Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Апублікаваны даклад Эўрапейскага маніторынгавага цэнтру па наркотыках і наркаманіі. Што тычыцца Беларусі, якая суседнічае з краінамі Эўразьвязу, то дасьледчыкі адзначаюць у ёй прыкметны рост ужываньня опіюмных наркотыкаў, пачынаючы з 2008 году.

Паводле афіцыйных зьвестак, пераважная большасьць беларускіх наркаманаў, што стаяць на ўліку ў наркалягічных дыспансэрах, ужываюць цяжкія наркотыкі марфінавага тыпу. Гэта ў асноўным опіюм саматужнага вырабу і гераін.

Супрацоўнік Упраўленьня па наркакантролі і процідзеяньню гандлю людзьмі МУС Беларусі паведаміў:

«Безумоўна, цяпер пераважаюць наркотыкі расьліннага паходжаньня. Гэта мак, гэта марыхуана, гэта тое, што практычна расьце на нашай тэрыторыі».

Галоўны лекар Менскага гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка распавёў, што опіюмныя наркотыкі, якія цяпер пераважаюць на беларускім рынку — саматужнай вытворчасьці:

«Гэта макавае насеньне. Зьвязана гэта ў першую чаргу з тым, што Ўпраўленьне па незаконным абароце наркотыкаў, напэўна, добра прыціснула пастаўку гераіну. Гераін ідзе ў Беларусь у вельмі невялікай колькасьці і няякасны. Таму нашы айчынныя наркаманы аддаюць перавагу прадукцыі саматужнай, уласнай вытворчасьці».

З выгляду гэта звычайны кандытарскі мак, які потым насычаецца алькалёідамі опіюму. Але падчас апрацоўкі з дапамогай хімічных рэчываў так званыя «бубкі» пераўтвараюцца ў наркотык з узьдзеяньнем, падобным да гераіну. Паводле статыстыкі мэдыкаў і праваахоўных органаў, «бубкі» цяпер — самы папулярны ін’екцыйны наркотык у Беларусі. Па ўзьдзеяньні на арганізм ён нічым не адрозьніваецца ад іншых наркатычных рэчываў, тлумачыць Сяргей Малочка, галоўны лекар сталічнага наркадыспансэру:

«Да апіёідаў належыць і гераін, і мэтадон. Макавая саломка раней была, цяпер насеньне. Гэта ўсё адна і тая ж група. Працяглае ўжываньне — гэта аслабленьне імунітэту, гэта разьвіцьцё паралельных інфэкцыяў, такіх, як ВІЧ, гепатыты. І, адпаведна, ускладненьні — захворваньні сасудаў, венаў. Нічога не зьмянілася ў гэтым узьдзеяньні»
а дзесяцігодзьдзе колькасьць наркаманаў у Менску патроілася.
.

У міліцыі прызнаюць, што праблема даступнасьці гэтага наркотыку існуе, але не пагаджаюцца, што так лёгка набыць «бубкі» на звычайных рынках. Меркаваньне прэсавага сакратара Ўпраўленьня ўнутраных спраў Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага:

«Наагул, праблема „бубак“ ёсьць як наркатычнага рэчыва. „Бубкі“ — гэта, напэўна, самы даступны наркотык. Менавіта з гэтай прычыны праблема ёсьць. Але такія страхі, як журналіст апісвае — такога няма, занадта фрывольная трактоўка журналіста».

У той жа час выказваньні на форумах сьведчаць пра даступнасьць так званых «бубак». На пачатку году ў Беларусі заканадаўча забаронены шэраг сумесяў для паленьня, кшталту «спайсу». Да «бубак» пакуль чарга не дайшла. Між іншым, колькасьць наркаманаў у Менску расьце, сьведчыць галоўны лекар гарадзкога наркалягічнага дыспансэру Сяргей Малочка:

«Рост ідзе, і рост пастаянны. За дзесяцігодзьдзе колькасьць наркаманаў у Менску патроілася. Было крыху больш за 2 тысячы, цяпер 6,5 тысяч».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG