Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Эўракамісар Штэфан Фюле паведаміў журналістам, што прывёз у Менск дзьве навіны.

"Краіны Эўразьвязу пачалі абмяркоўваць сумесны прамежкавы плян. Яго сутнасьць: як аказаць Беларусі дапамогу ў мадэрнізацыі і рэформах", — заявіў Фюле.

Другая навіна: "Эўракамісія ў пятніцу прыняла паўнамоцтвы па перамовах зь Беларусьсю на тэму спрашчэньня візавага рэжыму і рэадмісіі".

Фюле ўдакладніў, што перамовы ў справе зьмякчэньня візавага рэжыму пачнуцца ўжо ў лістападзе. Перамовы наконт рэадмісіі — у сьнежні.

На пытаньне "Свабоды", ці мае прамежкавы плян часавыя межы, эўракамісар адказаў: "Гэты плян усёабдымны і комплексны. І Эўропа ня будзе меркаваць наконт прагрэсу ў Беларусі па нейкім адным кірунку. Таму казаць пра часавыя межы не выпадае".

Прамежкавы плян — гэта "вельмі гнуткі інструмэнт", за якім "стаіць філязофія комплекснай ацэнкі".

Фюле адзначыў, што прамежкавы плян пачне працаваць пасьля выбараў.

Эўракамісар нагадаў, што ў часе свайго першага візыту ў Менск у ліпені ён агучыў Аляксандру Лукашэнку і кіраўніку МЗС Беларусі 6 пунктаў, паводле якіх Эўразьвяз будзе выпрацоўваць думку наконт выбараў прэзыдэнта:

  • рэгістрацыя кандыдатаў у прэзыдэнты
  • уключэньне прадстаўнікоў апазыцыі ў камісіі
  • праблема датэрміновага галасаваньня
  • падлік бюлетэняў
  • доступ да СМІ
  • свабода сходаў

"Гэты прынцыпы застаюцца бязь зьменаў. Будзем зьвяртаць увагу на гэтыя патрабаваньні", — паабяцаў Фюле.

"Пытаньні палягчэньня візавага рэжыму ня будуць увязвацца або абумоўлівацца палітычнымі пытаньнямі ", - паабяцаў Фюле.

Эўракамісар Штэфан Фюле 15 лістапада знаходзіцца з аднадзённым візытам у Менску.

Фюле правядзе перамовы зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым.

У Фюле заплянаваная сустрэча з кіраўніком місіі назіральнікаў БДІПЧ АБСЭ ў Беларусі Гертам Генрыхам Арэнсам, які прыбыў у Менск 12 лістапада.

Раней Штэфан Фюле наведваў Менск у ліпені 2010 году. Тады ён сустракаўся з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і апазыцыйных партыяў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG