Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На сёньня ў рэгіёнах Беларусі выдаюцца 13 недзяржаўных грамадзка-палітычных выданьняў. Дзяржаўных газэт — у дзесяць разоў больш. Як адны і другія асьвятляюць выбарчую кампанію?

ВІЦЕБШЧЫНА


Нават пра кандыдатаў піша толькі незалежны тыднёвік

Віцебскія газэты — абласныя "Народнае слова" і "Віцебскі рабочы" ды гарадзкая "Віцьбічы" — інфармуюць чытачоў толькі пра той ці іншы этап выбарчай кампаніі. Ніякіх падрабязнасьцяў пра тое, як праходзіў збор подпісаў за кандыдатаў, хто ўзначальвае штабы ініцыятыўных груп, дзе знаходзяцца месцы, вызначаныя для агітацыі, дзяржаўныя СМІ не друкуюць. Удакладняе Браніслава Станкевіч.

Выключэньнем сталі толькі апошнія нумары: у "Віцьбічах" надрукавалі вялікі матэрыял пра вынікі праверкі сапраўднасьці подпісаў, а ў "Віцебскім рабочым" на тую ж тэму зьявіўся артыкул "Прыдзьвінскі правал Правальскага". На думку мясцовых праваабаронцаў, назва артыкула некарэктная: пакуль Цэнтравыбаркам не адмовіў віцебскаму патэнцыйнаму кандыдату ў магчымасьці балятавацца, ніхто ня мае права сьцьвярджаць, ці была правальнай ягоная ініцыятыва ўзяць удзел у выбарах.

Праваабаронца Леанід Сьвецік лічыць, што чытачы віцебскіх газэт, па сутнасьці, пазбаўленыя магчымасьцяў даведацца пра навіны выбарчай кампаніі ў рэгіёне:

"Калі чалавек хоча знайсьці нешта пра выбары ў віцебскіх газэтах, то нічога ня знойдзе. Яны маўчаць або даюць мінімум
Калі чалавек хоча знайсьці нешта пра выбары ў віцебскіх газэтах, то нічога ня знойдзе.
інфармацыі. Калі ж паглядзець электронныя вэрсіі раённых газэт, то можна адзначыць, што некаторыя паказваюць тое, што ідзе выбарчая кампанія. Так, у газэце "Голас Сеньненшчыны" друкуюцца матэрыялы ня толькі пра выбары ў маштабах краіны, але й пра тое, што адбываецца ў Сянно і Сеньненскім раёне".

Паводле Леаніда Сьвеціка, з усіх газэт Віцебскай вобласьці толькі газэта "Голас Сеньненшчыны" зьмясьціла каардынаты штабу ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі. Праваабаронца таксама зьвяртае ўвагу на тое, што гэты матэрыял выклікаў шмат камэнтараў і на інтэрнэт-старонцы: чытачы абураюцца, чаму ў СМІ няма інфармацыі пра іншых, апазыцыйных кандыдатаў.

Пра гэтых кандыдатаў можна пачытаць хіба толькі ў незалежнай газэце "Витебский курьер". Ад пачатку выбарчай кампаніі тут выйшлі інтэрвію з патэнцыйнымі кандыдатамі, якія расказвалі пра сябе ды свае праграмы, кажа шэф-рэдактар газэты Вадзім Баршчэўскі:

"Мы далі інтэрвію з большасьцю патэнцыйных кандыдатаў, апрача Барысава, Гайдукевіча, Кулікова, Іванова, а таксама Лукашэнкі, які дагэтуль не адказаў на наш ліст. І былі матэрыялы, да прыкладу, пра фармаваньне камісій. З адным з такіх матэрыялаў увесь наклад газэты быў сканфіскаваны. Гэта быў матэрыял з суду: як высьветлілася на працэсе, абласную камісію фармавалі тры чалавекі. Усе астатнія проста прагаласавалі, калі ім зачыталі сьпіс".

Вадзім Баршчэўскі адзначае, што канфіскацыі газэты пры перавозцы — а друкуецца "Витебский курьер" у Смаленску — здараюцца якраз падчас выбарчых кампаній. Таму пад пагрозай — кожны наступны нумар:

"Падобны матэрыял і ў апошнім нумары — як рабіліся ўжо ўчастковыя камісіі, як туды ня трапіў чалавек, які сабраў 153 подпісы за вылучэньне, і ўзялі таго, хто ня меў нават 10 подпісаў. Яшчэ мы друкавалі матэрыялы пра нашых віцебскіх кандыдатаў, Рыжова і Правальскага. І мы да гэтага яшчэ будзем вяртацца, бо яны нашы і таксама ня супраць паразмаўляць пра ўсё з чытачамі".

Нягледзячы на тое, што "Витебский курьер" — гэта штотыднёвік, а дзяржаўныя газэты выходзяць тры разы на тыдзень, незалежнае выданьне апярэджвае іх у інфармаваньні пра выбарчыя падзеі. Так, пра адмову Сяргея Рыжова балятавацца дзяржаўныя віцебскія СМІ распавялі толькі праз тыдзень пасьля ягонай заявы, а пра прычыны, сярод якіх і адсутнасьць свабоды слова, як цьвердзіць спадар Рыжоў, — не напісалі ўвогуле.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Маніторынг асьвятленьня кампаніі вядуць праваабаронцы

У дзяржаўных газэтах Магілёўшчыны мала ўласных матэрыялаў пра ход выбараў.

Маніторынг асьвятленьня выбарчай кампаніі у сродках масавай інфармацыі рэгіёну вядуць мясцовыя праваабаронцы. Паводле іх, дзяржаўныя мэдыі больш увагі надаюць перадруку паведамленьняў пра выбары з інфармацыйных агенцтваў і выбаркамаў. Уласных матэрыялаў вобмаль.
Дзяржаўная прэса асьвятляе погляд дзяржавы, а ўлада ў прынцыпе не зацікаўленая ў празьмернай актуалізацыі тэмы выбараў.


"Дзяржаўная прэса асьвятляе погляд дзяржавы, а ўлада ў прынцыпе не зацікаўленая ў празьмернай актуалізацыі тэмы выбараў. Яны вельмі шмат увагі аддаюць тэме гэтак званага Ўсебеларускага народнага сходу. Адбываецца падмена паняцьцяў у сьвядомасьці чытачоў, каб ён успрымаўся як падзея выбарчага кшталту, і такім чынам значнасьць выбараў дэвальвуецца", — зазначае праваабаронца Аляксей Колчын.

У дзяржаўных выданьнях апраўдваюцца: друкуем тое, што лічым неабходным. У сьпісе афіцыйнай прэсы рэгіёну ёсьць і свае выключэньні. Напрыклад, у газэце Бабруйскага гарвыканкаму "Бабруйскае жыццё" шмат аўтарскіх публікацыяў на тэму выбараў. У апазыцыйным асяродку Бабруйску выданьне лічыцца скандальным. Сёлета грамадзкі актывіст Сяргей Еўдакімовіч судзіўся зь ім за выбарчыя публікацыі, якія яго зьневажалі. Перамагчы не ўдалося. Рэдактар газэты Аляксандар Казак заяўляе, што мэты зьневажаць апазыцыянэраў выданьне ня ставіць:

"Мы адказваем тым, хто нам цікавы. Гэта адметнасьць газэты, якая мае статус грамадзка-палітычнай. Мы імкнемся публікаваць больш мясцовых матэрыялаў".

Больш выбарчых матэрыялаў — у недзяржаўных газэтах. Іх, аднак, у рэгіёне няшмат. Адно зь іх — крычаўскі "Вольны горад". Рэдактар Сяргей Няроўны зазначае, што газэта імкнецца даваць як мага больш аб’ектыўны малюнак ходу выбараў:

"Пішам, асабліва што тычыцца парушэньняў выбарчага заканадаўства, што апазыцыю не ўключаюць у раённыя ды ўчастковыя камісіі. Як адбываўся збор подпісаў, ці быў ціск улады на гэта. Падаем, канечне, перадрукоўкі цікавых артыкулаў зь іншых СМІ"

ГОРАДНЯ


"Найменш піша пра выбары газэта мясцовага аблвыканкаму"


Назіральнікі за выбарчай кампаніяй у Гарадзенскім рэгіёне адзначаюць нізкую цікавасьць мясцовых СМІ да гэтай тэмы.

Уладзімер Хільмановіч, які непасрэдна вядзе назіраньне за асьвятленьнем выбарчай кампаніі ў рэгіянальных СМІ, найперш зьвяртае ўвагу на тое, што ў Гарадзенскай вобласьці засталася толькі адна недзяржаўная газэта. І, зь яго слоў, з гэтага вынікаюць і асаблівасьці асьвятленьня тэмы выбараў.

Хільмановіч: "Найменш піша пра выбары, як ні дзіўна, абласная газэта "Гродзенская праўда". У ёй альбо замоўчваюцца цэлыя этапы кампаніі, альбо інфармацыя абмяжоўваецца кароткімі інфармацыйнымі паведамленьнямі дзяржаўных агенцыяў".

Раённая газэта "Перспектыва", у якой выбарчай тэме аддаецца больш месца, са слоў Уладзімера Хільмановіча, менавіта ў пятніцу, калі там зьмяшчаецца інфармацыя пра выбарчую кампанію, практычна не трапляе ў шапікі.

А ў гарадзкой газэце "Вечерний Гродно", як адзначае назіральнік, у артыкулах на выбарчую тэматыку дапускаюць грубыя недакладнасьці.

У рэгіёне выходзіць адзінае незалежнае выданьне "Газета Слонімская", якая спрабуе, са слоў мясцовага актывіста Івана Шэгі, даваць месца на сваіх старонках усім удзельнікам выбарчай кампаніі.

Шэга: "Пэрыядычна там зьмяшчаюцца матэрыялы ў выглядзе пэўных улётак, развагаў, заяваў. Вось, да прыкладу, у апошнім нумары ліст апублікавалі вэтэраны, у якім катэгарычна выступалі супраць пазыцыі Рыгора Кастусёва. Там дыскусія вядзецца".

Што тычыцца дзяржаўнай раёнкі і мясцовага тэлебачаньня, то, са слоў Івана Шэгі, там — поўны пазытыў.

Такія ж прыклады прыводзяць назіральнікі і зь іншых раёнаў вобласьці: у мясцовых газэтах, акрамя скупога паведамленьня, аб стварэньні камісій нічога не гаворыцца, затое ўсхваляецца палітыка ўладаў. Вось што наконт гэтага распавядае назіральнік са Смаргоні Алесь Дзергачоў.

Дзергачоў: "Малююцца пэрспэктывы разьвіцьця нашага рэгіёну, а таксама адзначаецца падрыхтоўка (ужо два нумары запар) да ўсенароднага сходу, зь якім натхненьнем працоўныя калектывы і дэлегаты ўспрымаюць гэта і якія надзеі ўскладаюць на гэты сход".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Пра выбары вельмі мала інфармацыі, нібы іх і ня будзе"

На Берасьцейшчыне недзяржаўныя выданьні даюць інфармацыі пра выбары нашмат больш, чым дзяржаўныя СМІ. Але і гэтага не дастаткова, мяркуюць журналісты.

Намесьніца галоўнага рэдактара "Брестской газеты" Жанна Сідарук адзначае: як і раней, так і сёлета існуе падзел журналістаў на дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Апошнім нашмат складаней трапіць на афіцыйныя мерапрыемствы, атрымаць інфармацыю.
Нехта рэгулярна распавядае пра сваіх кандыдатаў, нехта практычна ігнаруе гэтую тэму.


"Інфармацыі пра выбары стала больш у дзяржаўных СМІ. Але я лічу, што і гэтага зусім не дастаткова, бо часу да выбараў застаецца вельмі мала. Што да недзяржаўных СМІ, то і яны вельмі падзяліліся. Нехта рэгулярна распавядае пра сваіх кандыдатаў, нехта практычна ігнаруе гэтую тэму".

Мясцовыя ўлады зазвычай запрашаюць на афіцыйныя мерапрыемствы журналістаў недзяржаўных СМІ, але калі справа тычыцца выбарчай кампаніі, дык тут і журналістам няма месца, кажа Алесь Белы, намесьнік галоўнага рэдактара газэты "Інтэкс-Прэс":

"Увогуле, выбарчая тэма на старонках дзяржаўных выданьняў замоўчваецца. У найлепшым выпадку газэты абыходзяцца перадрукоўкамі. Робяць спасылкі, у якіх пазначана "па матэрыялах рэспубліканскай прэсы", калі гэта тычыцца выбараў. Больш спасылаюцца ў Баранавічах дзяржаўныя выданьні, чым друкуюць свае матэрыялы. Хаця часам зьяўляюцца і артыкулы, якія падпісаныя аддзелам ідэалёгіі гар- або райвыканкаму".

Недзяржаўныя выданьні імкнуцца пісаць пра ход кампаніі, інфармаваць пра патэнцыйных кандыдатаў, пра тэрміны кампаніі, кажа Алесь Белы.

Гэтаксама ў рэгіёне працуе і недзяржаўная "Газэта для вас", адзначае намесьнік рэдактара Павал Дайлід. Затое мясцовая раёнка больш увагі аддае Ўсебеларускаму сходу, чым выбарчай кампаніі:

"Івацэвіцкая раёнка пра выбары піша мінімум. Толькі тое, што павінна пісаць. А інфармацыйных артыкулаў няма. Больш зараз пішуць пра Ўсебеларускі сход, а пра выбары на самой справе вельмі мала інфармацыі, нібы іх і ня будзе ўвогуле".
XS
SM
MD
LG