Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР’Е...


...кароткачасовыя дажджы, даволі моцны паўднёва-заходні вецер. Тэмпэратура: у суботу +6...+11; у нядзелю +7...+14.

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


13-14 лістапада ў Варшаве працягнуцца паседжаньні Парлямэнцкай асамблеі НАТО.

13 лістапада ў М’янме заканчваецца шматгадовы хатні арышт ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі міру, лідэра апазыцыі Аун Сан Су Чжы.

14 лістапада прэзыдэнт ЗША Барак Абама возьме ў дзел у саміце Арганізацыі азіяцка-ціхаакіянскага супрацоўніцтва ў Ёкагаме (Японія).

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


13 лістапада 1718 году нарадзіўся ангельскі палітык Джон Мантэгю, граф Сэндвіцкі. Ён быў заўзятым карцёжнікам і любіў пад’ядаць тонкім кавалкам мяса, пакладзеным між двума кавалкамі хлеба. Яго знаёмыя, а пасьля і ўвесь сьвет пачалі называць такую страву сэндвічамі.

13 лістапада 1836 году нарадзіўся Яраслаў Дамброўскі – адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, які па дарозе на катаргу ў Сыбір здолеў уцячы, апынуўся ў Парыжы, стаў генэралам Парыскай камуны і загінуў у баі з вэрсальцамі.

13 лістапада 1850 году нарадзіўся ангельскі пісьменьнік Робэрт Стывэнсан, які напісаў вядомы ўсім са школьных гадоў раман “Востраў скарбаў”.

13 лістапада 1915 году ў Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Заснавала яе Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Маршалкам Таварыства быў Вацлаў Іваноўскі, а ягонымі намесьнікамі – Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі.

14 лістапада 1812 гаду нарадзіўся беларускі паэт Паўлюк Багрым, які застаўся ў гісторыі і літаратуры адным вершам “Зайграй, зайграй, хлопча малы…”

14 лістапада 1812 году каля беларускай вёскі Студзёнка на беразе Бярэзіны пачаўся вялікі бой паміж напалеонаўскай арміяй і расейскім войскам. Бой цягнуўся 3 дні. Напалеон атрымаў паразу і страціў 70 тысяч чалавек. Нарабаванае імпэратарам золата, нібыта схаванае ў тых мясьцінах, дагэтуль не дае спакою скарбашукальнікам.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


13 лістапада Дыскусійна-аналітычная супольнасьць “Лібэральны клюб” праводзіць у Менску, у гатэлі “Эўропа” дыскусію “Праблемы беларускай ідэнтычнасьці”. Пачатак а 16-й гадзіне.

13 лістапада ў менскім палацы мастацтва адбудзецца канфэрэнцыя “660-годзьдзе вялікага князя Вітаўта і 600-годзьдзе Грундвальскай бітвы 1410 году”. Пачатак рэгістрацыі а 9-й раніцы.

14 лістапада ў Беларусь прыбывае чэскі палітык, эўрапейскі камісар у пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва Штэфан Фюле. У пачатку візыту Фюле плянуе сустрэцца з кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі.

МІНУС 365:


Год таму на сайце Свабоды: "Берасьцейшчына: новыя сьмерці ад пнэўманіі".

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:


Зайграй, зайграй, хлопча малы.
І ў скрыпачку і ў цымбалы.
А я зайграю ў дуду,
Бо ў Крошыне жыць не буду.

Бо ў Крошыне пан сярдзіты,
Бацька кіямі забіты,
Маці тужыць, сястра плача:
"Дзе ж ты пойдзеш, небарача?..."

Дзе ж я пайду? Мілы Божа!
Пайду ў свет, у бездарожжа,
У ваўкалака абярнуся,
З шчасьцем на вас азірнуся.

Будзь здарова, маці міла!
Каб ты мяне не нарадзіла,
Каб ты мяне не карміла,
Шчасьліўшая ты б была!

Каб я каршуном радзіўся,
Я бы без паноў абыўся:
У паншчыну б не пагналі,
У рэкруты б не забралі
І ў маскалі не аддалі.

Мне пастушком век ня быці,
А ў маскалях трудна жыці,
А я і расьці баюся,
Дзе ж я, бедны, абярнуся?

Ой, кажáне, кажанé!
Чаму ж ня сеў ты на мяне?
Каб я большы не падрос
ды ад бацькавых калёc.

Паўлюк Багрым
XS
SM
MD
LG