Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень памяці: Савецкае мінулае ў расейскай сучаснасьці


Артыкул пад такой назвай быў апублікаваны сёньня ў расейскай англамоўнай газэце The Moscow Times. Яго аўтары - Сара Мэндэльсан, намесьнік кіраўніка бюро дэмакратыі, канфліктаў і гуманітарнай дапамогі агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці, Тэадор Гербэр, прафэсар сацыялёгіі з унівэрсытэту Вісконсін-Мэдысан.

Днямі ў Расеі адзначаўся дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў, у ліку якіх дзясяткі мільёнаў невінаватых савецкіх грамадзян, якія выжылі і якія загінулі, якія перажылі арышты, катаваньні, ссылку і пакараньне. Да нядаўняга часу дзень 30 кастрычніка быў важнай датай толькі для нешматлікіх праваабаронцаў і часткі інтэлігенцыі.

Недахоп увагі да гэтага дня азначаў, на наш погляд, агульнае нежаданьне сучаснай Расеі шукаць прымірэньня з цяжкімі эпізодамі савецкага пэрыяду гісторыі. Расейскае грамадзтва не ўнікальнае ў гэткай пазыцыі. Многім грамадзтвам нялёгка даецца прызнаньне непрыемных бакоў уласнай гісторыі. Многія грамадзтвы падмянялі адкрытае і балючае абмеркаваньне няёмкім маўчаньнем альбо адкрытым адмаўленьнем злачынстваў мінулага. Асаблівасьць сёньняшняй расейскай сытуацыі ў тым, што час разьлічыцца з савецкім мінулым, як паказвае наша дасьледаваньне, прыйшоў.

Роўна год таму прэзыдэнт Дзьмітрый Мядзьведзеў у сваім відэаблогу
Час разьлічыцца з савецкім мінулым прыйшоў.
недвухсэнсоўна асудзіў рэпрэсіі сталінскай эпохі: «Мільёны людзей загінулі ў выніку тэрору і ілжывых абвінавачваньняў - мільёны ... Рэпрэсіям няма апраўданьняў». Прэзыдэнт даў зразумець, што занепакоены непаўнатой ведаў аб гэтым трагічным часе, асабліва недахопам увагі да яго з боку моладзі. Яго пасланьне было простае: неабходна прыкласьці больш намаганьняў для ўвекавечаньня памяці ахвяр сталінізму.

У красавіку сёлета расейскія ўлады ў абстаноўцы беспрэцэдэнтнай публічнасьці казалі аб расстрэле супрацоўнікамі савецкіх спэцслужбаў 22 тысяч польскіх вайскоўцаў у 1940 г. у Катыні. Польскім дасьледчыкам былі перададзеныя раней засакрэчаныя матэрыялы аб гэтым злачынстве.

Распаўсюджваньне ведаў аб савецкім мінулым і неабходнасьць яго абмеркаваньня было адной зь вядучых тэмаў на нядаўніх сустрэчах міжнароднага дыскусійнага клюбу «Валдай», дзе зьбіраюцца расейскія і заходнія экспэрты. Удзельнік гэтых сустрэч Сяргей Караганаў, палітоляг, блізкі да кіраўніцтва краіны, у ліпені ахарактарызаваў Расею як «вялікую Катынь, якая ўсеяная па большай частцы безыменнымі магіламі мільёнаў ахвяраў рэжыму». У артыкуле, апублікаваным 22 ліпеня ў «Российской газете», Караганаў пісаў пра тое, як замоўчваньне злачынстваў сталінскіх часоў перашкаджае палітычнаму разьвіцьцю Расеі.

Гэтая і іншыя падзеі прымушаюць думаць, што расейская палітычная і інтэлектуальная эліта ўсё больш схіляецца да адкрытага і глыбокага абмеркаваньня сталінскай эпохі.
Караганаў: Расея - вялікая Катынь.
Менавіта да гэтага гадамі заклікалі актывісты рухаў абароны правоў чалавека. Але што думае пра гэта расейскае грамадзтва ў цэлым? Дапамагчы адказаць на гэтае пытаньне было закліканае апытаньне Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, праведзенае пры падтрымцы Фонду Форда маскоўскім «Лявада-цэнтрам». Сацыёлягі апыталі 2009 расейцаў у веку ад 20 да 59 гадоў.

Вынікі сьведчаць: веды расейцаў аб рэпрэсіях часоў Сталіна досыць абмежаваныя. Толькі 28% правільна адказалі, што ад рэпрэсій так ці інакш пацярпелі «мільёны або дзясяткі мільёнаў»; 31% апытаных назвалі меншыя лічбы; 24% не змаглі адказаць, а 17% ніколі ня чулі пра рэпрэсіі. Такое няведаньне асабліва характэрнае для 20-гадовых: 35% зь іх ніколі ня чулі пра рэпрэсіі. Складана падабраць аналёгію, але ўявіце, што 35% немцаў у свае 20 гадоў нічога ня ведалі б пра разьвязаны Гітлерам генацыд. Лепш за ўсё інфармаванымі аказаліся тыя 14%, якія маглі ўспомніць аб нявінна арыштаваных сваяках. Асабліва гэта тычыцца тых 8%, чые родныя былі сасланыя ў лягеры, пакараныя або прапалі бязь вестак: яны ведаюць аб сталінскай эпосе больш за ўсе іншыя групы і настроеныя да гэтага пэрыяду асабліва крытычна.

У грамадзтве ёсьць і вострае жаданьне ведаць больш: 45% пагадзіліся, што «важна ведаць пра сталінскую эпоху, каб пазьбегнуць паўтарэньня памылак мінулага». Толькі 24% лічаць, што замест гэтага краіна павінна «рухацца наперад, не трывожачы мінулае». Сярод тых, хто чуў пра рэпрэсіі, 72% згодныя, што расейскія ўлады павінны больш рабіць для таго, каб людзі ўсьвядомілі сапраўдны маштаб злачынстваў, і 83% упэўненыя, што больш намаганьняў неабходна прыкласьці для ўвекавечаньня памяці ахвяраў.

Вынікі апытаньня сьведчаць аб тым, што грамадзтва гатовае да шырокай дыскусіі аб сталінскай эпосе, якую Мядзьведзеў паспрабаваў пачаць год таму. Праваабаронцы і грамадзянскія актывісты могуць акрыяць духам: іх намаганьні нарэшце ацэненыя грамадзтвам і падтрыманыя на найвышэйшым узроўні.
17% апытаных расейцаў ніколі ня чулі пра рэпрэсіі.
І сапраўды, мы пабачылі, што грамадзтва з сымпатыяй і павагай ставіцца да дзейнасьці абаронцаў правоў чалавека ў гэтай сфэры. Усе дадзеныя сьведчаць аб тым, што кааліцыя з актывістаў праваабарончага руху, навукоўцаў і чыноўнікаў здольная распрацаваць як агульнанацыянальную, так і мясцовыя стратэгіі па распаўсюджваньні інфармацыі і аб ахвярах, і аб злачынцах з дапамогай школьнай адукацыі, помнікаў, мастацтва і СМІ. Адзін з падыходаў - падштурхнуць тыя 16% насельніцтва, якія ня ведаюць, ці былі іх сваякі ахвярамі сталінскага рэжыму, да пошукаў зьвестак аб сваёй сям'і, карыстаючыся магчымасьцямі новага расейскага закону аб свабодзе інфармацыі.

Даведацца больш аб мінулым - значыць зрабіць першы крок да сапраўднай дэсталінізацыі. Перад расейскімі палітыкамі, грамадзкасьцю і праваабаронцамі адкрываюцца вялікія магчымасьці па супольнай працы над асьвятленьнем гісторыі СССР. Калі гэты шанец будзе выкарыстаны, расейцы змогуць падаць іншым краінам урок таго, як грамадзтва можа прымірыцца з пакутлівымі старонкамі свайго мінулага і зрабіць выбар на карысьць праўды, а не замоўчваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG