Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Андрэя Бандарэнкі зьвярнуўся да праваабаронцаў


Валер Бандарэнка просіць праваабаронцаў абараніць ад ціску турэмшчыкаў ягонага сына Андрэя Бандарэнку, паколькі турбуецца за ягонае жыцьцё. Былы палітвязень Уладзімер Асіпенка заклікаў распачаць грамадзкую кампанію за вызваленьне Мікалая Аўтуховіча.

Болей за месяц прасядзеў у турэмным карцэры вязень Бабруйскай калёніі Андрэй Бандарэнка. Дакладную колькасьць дзён пакараньня ягоны бацька Валер Бандарэнка назваць ня змог. "Ведаю, што яго чатыры разы запар каралі карцэрам", — згадвае Валер Бандарэнка. 10 лістапада Андрэй Бандарэнка выйшаў з карцэру і атрымаў дазвол на кароткі званок дамой.

Валеры Бандарэнка
"Выйшаў у сераду, пазваніў. І не выключае, што яго зноў могуць "закрыць". Ён ня проста прадчувае, а і ведае, бо такое ўжо ня раз зь ім бывала."

Прычыны магчымага новага пакараньня Андрэй Бандарэнка сваякам не паведаміў.

Валер Бандарэнка кажа, што зьвярнуўся па дапамогу ў Беларускі Хэльсынскі камітэт, бо турбуецца, што калі ціск на ягонага сына ня спыніцца, ён можа ня вытрымаць па стану здароўя.

"Адвакат у яго быў і сказаў, што са здароўем у яго вельмі дрэнна".

Паводле Валера Бандарэнкі, у сына застуджаныя ныркі, а таксама ёсьць шэраг іншых, у тым ліку хранічных, хвароб.

Валер Бандарэнка паведаміў, што зараз дакладна ведае пра пагрозы жыцьцю сына з боку супрацоўнікаў міліцыі. Раней Валер Бандарэнка казаў, што, магчыма, ягонага сына выводзілі на дах турмы і пагражалі "выпадковай сьмерцю".



Выйшаў на волю сябра Мікалая Аўтуховіча былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, які адбыў за кратамі болей за 20 месяцаў. У першых жа інтэрвію Ўладзімер Асіпенка заклікаў грамадзкасьць больш рашуча патрабаваць вызваленьня Мікалая Аўтуховіча. Лісты з патрабаваньнямі вызваленьня Аўтуховіча Ўладзімер Асіпенка прапануе накіроўваць у тым ліку наўпрост Аляксандру Лукашэнку.

Уладзімер Асіпенка
"Мяркую, трэба пісаць Лукашэнку, і ён мусіць пайсьці на саступкі. За 5 патронаў атрымаць 5 гадоў — гэта вельмі жорстка. Ён мусіць зразумець глупства гэтага прысуду. Мяркую, мусіць справа зрушыцца зь мёртвай кропкі, і да выбараў яго мусяць выпусьціць".

Таксама Ўладзімер Асіпенка заявіў, што падасьць скаргу ў пракуратуру з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу супраць сьледчых, якія фабрыкавалі ягоную і Аўтуховіча крымінальную справу. Тое, што суд не прызнаў абвінавачваньне ў падрыхтоўцы да тэракту, якое ім выставіла пракуратура, Уладзімер Асіпенка лічыць падставай для праверкі і магчымага завядзеньня справы супраць нядобрасумленных сьледчых. "У прававой краіне гэтак ня мусіць быць", — кажа Ўладзімер Асіпенка.

Уладзімер Асіпенка сказаў, што пасьля суду ня бачыў Мікалая Аўтуховіча, але чытаў пра яго ў "Народнай волі" і "Нашай ніве", якія можна было выпісаць у калёніі.

Даведка Свабоды
Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч і былы вайсковец Уладзімер Асіпенка, якіх абвінавачвалі ў падрыхтоўцы тэракту супраць высокапастаўленых чыноўнікаў, сваёй віны ў судзе не прызналі і заявілі, што іх перасьледуюць за антыкарупцыйную дзейнасьць. Абодва былі арыштаваныя 8 лютага 2009 году. Мікалай Аўтуховіч пакараны на 5 гадоў 2 месяцы зьняволеньня за незаконнае захоўваньне патронаў, Уладзімер Асіпенка атрымаў 3 гады за незаконнае абыходжаньне з зброяй. Былы міліцыянт Міхаіл Казлоў, якога таксама асудзілі па гэтай справе, у жніўні вызваліўся паводле амністыі пасьля году арышту.


Актывіст АГП Андрэй Бандарэнка вінаватым сябе не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. У прыватнасьці, помстай за ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году. Прадпрымальніка асудзілі на 6 гадоў з канфіскацыяй маёмасьці за крадзеж маёмасьці фірмы.
XS
SM
MD
LG