозе новай нафтавай вайны”. Сэнс публікацыі – да канца году паўтара месяца, кантракт аб гандлі нафтай канчаецца, пазыцыі бакоў вельмі адрозьніваюцца. Зусім бяз нафты Беларусь не застанецца, дзякуй Уга Чавэсу, але да Новага году перамовы могуць і не завяршыцца.

Экспэрты зьвяртаюць увагу на новы чыньнік у нафтавым змаганьні, які пагаршае і без таго ня самыя магутныя пазыцыі Менску. З 1 студзеня запрацуе, праўда, пакуль у пробным рэжыме нафтаправод БТС-2, які забясьпечыць транзыт расейскай нафты абмінаючы Беларусь. Так што патрэба Расеі ў транзыце нафты празь Беларусь зьмяншаецца, і палохаць яе адключэньнем гэтага транзыту не атрымаецца.

У сьвятле гэтага рэзкія словы Лукашэнкі пра Мядзьведзева гучаць як артпадрыхтоўка да навага раўнду па меншай меры эканамічнай вайны.

Лукашук: Вось яшчэ і наконт нафты, і Расеі, і выбараў. Падчас інтэрвію для польскіх мэдыяў Лукашэнка, не называючы імя, даволі разгорнута выказаўся наконт заяваў Уладзімера Някляева:

«Адзін, яго называюць прарасейскім (ніякі ён не прарасейскі, а жулік, і ўсё, прабачце мне, я не называю прозьвішча, каб не пакрыўдзіліся), ён нядаўна заявіў: «Калі я стану прэзыдэнтам, я нафтаперапрацоўчыя заводы, стратэгічныя трубаправодныя сыстэмы перадам Расеі».

Вось мяне гэта абурыла проста, і нашых людзей. Я думаю, гэтым самым ён паставіў крыж. Тое, што я трымаю дзьвюма рукамі, — а гэта стратэгічныя аб’екты, яны нам патрэбны, — «я аддам, таму што ў нас няма нафты, у нас няма газу, няхай забіраюць».


Як вы ацэньваеце гэты пасаж?

Цыганкоў: А насамрэч Някляеў сказаў "Мы ніяк ня можам выключыць расейскі капітал са сфэры свайго ўплыву. Расейскі капітал павінен, перш за ўсё, працаваць на мадэрнізацыю беларускай эканомікі”. Па-другое, сапраўды, ужо ня першае выказваньне Лукашэнкі ў бок Някляева выдае тое, што менавіта яго кіраўнік Беларусі лічыць сваім найбольш небясьпечным канкурэнтам. А для гэтага ёсьць падставы. Рэч у тым, што Някляеў, магчыма, адзіны з кандыдатаў, хто актыўна і мэтанакіравана хоча вырвацца за межы так званага апазыцыйнага электарату, ці нават часам кажуць –апазыцыйнага гета. Гэта і спробы кампаніі “Гавары праўду” ад пачатку свайго існаваньня што называецца ісьці да людзей, знаходзіць болевыя сацыяльныя праблемныя сацыяльныя кропкі і шукаць спосабы іх вырашэньня.

Ну і гэта несумненна апошнія заявы Някляева датычныя Расеі. Відавочна, менавіта Някляеў хоча зламаць тую схему, якая вымалёўвалася апошняе як мінімум дзесяцігодзьдзе, калі Лукашэнка –прарасейскі палітык, а апазыцыя – празаходняя. На фоне таго, што адбываецца цяпер у дачыненьнях афіцыйнага Менску з Крамлём, гэта даволі зручны момант пасунуць Лукашэнку з гэтага п'едэсталу адзінага прарасейскага палітыка. Што цікава – Някляеў не баіцца абвінавачаньня ў прарасейскасьці і нават сам правакуе іх. Гэта кажа пра тое, што ён імкнецца пашырыць свой электарат. Мэсідж Някляева даволі просты і, на маю думку, электаральна выгадны – толькі той чалавек, які можа дамовіцца з Расеяй, можа быць эфэктыўным беларускім прэзыдэнтам. Лукашэнка – ня можа, а я магу – кажа Някляеў. Пытаньне ў тым, ці хопіць яму часу і сілаў данесьці гэты мэсідж да большасьці электарату.

