Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дэвальвацыя неабходная, але пакуль малаімаверная”


Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

12 лістапада, размаўляючы з жыхарамі Барысава, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Ніякай дэвальвацыі мы не плянуем». Ён дадаў, што гэтае пытаньне ўздымаюць «шарлатаны, для якіх, чым горш краіне, тым лепш для іх». Ці патрэбна сёньня дэвальвацыя для беларускай эканомікі? Ці могуць улады пайсьці на аслабленьне нацыянальнай валюты, нават разумеючы неабходнасьць такога кроку? На гэтыя пытаньні адказвае фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Цыганкоў: Наколькі адпавядае сёньняшні курс беларускага рубля задачам беларускай эканомікі, яе экспартнаму патэнцыялу? Іншымі словамі, ці патрэбная беларускай эканоміцы дэвальвацыя?

Чалы: Відавочна, што намінальны курс рубля завышаны. Гэта зразумела, і выражаецца ў выглядзе хранічнага адмоўнага замежнагандлёвага сальда — у верасьні гэтая розьніца склала мільярд даляраў. Натуральна, што ў гэтай сытуацыя такое нэгатыўнае сальда кажа пра тое, што цяперашні курс для эканомікі нявыгадны. Ён прыводзіць альбо да павелічэньня вонкавай запазычанасьці альбо да страты золатавалютных рэзэрваў менавіта на падтрыманьне такога курсу.

Таму мела б сэнс казаць, што дэвальвацыя ня столькі магчымая, колькі была б пажаданай для нашай эканомікі.

Цыганкоў: Ці могуць, аднак, улады цяпер пайсьці на дэвальвацыю — і з пункту гледжаньня палітычнага (прэзыдэнцкія выбары), і з пункту гледжаньня псыхалягічнага (як гэта адаб’ецца на паводзінах людзей)?
Добрага палітычнага рашэньня ўжо няма.

Чалы: Мне здаецца, што добрага палітычнага рашэньня ўжо няма. Па сутнасьці, мы вярнуліся ў тую сытуацыю, якая папярэднічала мінулай дэвальвацыі. У нас дэ-факта фіксаваны курс рубля і высокая ўнутраная інфляцыя, якая стане толькі вышэй з-за 50-працэнтнага росту заробкаў цягам гэтага году. Гэта толькі павялічвае дэвальвацыйны патэнцыял у будучыні.

Так што дэвальвацыя была б пажаданай, але, зь іншага боку, правесьці яе безь вялікіх стратаў ужо вельмі складана. Калі яе зрабіць так, як тады, у пачатку 2009 году, то можна згадаць, як потым цягам паўгода даводзілася вяртаць давер насельніцтва да нацыянальнай валюты і банкаўскіх укладаў у рублях. Другі такі раз гэта будзе зрабіць яшчэ цяжэй.

Цыганкоў: Атрымліваецца, што ва ўладаў вельмі вузкі калідор магчымасьцяў. Але ім давядзецца ж нешта рабіць?

Чалы: Так, несумненна. Я думаю, адзіная тут магчымасьць — наладзіць супрацоўніцтва з МВФ, каб нейкім чынам атрымаць экстранае фінансаваньне на падтрыманьне золатавалютных рэзэрваў. На выпадак магчымых спэкулятыўных атак і панік, якія непажаданыя і непатрэбныя ані ўладам, ані насельніцтву. Ды імкнуцца пераходзіць да іншага рэжыму фармаваньня абменнага курсу, бо зразумела, што доўга ў такой сытуацыі мы не працягнем. Бо давядзецца павялічваць доўг, і рана ці позна рабіць дэвальвацыю, але ўжо ў значна горшых умовах.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG