Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пачынае перамовы аб спрашчэньні візавага рэжыму зь Беларусьсю


Эўрапейская камісія рэкамэндавала Радзе міністраў ЭЗ пачаць перамовы зь Беларусьсю пра спрашчэньне працэдур афармленьня кароткатэрміновых віз і пра рэадмісію.

Эўракамісія прапануе дзяржавам ЭЗ разгледзець пералік пытаньняў, па якіх ЭЗ гатовы спрасьціць працэдуры афармленьня візаў.

Гаворка ідзе пра спрашчэньне працэдуры атрыманьня працяглых шматразовых візаў у ЭЗ, пра скасаваньне альбо памяншэньне платы за візы для пэўных катэгорый грамадзянаў (сьпіс гэтых катэгорый яшчэ трэба вызначыць), пра устанаўленьне тэрмінаў для апрацоўкі візавых заявак, а таксама пра магчымае зьняцьцё візавых патрабаваньняў для ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў.

Спрашчэньне візавага рэжыму надзвычай важнае для грамадзян Беларусі. Новая сыстэма прадугледжвае больш прадказальную і празрыстую працэдуру атрыманьня візаў, а таксама зьніжэньне іх цаны ўдвая. Падобнае спрашчэньне палепшыць абмен і павялічыць колькасьць кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і Эўрапейскага зьвязу. У той жа час, пагадненьні забясьпечаць прававыя падставы для вяртаньня грамадзян, якія нелегальна знаходзяцца на тэрыторыі ЭЗ, на тэрыторыю іх роднай краіны.
XS
SM
MD
LG