Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мяняюцца грамадзкія настроі?


Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў надрукаваў першыя вынікі кастрычніцкага сацыялягічнага апытаньня. Як уплывае на грамадзкія настроі рост заробкаў і пэнсій? Як мяняюцца рэйтынгі кандыдатаў у прэзыдэнты? Ці ёсьць зьмены ў геапалітычнай арыентацыі беларусаў?


Удзельнікі: палітолягі Сяргей Нікалюк і Уладзімер Падгол.

Сяргей Нікалюк
Уладзімер Падгол
Валер Карбалевіч

Як уплывае на грамадзкія настроі рост заробкаў і пэнсій?


Валер Карбалевіч: «Фактычна галоўным пунктам перадвыбарнага мэсыджу Лукашэнкі зьяўляецца рост сярэдняга заробку да 500 даляраў і падвышэньне пэнсій. Як паўплывала гэтая, як кажуць паліттэхнолягі, „раздача сланоў“ на грамадзкія настроі?»

Сяргей Нікалюк: «Увогуле да вынікаў сацыялягічных дасьледаваньняў трэба ставіцца без фанатызму і не разумець іх літаральна. Па вялікім рахунку гэта матэрыял для далейшага аналізу.

Апошнія дасьледаваньні зафіксавалі пэўную зьбянтэжанасьць у беларускім грамадзтве. Таму што на насельніцтва адначасова дзейнічалі супярэчлівыя чыньнікі. Пачалася актыўная агітацыя ў дзяржаўных СМІ за Лукашэнку. Пачаўся рост заробкаў, пэнсіяў. А зь іншага боку, пачалася інфармацыйная вайна з Расеяй. Плюс рост цэнаў на хадавыя тавары».
І ў людзей узьнікае адчуваньне, што хутка ўсё гэта лясьнецца.


Карбалевіч: «А як вы патлумачыце такі паказчык, калі 41% грамадзян лічаць, што павышэньне заробкаў адмоўна паўплывае на эканоміку Беларусі?»

Нікалюк: «У грамадзтве існуюць трывожныя чаканьні. Людзі разумеюць, што пасьля выбараў праблемы ня скончацца, а працягнуцца».

Уладзімер Падгол: «Павышэньне заробкаў выклікала супярэчлівае стаўленьне ў грамадзтве. Розныя слаі насельніцтва па-рознаму рэагуюць на гэта. Цяперашняя сытуацыя нагадвае СССР, калі людзям абяцалі хуткі камунізм. Вось у праекце асноўных кірункаў разьвіцьця краіны на наступную пяцігодку адзначана, што Беларусь праз пяць год выйдзе на ўзровень сярэднеэўрапейскай краіны. І ў людзей узьнікае адчуваньне, што хутка ўсё гэта лясьнецца»

Рэйтынг Лукашэнкі


Карбалевіч: «Рэйтынг Лукашэнкі вырас: 44% па адкрытым пытаньні, 48,2% — па закрытым пытаньні. То бок, ён набліжаецца да патрэбнай мяжы ў 50%. У чым прычыны росту?»

Нікалюк. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах за Лукашэнку прагаласавала каля 60%, а ў 2001 годзе — каля 50%. Думаю, цяпер у яго ёсьць шанцы атрымаць на ўзроўні 55%. Беларускае грамадзтва расколатае на дзьве групы з устойлівымі характарыстыкамі«.

Падгол: «Пакуль моцную агітацыйную кампанію вяла толькі каманда Лукашэнкі. Дзяржаўныя СМІ хваляць Лукашэнку і дзяўбуць яго апанэнтаў. Апазыцыйныя кандыдаты нічога не рабілі, каб узрушыць грамадзтва, захапіць яго».

Рэйтынгі апазыцыі


Карбалевіч: «Наколькі моцна вырасьлі рэйтынгі апазыцыі?»

Нікалюк: «У беларускай апазыцыі ёсьць свой электарат, які дастаткова ўстойлівы. У залежнасьці ад дзеяньняў канкрэтных апазыцыйных палітыкаў, ён пераразьмяркоўваецца паміж імі, унутры гэтага электарату. Вось, напрыклад, дасюль Някляеў ня быў палітычнай фігурай, а цяпер у яго закрыты рэйтынг каля 17%. То бок, можна зь нічога стварыць у Беларусі палітыка, але толькі ў рамках апазыцыйнага поля».
Можна зь нічога стварыць у Беларусі палітыка, але толькі ў рамках апазыцыйнага поля.


Падгол: «Рост рэйтынгу апазыцыйных палітыкаў дзіўны. Бо яны нічога ня робяць, каб мільёны людзей войкнулі і ахнулі. І, маўляў, вось наш кандыдат. Напрыклад, апазыцыі трэба было патрабаваць хутчэйшай ратыфікацыі пагадненьня Беларусі з Польшчай, Літвой, Латвіяй аб спрошчаным прымежным руху. Гэта тычыцца 2,5 мільёнаў беларусаў. Ці апазыцыйныя кандыдаты не разумеюць, ці ня маюць сродкаў, ці баяцца, што іх не зарэгіструюць».

Карбалевіч: «А як жа тая эйфарыя, якая ўзьнікла ў апазыцыйным асяродзьдзі пасьля збору подпісаў? Маўляў, чэргі, якія ствараліся калі пікетаў апазыцыйных кандыдатаў, сьведчаць пра пералом у грамадзкіх настроях, якія шукаюць альтэрнатыву».

Падгол: Таму што ўлады гэта дазволілі. Гэта той жа апазыцыйны электарат, які выйшаў на вуліцу бяз страху. Вось на што я зьвярнуў увагу. На пікетах Лукашэнкі былі надпісы: «За вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты Ал. Лукашэнкі». А на пікетах апазыцыйных кандыдатаў было проста напісана «За Някляева», «За Раманчука». І шмат людзей не разумелі, што гэта за людзі, і чаго яны хочуць. Можа, яны няшчасныя і просяць матэрыяльнай падтрымкі? Падыходзілі толькі ангажаваныя людзі«.

Геапалітычная арыентацыя


Карбалевіч: «Ці ёсьць зьмены ў геапалітычнай арыентацыі беларусаў?»

Нікалюк: «Зьмены ў грамадзкай думцы — гэта, як правіла, рэакцыя на бягучыя падзеі, пра якія кажуць мэдыі. Пачалася інфармацыйная вайна паміж Менскам і Масквой, і адразу зьменшылася колькасьць людзей, арыентаваных на інтэграцыю з Расеяй і павялічылася колькасьць жадаючых уступіць у ЭЗ. Але гэта ня значыць, што павялічылася колькасьць людзей з эўрапейскімі каштоўнасьцямі. Пад узьдзеяньнем дзяржаўных мэдыяў улада можа хутка памяняць гэтыя суадносіны».

Падгол: «Кропля дзяўбе камень, то бок мазгі нашых выбарцаў. Людзі бачылі, што ў Беларусі канфлікт з Расеяй і адначасова ў Менск прыяжджаюць эўрапейскія палітыкі. Адсюль абываталь робіць высновы. І ў пляне на наступную пяцігодку арыенцірам служыць менавіта ўзровень эўрапейскіх краін».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG