Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Пэнсіі хапае толькі на кватэру і на хлеб "


Прэзыдэнт Лукашэнка запэўнівае, што ніякай дэвальвацыі нацыянальнай валюты ўлада не плянуе. Як вы ставіцеся да гэтай заявы? Што робіце са сваімі грашыма? Адказы гарадзенскіх мінакоў.

Сталы спадар: "Я думаю, што будзе дэвальвацыя, у сэнсе — паніжэньне рубля будзе. Але калі выбары будуць, я пайду за яго галасаваць, бо тут не ад яго залежыць. Тое, што ён кажа, можа, яму так бы хацелася, канечне. Але як бы ні хацелася, усё роўна рубель будзе падаць".

Мама зь дзіцем: "Вы ведаеце, я рэалізую грошы, хоць іх катастрафічна не хапае, але ўкладаю ў тавары, неабходныя сёньня нашай сям’і. А складаць грошы, асабліва ў беларускіх рублях, ня маю жаданьня і не лічу патрэбным. Ня тое што не давяраю, але няма сёньня такой магчымасьці".

Спадарыня: "Не купляю даляры і нічога не раблю. Давяраю, напэўна, прэзыдэнту нашаму".

Малады спадар: "Калі лішнія беларускія ёсьць, то купляю даляры, але без ажыятажу. Думаю, што ня будзе дэвальвацыі, будзе курс крыху расьці. У мінулы раз заклалі курс, вытрымалі калідор. Думаю, што й зараз будзе так. Спадзяюся на гэта".

Спадарыня: "Пытаньне не ў дэвальвацыі, а ў тым, што рубель беларускі абясцэньваецца. Адкіданьне нулікаў тут ні пры чым, ня мае значэньня. Людзі баяцца перад выбарамі: хто яго ведае — што будзе? Ён абяцае, а хто будзе прэзыдэнтам? Мы пакуль ня ведаем, хто выконваць будзе. Пачакаем".

Спадар: "Я думаю, што ў гэтай сытуацыі нельга нікому верыць, таму ж прэзыдэнту. Адзін год ужо было з далярам такое. Чаму ён зноў ня скокне пасьля выбараў?"

Спадар: "Разумееце, жыцьцё паказвае, што няма дыму без агню, што народ заўжды на крок наперад, далей і, можа, нават глыбей бачыць, чымсьці нашае кіраўніцтва. Ён гэта прадчувае. Карацей, усё нячыста, час пакажа. Зьмены будуць з адной простай прычыны, што — ні для кога не сакрэт — цяпер пайшлі буйныя ўліваньні ў падвышэньне пэнсій, заробкаў. Адкуль фінансы? Зарабіла столькі дзяржава? Дай Бог! Ці вырашаюцца пытаньні нейкім іншым чынам?"

Пэнсіянэр: "Я шэсьцьсот тысяч атрымліваю рублямі. На хлеб, на кватэру хапае, а пра нашыя апошнія хвіліны будуць дзеці думаць… Грошай у нас няма, і ўвогуле бедна жывем, канечне. У савецкія часы жылі лепей, хоць атрымлівалі па 120—130 рублёў. А цяпер цэны, хоць у выступе было — што ня будуць падвышацца з новага году, але ўзьвінцяцца цэны і на газ, нафту, і на кватэры, і на ўсё, а пэнсія — толькі на кватэру і на хлеб. Вой, бедна жывем…"

Спадар: "Дэвальвацыя, хутчэй за ўсё, будзе. У беларускіх рублях захоўваць грошы ненадзейна, я так разумею".

Спадар: "Думаю, што рубель патаньнее. Людзі скупляюць цяпер валюту. А ў мяне на гэта няма сродкаў".

Спадарыня: "Як чалавек, які перажыў перабудову, я да ўсяго гатовая. Трэба, як кажуць, яйкі трымаць у розных кошыках: трэба і беларускія рублі мець, і валюту. Думаю, здымуць нулікі — і зноўку мы страцім, як пасьля перабудовы было. Трымаць у банку рублі можна, а ў панчосе даляры ці эўра, хаваць іх".

Спадар: "Хутчэй за ўсё, чакаецца ці адразу пасьля выбараў, ці пасьля Новага году: нашыя грошы абясцэняцца беларускія".

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG