Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае жыцьцё нобэлеўскага ляўрэата


Аун Сан Су Чжы

Аун Сан Су Чжы

Улады М'янмы (Бірмы), вызвалілі лідэра дэмакратычнай апазыцыі Аун Сан Су Чжы – у дзень заканчэньня тэрміну яе хатняга арышту. Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Су Чжы правяла пад вартай у агульнай колькасьці каля пятнаццаці гадоў за апошні 21 год.

Аун Сан Су Чжы – дачка лідэра руху “За незалежнасьць М'янмы” Аун Сана, забітага ў 1947 годзе. На радзіме яе называюць "ікона дэмакратыі". Яна зьехала з краіны праз 13 гадоў пасля забойства бацькі, а ў канцы 80-х вярнулася, узначаліла нацыянальную лігу “За дэмакратыю” і набыла папулярнасьць. У 90-м годзе на выбарах у канстытуцыйную асамблею, якія праводзіліся па ініцыятыве генэралаў новага пакалення, што прыйшлі да ўлады ў краіне, нацыянальная ліга “За дэмакратыю” атрымала поўную перамогу. Аднак ваенны ўрад не прызнаў вынікі выбараў, саму Су Чжы зьмясьцілі пад арышт у яе доме. З тых часоў улады некалькі разоў вызвалялі яе і зноў зьмяшчалі пад арышт. Выхад на волю лідэра апазыцыі віталі ў Велікабрытаніі, у ЗША.

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Філіп Кроўлі заявіў:

“Вельмі шмат гадоў Злучаныя Штаты настойвалі на тым, што Аун Сан Су Чжы наогул не павінны ні затрымліваць, ні зьмяшчаць пад варту, ні штрафаваць.”

А вось як пракамэнтавала гэтую падзею ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру амэрыканка Джудзі Ўільямс:

“Думаю, што Аун Сан Су Чжы хоча, каб усе мы задаліся пытаннем: вызваленьне – не адзіная праблема ў краіне. Яна кажа таксама, што калі ня зможа ўдзельнічаць у грамадзкім жыцьці, ня зможа свабодна перамяшчацца па краіне, то гэта будзе азначаць, што яна несвабодная, і з гэтым зьмірыцца яна не гатовая.”

На навіну з М'янмы адгукнуліся расейскія праваабаронцы. “Я вельмі рада, што яе вызвалілі. Але, ведаеце, калі вызваляюць пасьля 20 гадоў – гэта, як гаворыцца, радасьць са сьлязьмі на вачах. Праўда, у параўнаньні з нашай быццам бы эўрапейскай краінай, хай і 20 гадоў, але яе ўсё ж утрымлівалі пад хатнім арыштам, а ў нас суды і сьледчыя органы адразу запіхваюць людзей у турмы і лягеры. Такія меры, як хатні арышт, залог, падпіска аб нявыезьдзе не выкарыстоўваюцца. І ў гэтым сэнсе мы б нават ва ўладаў М'янмы маглі б павучыцца,” – сказала Людміла Аляксеева.
Прыхільнікі вітаюць Аун Сан Су Чжы каля яе дома

Здагадка, што Сан Су Чжы могуць выпусьціць, зьявілася пасьля таго, як 7 лістапада ў М'янме адбыліся першыя за 20 гадоў парлямэнцкія выбары. Дзяржаўныя СМІ абвясьцілі пераможцай партыю Саюз салідарнасьці і разьвіцьця, зьвязаную з ваеннымі. Апазыцыйныя партыі, Нацыянальна-дэмакратычная сіла і Дэмакратычная партыя, прызналі сваю паразу, хоць заявілі, што ўлады выкарыстоўвалі для дасягненьня патрэбных вынікаў ціск на работнікаў бюджэтнай сфэры. Доктар гістарычных навук, экспэрт па Паўднёвай, Паўднёва-усходняй Азіі Андрэй Валодзін лічыць, што, нягледзячы на паразу апазіцыі, палітычная сытуацыя ў Бірме павольна, але змяняецца:

“Лёд крануўся. Выбары былі праведзеныя. Натуральна, нельга было чакаць, што яны будуць праведзены без адміністрацыйнага ціску. Ёсьць цяжкасьці і з апазыцыяй, існуе раскол, таму ніхто не чакаў і таго, што апазыцыйныя партыі аб'яднаюцца адзін з адным. Праблема М'янмы складаецца яшчэ і ў тым, што ў краіне не сфармаваная сучасная сярэдняя кляса. У суседняй Індыі з насельніцтвам у больш як 1 мільярд чалавек, прыкладна 300000000 належыць да сярэдняй клясы, і гэта робіць прадказальным разьвіцьцё палітычнай сыстэмы, прадказальным разьвіцьцё ўсяго грамадзтва. У М'янме пакуль гэтага няма. І цяперашнія выбары, паўтараю, нягледзячы на ўвесь адміністрацыйны ціск, нягледзячы на тое, што больш як дзьве тысячы чалавек знаходзяцца ў зьняволеньні па палітычных матывах, усё ж можна лічыць станоўчым зьявай. Я думаю, што эвалюцыйныя зьмены не прымусяць сябе чакаць.”

Сусьветная супольнасьць неаднаразова давала зразумець уладам М'янмы, што ад далейшага лёсу праваабаронцы шмат у чым залежыць перагляд міжнародных санкцый супраць краіны.
XS
SM
MD
LG