Максімюк: Па-мойму, ня толькі Ўладзімер Някляеў паставіў крыж на сваёй выбарчай кампаніі падобнымі заявамі, але і шмат хто зь іншых альтэрнатыўных кандыдатаў, якія так ці інакш далі зразумець электарату, што яны хочуць заручыцца падтрымкай з Расеі на гэтых выбарах. Усе адчуваюць, а шмат хто і гаворыць гэта ўголас, што спадарыня Лідзія Ярмошына нікому іншаму, акрамя Аляксандра Лукашэнкі, ня выпіша пасьведчаньня аб выбары прэзыдэнтам. Альтэрнатыўныя кандыдаты могуць адстойваць сваё права на такое пасьведчаньне адно на плошчы.

А што атрымліваецца на падыходзе да такой гіпатэтычнай плошчы 2010 году? Калі ў 2006 годзе людзі выйшлі на плошчу зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, то было больш-менш ясна, што яны туды прыйшлі ня толькі дзеля Мілінкевіча ці Казуліна, але і дзеля эўрапейскай будучыні Беларусі, хай нават на ўзроўні мары. Аднак гэткая мара тады ўсё яшчэ існавала, а таму сярод бел-чырвона-белых сьцягоў можна было ўбачыць і сьцягі Эўразьвязу, сінія з залатымі зоркамі. Якія сьцягі, акрамя бел-чырвона-белых, павінны лунаць над плошчай цяпер? Расейскі трыкалёр? Калі дагаворваць некаторыя рэчы да канца, дык безумоўна, што так. Бо ж кандыдаты разам з Расеяй хочуць скідаць Лукашэнку.

І калі дагаворваць яшчэ іншыя некаторыя рэчы да канца, дык БРСМ-аўцы, якія агітуюць за так званыя «выбары-мурыбары-тарабары», могуць цяпер узяць у рукі і чырвона-зялёны, і сіні з залатымі зоркамі сьцягі, і гэта будзе апраўдана. Бо іхні кандыдат, як ні круці, выглядае як адзіны гарант незалежнасьці Беларусі ад Расеі. Мы ўжо згадвалі ў гэтай студыі ў папярэдніх перадачах, што сыход Аляксандра Мілінкевіча з гонкі і стаўка цяперашніх альтэрнатыўных кандыдатаў на расейскі фактар, што б гэта ні значыла на самай справе, пазбавіла гэтых кандыдатаў маральнага права падымаць эўрапейскі сьцяг у гэтай кампаніі. А гэта значыць, што іхні мабілізацыйны патэнцыял адносна арганізаваньня Плошчы-2010 катастрафічна ўпаў у параўнаньні з патэнцыялам Мілінкевіча ў 2006 годзе.

Лукашук: І напрыканцы – бліц аналіз: якая нечаканасьць, якая падзея магла б унесьці зьмены ў хаду працэсу – што ці хто магло б зьдзівіць і зьмяніць status quo, якое падобнае да тунэлю з адным канцом?

Максімюк: Новую якасьць у гэтую кампанію магла б унесьці Масква, выразна паказаўшы пальцам на кандыдата, якога яна падтрымлівае супраць Лукашэнкі. Гэта, хутчэй за ўсе, не адвярнула б, так бы мовіць, выбарчага наканаваньня Беларусі, але стварыла б новыя магчымасьці і павароты для палітычнай гульні ў Беларусі.

Дракахруст: Сюрпрызам выбараў мог бы стаць выразны “бунт намэнклятуры”, калі б, скажам, за тыдзень да выбараў падаў у адстаўку прэм’ер Сяргей Сідорскі, зрабіўшы пры гэтым заяву, што Лукашэнка вядзе Беларусь у бездань. У спалучэньні зь нечаканасьцю, пра якую сказаў Ян, гэта магло б даць моцны эфэкт.

Цыганкоў: Першая – калі здымуць ужо зарэгістраванага, напрыклад, Някляева. Паколькі піяр-каманды працуюць даволі эфэктыўна, то можа быць запушчаная нейкая чутка, нейкая дэза, якая моцна напалохае Лукашэнку. І ён пойдзе на імпульсіўныя рашэньні нават на шкоду добра распрацаванаму сцэнару.

І другі варыянт – эфэкт Казуліна. Калі зноў-такі будзе такі выступ кандыдата, пра які будуць гаварыць усе, на прыпынках, у кафэ, на кухнях. І гэта будзе ня “Хросны Бацька”, які толькі ў Інтэрнэце, а на БТ. І людзі пачнуць думаць, а што гэта азначае, а можа, нешта мяняецца і гэтак далей...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG