Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джэнтэльмэнскае пагадненьне Някляева і Саньнікава


Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў
Андрэй Саньнікаў і Ўладзімер Някляеў
Сёньня два апазыцыйныя кандыдаты на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў заявілі пра дамову аб каардынацыі дзеяньняў у часе выбарчай кампаніі. Дамова зьяўляецца джэнтэльмэнскай, як паведамілі самі кандыдаты.

Уладзімер Някляеў канстатаваў, што ўжо сёньня прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі можна прызнаць і несвабоднымі, і несправядлівымі. Тым ня меней іх дамова з Андрэем Саньнікавым накіраваная на супрацоўніцтва дзеля перамогі на іх, дзеля таго, каб 19 сьнежня беларусы «сьвяткавалі перамогу над рэжымам, які затрымаўся на іх зямлі занадта доўга».

«Ёсьць аб’ектыўная рэальнасьць. Можа хто як заўгодна надзімаць шчокі, казаць, што ад яго залежыць далейшы лёс Радзімы, толькі ён зь ягонай партыяй ці рухам ведае дакладную стратэгію, валодае дакладнай тактыкай. Але аб’ектыўна, што на сёньняшні дзень па ўсіх дасьледаваньнях, электронных, папяровых, навуковых, ненавуковых, ёсьць два лідэры: Саньнікаў і Някляеў. І мацнейшыя вырашылі аб’яднацца. Таму што са слабейшымі не атрымліваецца».

У чым будзе палягаць каардынацыя і супрацоўніцтва двух кандыдатаў, распавёў Андрэй Саньнікаў:

«Мы вызначылі галіны, у якіх будзе праводзіцца гэтае супрацоўніцтва. Перш за ўсё гэта барацьба супраць фальсыфікацыі выбараў, і гэта ўключае барацьбу зь незаконнымі дзеяньнямі ўладаў, гэта ўключае адстойваньне выбару народу. Гэта сумесная агітацыйна-інфармацыйная дзейнасьць. І гэта сумесныя падыходы і супольная міжнародная дзейнасьць».



Спадар Саньнікаў дамову зь Някляевым назваў выкананьнем наказаў выбарцаў, якія заклікалі апазыцыйных лідэраў да згуртаваньня, і запэўніў, што будзе і далейшая кансалідацыя.
Калі вы чакаеце, што мы вам зараз скажам, хто з нас будзе прэзыдэнтам, а хто прэм’ер-міністрам, то не дачакаецеся.

Уладзімер Някляеў зазначыў, што тыя дамоўленасьці, якія былі ў яго зь іншымі апазыцыйнымі кандыдатамі, пасьля збору подпісаў скончыліся і цяпер ужо ў яго няма часу ў гэтым разьбірацца. А з Саньнікавым кампрамісу яны дасягнулі, хаця пакуль не пра ўсё могуць сказаць:

«Калі вы чакаеце, што мы вам зараз скажам, хто з нас будзе прэзыдэнтам, а хто прэм’ер-міністрам, то не дачакаецеся, бо ўсе нашыя двухбаковыя дамоўленасьці палягаюць у тым, што мы будзем адсочваць далейшае разьвіцьцё падзей. І ў залежнасьці ад таго, як яны будуць разьвівацца, будзем прымаць нашыя двухбаковыя рашэньні».

Размовы пра магчымасьць зьняцьця з выбараў аднаго з кандыдатаў на карысьць іншага няма, паведаміў Андрэй Саньнікаў:

«Мы не разглядаем магчымасьці зьняцьця, мы разглядаем магчымасьць правядзеньня моцнай і эфэктыўнай кампаніі. Мы разглядаем магчымасьць супрацоўніцтва, узмацненьня гэтага супрацоўніцтва, мабілізацыі людзей».

Свае дамоўленасьці Саньнікаў і Някляеў назвалі «джэнтэльмэнскім пагадненьнем». Што да магчымасьці далучэньня да тандэму іншых апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта, то Ўладзімер Някляеў сказаў:

«Вунь дзьверы незачыненыя, бачыце? Заходзьце, калі ласка».

І Ўладзімер Някляеў, і Андрэй Саньнікаў адхілілі закіды, што яны стварылі нейкі «прарасейскі блёк», аднак прызналі, што вітаюць галасы з Расеі на падтрымку апазыцыі і супраць Лукашэнкі.






Іншыя апазыцыйныя кандыдаты адрэагавалі на заяву Саньнікава і Някляева стрымана.

Віталь Рымашэўскі з БХД: «Я пакуль што тандэму ня бачу, я бачу звычайны піяр. Стаўлюся да гэтага як да піяр-выступу. Ніякіх канкрэтных прапаноў ні ад каго да нас не паступала. БХД выступае за адзінства, і не на словах, а на справах, па 24 лістапада мы дамагліся, каб хоць некаторыя кандыдаты былі разам, па „Новаму жыцьцю“ заяву супольную прынялі, на 19 сьнежня мы заклікаем на плошчу, і мы яе арганізуем ужо зараз. А да сёньняшняй заявы я стаўлюся, як да заявы. Пакуль за ёю ніякай канкрэтыкі ня бачна».

Мікола Статкевіч паведаміў, што прапановаў далучыцца да кампаніі Някляева-Саньнікава яму таксама не было:

«Але я вельмі рады, што хаця б частка кандыдатаў хоць неяк каардынуецца. Нядаўна Эўрапейская кааліцыя прапанавала ўтварыць Раду дэмакратычных кандыдатаў якраз для каардынацыі, для выпрацоўкі хаця б нейкай агульнай стратэгіі. Чамусьці ўсе разам аб’ядноўвацца людзі ня хочуць, хочуць, як кажуць, групамі. Што ж, лепш гэта, чым нічога».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG