Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Расейская — гэта мова паноў, але ж ніхто ня хоча быць халопам”


Як вы ставіцеся да таго, што кіраўнік вобласьці Шапіра пачаў весьці нарады па-беларуску? Да чаго гэта можа прывесьці? Ці дапаможа гэта палепшыць становішча мовы? Адказы гарадзенскіх мінакоў.

Малады спадар: «Вядома, дапаможа. Я сам вучыўся ў 1990-я гады на беларускай мове і размаўляў на ёй, а цяпер падбіраеш словы. Вядома, патрэбна мова, бо безь яе мы не народ, мы і так ужо частка Расеі, груба кажучы».

Спадар: «Вы ведаеце, я сам расіянін, але я думаю, што беларуская мова мусіць прысутнічаць больш у Беларусі. Таму што вельмі мала гучыць беларуская мова, я вось тут жыву два гады. Яна павінна больш гучаць».

Маладая спадарыня: «Нам бы хацелася, каб беларуская мова ў нас у Беларусі была нашай дзяржаўнай мовай…»

Спадар: «Думаю, што так, дапаможа разьвіцьцю мовы».

Ягоны прыяцель: «А я сам з Расеі, але беларускую мову разумею, мне ўсё роўна на якой мове размаўляюць».

Малады спадар: «Калі адзін чалавек зацікавіўся, гэта яшчэ нічога ня значыць, нават калі ён займае нейкія высокія пасады. Яму патрэбна цэлая каманда, якая займалася б тым жа і тым жа была зацікаўленая. Я думаю, усё-ткі ў нашай краіне беларускай мовай цікавяцца, але ня так, як хацелася б, ня так яна моцна патрэбна людзям».

Спадарыня: «Я думаю, дапаможа, паколькі ён стаіць на чале нашай улады, ён дае прыклад, таму, напэўна, будзе посьпех».

Спадарыня: «Дай Бог, каб скончылася посьпехам, беларусы ж мы ўсё-ткі».

Малады спадар: «Згодны: дай Бог! Але хутчэй гэта адштурхне, чым прывабіць. Таму што ніколі тое, што прымушаюць рабіць, ня будзе нармальным. Карацей, калі чалавек хоча гаварыць па-расейску, хай гаворыць, хоча па-беларуску — калі ласка. Гэта справа кожнага чалавека, як ён хоча. Прымушаць нікога нельга».

Сталы спадар: «Беларуская мова ў Горадні даўно не жыве і жыць ня будзе пры любых умовах. Таму што тут усё законнае топчуць. Беларуская мова —дзяржаўная, але на ёй ніхто не размаўляе, у тым ліку і чыноўнікі. Шапіра нічога ня можа зрабіць, ён і ня зробіць».

Спадар: «Гэта не дапаможа мове ніяк, я так думаю. Напэўна, трэба адбыцца нацыі. Беларусь — такое скрыжаваньне, якое русіфікавалі, палянізавалі, саветызавалі. І якая там ужо мова? На жаль. Я размаўляю па-расейску, хаця нарадзіўся тут. Вось украінцы гэта здолелі, суседзі-літоўцы таксама. А як беларуская адбудзецца, калі савецкая ўлада вырашыла сваім часам, што расейская — гэта мова паноў, а ўсе астатнія — мовы халопаў? Але ж ніхто ня хоча быць халопам (сьмяецца). Кожны халоп марыць закусіць сваім начальнікам, сваім панам, таму хутка закусяць Шапірам».
XS
SM
MD
LG